Шукаюць грошы на новы самалёт. Прэс-сакратар Лукашэнкі пра ягоны авіяпарк

Прыватны бізнес-самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ «не мае ніякага дачынення да прэзідэнта». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.
Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кыргызстану, 2016 год 

Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кыргызстану, 2016 год 


Паводле тэлеграм-канала Nexta, у Лукашэнкі з’явіўся прыватны бізнес-джэт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ. Са спасылкай на крыніцы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» NEXTA сцвярджае, што новы самалёт упершыню прыбыў у Мінск яшчэ ў другой палове верасня. Самалёт купіла прыватная аўстрыйская кампанія і перагнала яго ў Менск.

Свой пакуль адзіны рэйс гэты самалёт з колерамі дзяржаўнага сцяга зрабіў у Варшаву. Кошт бізнес-самалёта, паводле каталога, складае $61,5 мільёна, піша тэлеграм-канал.

«Ні асабістых, ні прыватных самалётаў у прэзідэнта Беларусі ніколі не было, няма і цяпер. І, хутчэй за ўсё, не будзе — зыходзячы з той цаны, якую вы назвалі», — сказала Наталля Эйсмант.

 

Колькі ж самалётаў налічваецца ў авіяцыйным парку Аляксандра Лукашэнкі?

 

«Што тычыцца дзяржаўнага самалёта, якім цяпер карыстаецца падчас замежных візітаў кіраўнік дзяржавы, магу вас паінфармаваць: ён даўно выпрацаваў свой рэсурс, тэрміны эксплуатацыі выйшлі. І сёння якраз стаіць пытанне, дзе знайсці сродкі на набыццё новага дзяржаўнага самалёта. Але грошай на гэтыя мэты пакуль няма, хоць і прапановы ад авіякампаній паступалі.

І, дарэчы, яшчэ пра самалёт, які цяпер выкарыстоўваецца. Нагадаю, што на момант куплі ён ужо быў “былым у эксплуатацыі”. Яго куплялі ў прэзідэнта Туркменістана за паўцаны», — сказала Наталля Эйсмант.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта карэспандэнту Свабоды сказалі, што не маюць інфармацыі пра самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ і параілі звярнуцца ў прэзідэнцкую прэс-службу.

 

На чым лятаў Лукашэнка?

Самалёт, якім карыстаецца Лукашэнка ў замежных паездках, — Воeing 767, куплены ў Туркменістане 7 гадоў таму. Ён належаў былому прэзідэнту гэтай краіны Сапармурату Ніязаву. Гэтай машыне ўжо 14 гадоў.

А вось верталёту, якім дагэтуль Аляксандр Лукашэнка карыстаўся найчасцей, ужо 23 гады — гэта верталёт Мі-172 (мадэрнізаваны Мі-8АМТ) з бартавым нумарам EW-002DA. Гэты верталёт быў адмыслова выраблены на Казанскім верталётным заводзе (Расія), 20 гадоў таму ягоны кошт быў каля 4 мільёнаў долараў.

 

Верталёт Мі-172 з Аляксандрам Лукашэнкам на борце ля месца правядзення вайсковых вучэнняў «Захад-2017» у Барысава. 20 верасня 2017 года

Таксама Аляксандр Лукашэнка падчас свайго кіравання карыстаўся верталётам Мі-8 з бартавым нумарам EW-001DA і Мі-8 з бартавым нумарам EW-25049. Дарэчы, калі італьянскі верталёт AW139 пройдзе рэгістрацыю, ягоны нумар таксама будзе пачынацца на EW — гэта авіяцыйны код Беларусі.

Да самалёта Boeing 767 Аляксандр Лукашэнка карыстаўся больш сціплай мадэллю — Boeing 737, а яшчэ раней — савецкім самалётам Ту-154 у VIP-кампаноўцы, які быў куплены новым у 1995 годзе. Гэты самалёт выстаўлялі на продаж.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: