Штраф за «выказванне пратэсту зефіркай»

Суд Жодзіна пакараў 75-гадовую Іраіду Міско штрафам у 20 базавых, бо, як засведчыў капітан міліцыі, яна «выказвала пратэст зефіркай». А ўвечары ў хату да Іраіды Міско прыйшлі міліцыянты і забралі кампутар, паведамляе EX-PRESS.BY.



Іраіда Міско. Фота Марата Белага, EX-PRESS.BY

Два дні ў Жодзінскім гарадскім судзе разглядалі справу ў дачыненні да 75-гадовай Іраіды Міско па фактах яе ўдзелу ў незарэгістраваных масавых мерапрыемствах. Шэсць пратаколаў прадставілі ў суд жодзінскія міліцыянты. Яны здымалі пенсіянерку на відэа каля крамы GREEN — па кожным з пратаколаў праходзіла разбіральніцтва.

75-гадовая Іраіда Міско, кандыдат сельскагаспадарчых навук,  больш за 40 гадоў займалася навукай у НДІ земляробства і раслінаводства НАН Беларусі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня яна пастаянна выходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.

Іраіда Міско упэўненая, што права выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю ёй гарантаванае Канстытуцыяй. Пра гэта яна распавядала на адным з папярэдніх пасяджэнняў суда.

Гэтым раз у судзе супраць Іраіды Васільеўны сведчылі супрацоўнікі аддзялення аховы грамадскага правапарадку лейтэнант Яўген Вайніловіч, намеснік начальніка гэтага аддзялення капітан міліцыі Зоя Кукушкіна, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх маёр Дзмітрый Кракоўскі, капітан міліцыі Яўген Сямашка, а таксама ўчастковы Аляксандр Папчын.

Міліцыянты прадставілі суду фота і відэа з выявай Іраіды Міско. На адной з фатаграфій Іраіда Васільеўна трымае ў руцэ пасцілу бел-чырвона-белага колеру. "Гэта так яна выказвае пратэст. Зефіркай", — пракаментаваў суду капітан міліцыі Яўген Сямашка.

 

Пасціла з таго самага крамы GREEN. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 

Суд згадзіўся з пазіцыяй міліцыянтаў і іх доказамі і пакараў Іраіду Васільеўну штрафам у 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Пасля судовага пасяджэння Іраідзе Міско паведамілі, што на яе ў міліцыі ёсць і іншыя пратаколы. А ў другой палове дня ў яе кватэру прыйшлі супрацоўнікі ГАУС. Яны правялі агляд і канфіскавалі кампутар.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: