Таццяна Зялко: Я веру ў перамогу, бо мы ёсць адно ў аднаго

У мінулую сераду, 31 сакавіка, у лідаркі грамадскага аб'яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяны Зялко прайшоў ператрус, больш падобны да пагрому, а саму спадарыню Таццяну адвезлі спачатку на допыт у Следчы камітэт, а потым — на Акрэсціна.
Прычыну ператрусу жанчыне так і не паведамілі, але ў выніку на яе склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях: за бел-чырвона-белы сцяг на балконе, які сілавікі сарвалі са сцяны і вывесілі самі, а таксама за тое, што гаспадыня перашкаджала праводзіць ператрус. Але неафіцыйна, мяркуе спадарыня Таццяна, справа тычыцца відэароліка аб пратэстах пенсіянераў, які яна зрабіла і даслала ў працоўную групу па праблемах старэння ААН.

— Было так: прыйшлі 5 чалавек у цывільным (некаторыя з іх былі ў масках, некаторыя — у балаклавах). Сказалі, што міліцыя, але я і сын іх не пускалі, таму што дакументы яны не паказалі. Толькі сказалі, што ёсць ордэр на ператрус, але нават і яго не паказалі. У дастаткова грубай форме мяне вывелі з хаты і павезлі ў СК (хаця гаварылі, што вязуць у Генпракуратуру), — распавядае Таццяна Зялко.

Пра падзеі, якія адбываліся ў доме далей, жанчына ведае паводле слоў сына.

— Галоўны з іх сарваў са сцяны сцяг і вывесіў на балкон, потым патэлефанаваў камусьці і сказаў гэта сфатаграфаваць. Санкцыя была на пошук сімволікі і зброі. Але вынялі — усю сімволіку, якая была ў хаце (нават банцік з мяккай лялькі-мядзведзіка), флэшкі, тэлефоны, сістэмны дыск, планшэт, ноўтбук, усе ключы (ад хаты і машыны старэйшага сына), усе грошы — каля 300 долараў — пакінулі толькі 10 рублёў і 1 долар, але не дазволілі іх узяць з сабой.... Перакулілі ўсё! Ператрус больш падобны да нейкага разгрому бандытаў з 90-х…

Паводле слоў жанчыны, у Следчым камітэце яе не дапытвалі: «размова была ні аб чым», пратакол не вёўся.

— Адзінае пытанне, якое яны задалі, — як я знайшла грошы на штрафы (я атрымала 85 базавых за маршы пенсіянераў), — зазначае суразмоўца.

Спадарыня Таццяна правяла ў СК каля гадзіны, потым яе павезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна — там ужо азнаёмілі з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, а адтуль адвезлі на Акрэсціна.

— Быў суд, але справа была настолькі грубай, а людзей было шмат, і быў адвакат, што суддзя вымушана была адправіць справу на дапрацоўку.

У ізалятары жанчына прабыла з вечара серады і ўвесь чацвер, а позна ўвечары яе з сынам выпусцілі — без ключоў і грошай.

— Не ведаю, чаму адпусцілі — магчыма, ужо ведалі, што справа ідзе на дапрацоўку, і хацелі так паздзеквацца або не хацелі бачыць на судзе ў пятніцу, — мяркуе Таццяна Зялко.

Пра ўмовы ў ізалятары, прызнаецца яна, на адрэналіне амаль не думала.

— Ведаеце, Акрэсціна амаль пустое. Напрыклад, на трэцім паверсе былі вольныя ўсе камеры! Але мы сядзелі ў двухмеснай камеры па 5-6 чалавек! Не было матрацаў, падушак, бялізны ўвогуле — толькі дошкі... Я сядзела толькі з былымі алкагалічкамі і бяздомнымі, якіх я нават і не бачыла ў сваім жыцці — яны пастаянна чухаліся, не вельмі добра пахлі, мякка кажучы. Было цяжка, але дапамог, магчыма, стрэс, ці адрэналін, ці больш страх за сына, які сядзеў праз некалькі камер ад маёй.

Жанчына да гэтай пары не ведае, па якім артыкуле быў ператрус і ў якім працэсуальны статусе яна знаходзіцца. Ёй нават не аддалі пратакол ператрусу і таго, што забралі.

— Я ўсё ж такі думаю, што гэта за тое, што мы пастаянна ўздымаем пытанні правоў сталых людзей. Сёння яны прыдумалі сцяг на балконе, зрабілі такі «наезд» на мяне, магчыма, мяркуючы, што я павінна спужацца. Але мы не збіраемся апускаць рукі і плануем рабіць тое, што і рабілі дагэтуль. Змагацца! Гэта тычыцца як маёй справы (цяпер працуе адвакат па гэтым пытанні), так і ўвогуле правоў сталых людзей у нашай краіне, — гаворыць Таццяна Зялко.

Яна зазначае, што ўвесь гэты час трымалася дзякуючы дапамозе і салідарнасці.

— Хацела б падзякаваць тым, хто нам дапамагаў: маладому хлопцу, які даў нам грошы, каб мы змаглі даехаць дамоў, дзяўчынцы, якая перадала перадачу, людзям, якія нас запрасілі пераначаваць, бо ў нас не было ключоў, актывістам, якія прыходзілі на суд і дапамаглі з адвакатам, людзей, якія нам дапамаглі з сувяззю і грашыма на першы час... Асабіста я веру ў перамогу, бо мы ёсць адно ў аднаго!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: