Таццяна Процька: Томас, які атрымалі ўкраінцы, маюць права атрымаць і беларусы

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ўтваралася як неад’емная частка духоўнага жыцця нацыянальнай беларускай дзяржавы — тое, што пасля было разбурана і страчана.

Таццяна Процька

Аўтакефалія як этап развіцця

15 снежня ў Мінску адбыўся сход, на якім абралі аргкамітэт па стварэнні грамадскай арганізацыі «Менскае Хрысціянскае Брацтва», якая злучае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Яно імкнецца пашыраць веды пра гісторыю беларускай царквы, распаўсюджваць беларускамоўныя богаслужэнні. Старшынёй аргкамітэту абраны святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы протаіярэй Леанід Акаловіч, Ганаровым пажыццёвым старшынёй прызначаны прафесар, доктар гістарычных навук Леанід Лыч, Уганараванай сапраўды заслужанай дарадцай — кандыдат філасофскіх навук Таццяна Процька, скарбнік — Сяргей Тарасенка, сакратар — Генадзь Кокар, харугваносцы — Леанід Ачапоўскі, Алесь Мартысевіч, Іларыён Трусаў.

Чытайце таксама: «Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

Брацтва пераследуе не толькі рэлігійныя, але і навуковыя мэты. Сярод тых, хто ўжо ладзіў і будзе ладзіць лекцыі, — Алесь Жлутка, прафесар Мікола Савіцкі, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў.



Падчас сходу аргкамітэту МХБ адбылася ўрачыстасць: Таццяну Процька, якая, апроч іншага, з’яўляецца фізікам, праваабаронцай, даследчыцай гісторыі савецкіх рэпрэсій і Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама аўтаркай «Новага Часу», уганаравалі ордэнам Мелхіседэка ІІ ступені. Таццяна Процька — адна з першых даследчыкаў асобы мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага), заснавальніка БАПЦ. Яна стала першай жанчынай, якая атрымала гэтую ўзнагароду.

Айцец Леанід Акаловіч узнагароджвае Таццяну Процька ордэнам Мелхіседэка ІІ ступені

Айцец Леанід Акаловіч узнагароджвае Таццяну Процька ордэнам Мелхіседэка ІІ ступені


— Наяўнасць у Беларусі ордэна Мелхіседэка, успамінаў пра яго, сведчыць, што беларусы ў сваім развіцці сталі на новую ступень. Ушанаванне памяці людзей, якія дбалі аб духоўным жыцці асобнага чалавека і нацыі, ахвяруючы сваім жыццём, гаворыць пра тое,што нацыя сталее, — зазначыла Таццяна Процька.

Ордэн Мелхіседэка ІІ ступені

Ордэн Мелхіседэка ІІ ступені

Яна распавяла пра гісторыю заснавання БАПЦ у ХХ стагоддзі і пра тое, якую ролю адыграў у ім мітрапаліт Мінскі і Беларускі Мелхіседэк.

Праваслаўе ў свеце мае своеасаблівую структуру. У ёй ёсць так званая Усяленская царква, якая складаецца з памесных незалежных цэркваў, якія называюцца аўтакефальнымі. Іх на сённяшні дзень налічваецца 15. Спіс гэтых цэркваў называецца дыптых. Таксама ёсць дыптых Маскоўскага патрыярхату, які таксама ўключае ў сябе 15 цэркваў.  

З 1961 года праваслаўныя ў свеце ставілі пытанне аб скліканні Усяленскага сабора. У 2016 годзе такі сабор адбыўся, на ім вызначылі тры галоўныя пытанні для абмеркавання: пытанні дыптыху, календару і ўтварэння аўтакефаліі. Аднак РПЦ не пагадзілася з тым, каб уключыць у працу Сабора пытанне аўтакефаліі, і яно так і засталося нявырашаным. І цяпер беларусы, апроч агульных праблем праваслаўя, маюць яшчэ і сваю асабістую праблему аўтакефаліі, мяркуе Таццяна Процька.

Выступае Таццяна Процька

Выступае Таццяна Процька

 Томас, які атрымалі ўкраінцы, маюць права атрымаць і беларусы. Канстанцінопальскі патрыярх сказаў, калі беларусы захочуць, гэтае пытанне будзе разглядацца, — зазначыла яна.


Чытайце таксама: Бог адзін. Толькі чаму Ён рускі?

І гэта было б цалкам натуральна, бо адна з адметнасцяў беларускай аўтакефеліі ў тым, што гэтая ідэя была рэалізаваная не як плод утварэння дзяржавы ці нечай харызматычнай думкі — гэта была частка развіцця нашага народа.

Царква — для чалавека

Будучы мітрапаліт Мелхіседэк быў накіраваны служыць у Грузію, з 1914 года ён быў рэктарам Тыфліскай духоўнай семінарыі. У той час у Грузіі віравалі настроі аддзялення ад РПЦ. Калі Мелхіседэк прыехаў у 1919 годзе ў Беларусь на Вялікдзень і зайшоў у кафедральны сабор, на службе прысутнічала толькі 6 чалавек. Гэта зрабіла на яго вялікае ўражанне. Ён знайшоў прыхільнікаў і разам з імі стаў аднаўляць не толькі царкву, але — веру.

Калі савецкая дзяржава абвясціла аб аддзяленні царквы, Мелхіседэк ухваліў гэты крок. Не змешваць інтарэсы дзяржавы і цвёрда памятаць пра тое, што павінна рабіць царква для людзей — адзін з прынцыпаў, які Мелхіседэк пакінуў нашчадкам. Паводле яго, царква павінна існаваць не сама для сябе, не для ўмацавання дзяржавы, а для чалавека.

Мелхіседэк (Паеўскі)

Мелхіседэк (Паеўскі)

Мелхіседэк даў дазвол спяваць у царкве па-беларуску, хоць у тыя часы было вельмі складана прасоўваць нацыянальныя пытанні. Увогуле, БАПЦ утваралася як неад’емная частка духоўнага жыцця нацыянальнай беларускай дзяржавы — тое, што пасля было разбурана і страчана.

Мітрапаліт пакінуў нам у спадчыну разуменне таго, як павінна функцыянаваць царква: галоўную ролю ў гэтай сістэме адыгрывае не іерархія, а прыход. Самі людзі павінны арганізоўваць прыхадское жыццё і вырашаць царкоўныя пытанні.

Рэлігія пад вокам ГПУ

Калі пачаўся поўны развал праваслаўя, Мелхіседэк шукаў шляхі захавання веры ў часы афіцыйнага атэізму. Было вырашана стварыць аўтаномію. Гэта таксама форма адасобленасці, але пры ёй аўтаномная царква падпарадкоўваецца Царкве-маці.

У тыя часы Расійская праваслаўная царква падзялілася на аднаўленцаў і ціханаўцаў: тыя, хто хацеў абнаўлення царкоўнага жыццыя, і тыя, хто падтрымліваў патрыярха. Але савецкая ўлада баялася інстытута царквы, бо ён быў моцна кансалідаваны. У ГПУ быў створаны спецыяльны аддзел, які падпарадкоўваўся вышэйшаму кіраўніцтву і дзейнічаў ва ўмовах строгай сакрэтнасці. Каб парушыць царкоўную кансалідацыю, улады вырашылі падтрымліваць то адных, то другіх. І вось савецкая сістэма падтрымала аднаўленцаў, а патрыярхальную царкву не зарэгістравала.

У гэтым становішчы беларусы спачатку абвясцілі аўтаномную царкву, і пасля 1922 года Мелхіседэк пачаў рыхтаваць аўтакефалію.

У 1926 годзе адбыўся найбольшы ўздым нацыянальнага развіцця беларускай дзяржавы. На зладжанай тады акадэмічнай канферэнцыі, куды запрасілі вядомых беларусазнаўцаў, вучоных, пісьменнікаў, вырашылі, што беларуская мова павінна перайсці на лацінку, бо гэта рабіла беларусаў бліжэйшымі да Еўропы і спрыяла развіццю нацыі. Але гэта стала апошняй кропляй, пасля якой пачалося фабрыкаванне справы «Саюза вызвалення Беларусі». Па працэсе праходзіла 117 чалавек. Толькі пяцёра з іх пазбеглі суда, астатніх асудзілі і выслалі. У 1937 годзе, калі тэрміны высылкі скончыліся, многіх з іх асудзілі паўторна і расстралялі.
Калі кіраўніком Беларусі стаў нацыянал-камуніст Чарвякоў, ён паабяцаў падтрымаць аўтакефалію. Узначаліць царкву павінен быў япіскап Мелхіседэк. Але перад самым ад’ездам з Масквы яго раптоўна затрымалі. Спачатку доўга не прад’яўлялі абвінавачванне, потым абвінавацілі ў тым, што ён выкарыстоўваў веруючых дзеля антысавецкай прапаганды.

Тым часам будучы патрыярх Сергій, тады намеснік месцаблюсціцеля патрыярха, пагадзіўся выступіць у падтрымку савецкай улады. Аўтакефалію забаранілі, пачаліся арышты. Але беларускія святары паспелі правесці сход і абвясціць аўтакефалію. Кіраўніком царквы абралі Мелхіседэка. Сход прыняў рашэнне звярнуцца да Чарвякова, каб той даў яму дазвол прыехаць у Беларусь. Але ён так і не вярнуўся, бо не мог зрабіць гэта адкрыта.

Абраз мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка аўтарства Генадзя Драздова

Абраз мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка аўтарства Генадзя Драздова

Лёс першага абвяшчэння аўтакефаліі ў 1927 годзе быў трагічны. Канстанцінопальскі патрыярх падтрымаў аднаўленцаў. Япіскапы, высвечаныя для аўтакефаліі, былі арыштаваныя, некаторыя з іх зракліся ідэі незалежнай царквы. Але да 1937 года ніхто з іх не дажыў. Органы НКУС арганізавалі справу «БАПЦ», якая цяпер захоўваецца ў архіве КДБ. У другі раз беларуская аўтакефалія зноў была абвешчаная падчас вайны ў 1942 годзе.

Запаветы мітрапаліта Мелхіседэка

У гонар жа мітрапаліта Мелхіседэка ў Мінску на сцяне дома ў архіярэйскім падвор’і вісіць мемарыяльная дошка. З’явілася яна дзякуючы ў тым ліку намаганням Таццяны Процька, якая асабіста звярнулася з такой просьбай да мітрапаліта Філарэта.

Адкрыццё памятнай дошкі мітрапаліту Мелхіседэку ў Мінску ў траўні 2011 года

Адкрыццё памятнай дошкі мітрапаліту Мелхіседэку ў Мінску ў траўні 2011 года


 Вельмі важна, каб успамін пра Мелхіседэка быў не проста ўспамінам пра адметнага дзеяча. А каб мы ўзгадвалі яго праз ягоныя запаветы. Людзі, якія яго памяталі, казалі, што ад яго сыходзіла любоў. Гэта ён даў нам у запавет: любіць сябе самога, свайго бліжняга як сябе самога, а Бога любіць яшчэ больш, чым сябе самога і свайго бліжняга, — падкрэсліла Таццяна Процька.

Казалі, мітрапаліт Мелхіседэк так шмат маліўся, што ў яго на каленях былі мазалі, як на падэшвах ног. Пра яго смерць пісалі, што яна была «шыкоўная». У 1931 годзе Сергій запрасіў высланага ў Краснаярск Мелхіседэка ў Маскву на Часовы Сінод РПЦ. На першы дзень Вялікадня была прызначаная хіратанія — высвячэнне япіскапа. Мелхіседэк зайшоў у алтар, аблачыўся, памаліўся — і там, у алтары, памёр. У царкве спявалі велікодныя песні, а за імі — жалобныя. Калі Мелхіседэка выносілі хаваць, людзі стаялі са свечкамі на працягу ўсяго яго апошняга шляху.

Выява з кнігі Таццяны Процька "Без любви мы - никто"

Выява з кнігі Таццяны Процька "Без любви мы - никто"




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: