«Тая сіла, што прывяла Лукашэнку да ўлады, можа прымусіць яго сысці»

Лукашэнка пакуль карыстаецца падтрымкай дзяржапарату Беларусі. Але некаторыя чыноўнікі на знак пратэсту сыходзяць з дзяржаўнай службы. Што яны думаюць пра сітуацыю? DW пагутарыла з адным з дыпламатаў, які звольніўся з МЗС.


Павел Мацукевіч быў адным з чатырох дыпламатаў, якія ў першыя дні пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня публічна раскрытыкавалі дзеянні беларускіх уладаў. Выказванне Мацукевіча было, напэўна, самым просталінейным. «Лукашэнка павінен сысці», — напісаў ён. Сваёй заявай супрацоўнік МЗС, па ўласных словах, хацеў выказаць «прынцыповую нязгоду як грамадзяніна, чыноўніка і дыпламата з гатоўнасцю кіраўніка дзяржавы адстойваць сваю ўладу любымі сіламі і сродкамі, цаной дабрабыту нашай краіны і, магчыма, коштам незалежнасці і суверэнітэту».

Павел Мацукевіч

Пагаджацца на Лукашэнку ці не? «Кожны вырашае сам за сябе»

Мацукевіч вярнуўся са Швайцарыі ў Беларус у канцы чэрвеня, і быў уражаны размахам гвалту на вуліцах сталіцы і іншых гарадоў у першыя дні пасля выбараў. «Я не мог сабе ўявіць, што такое можа адбывацца ў Менску», — прызнаецца ён. І кажа, што рашэнне аб сыходзе з дзяржслужбы прыняў самастойна — з калегамі з гэтай нагоды не размаўляў і іх настрояў не высвятляў.

Свой крок — сыход з дзяржслужбы — ён лічыць самай малой стратай для сябе. «Людзі зніклі! Людзі загінулі. Людзі перажылі такія акты гвалту... І гэта рабілася сваімі ж... беларусы падверглі беларусаў такім рэчам. Страта працы ў цяперашніх умовах — проста дробязь», — перакананы былы дыпламат. Што ён будзе рабіць пасля сыходу з МЗС, Мацукевіч пакуль не ведае — ён лічыць бессэнсоўным будаваць планы. «Цяпер планаваць — цалкам несур’ёзна, — разважае ён. — Ісці ў нейкі бізнес? Сам бізнес разважае аб сыходзе з Беларусі. Тут трэба перажываць пра лёс бацькаўшчыны, як бы патасна гэта ні гучала».

Што напішуць пра Лукашэнку ў падручніках гісторыі?

Мацукевіч як дзяржаўнік перажывае за Беларусь, якая, паводле яго, скочваецца ў глыбокі крызіс «толькі таму, што адзін чалавек не жадае прызнаць выбар народу». У Лукашэнкі быў шанец увайсці ў падручнікі гісторыі для нашчадкаў, але цяпер, кажа Мацукевіч, «усе дасягненні, якімі мы ганарыліся і якія можна было б запісаць у актыў дзеючага кіраўніка, скасоўваюцца. Ён прымудрыўся нават сысці ў мінус».

Галоўнай стратай Мацукевіч лічыць разрыў стасункаў з Захадам. «Мы перасталі быць эканамічна незалежнымі, пазбавіўшыся заходняга вэктару: інвэстыцый, крэдытаў, другога крэсла для манеўру. Мы адыдзем да Расеі, не дэ-юрэ — ім патрэбны голас на міжнароднай арэне. А вось дэ-факта мы хутка і непрыкметна трапім у поўную васальную залежнасць».

Беларусь губляе і з вялікай цяжкасцю заваяваныя пазіцыі на IT-рынку, упэўнены Мацукевіч: «Цяпер нашым ключавым экспартам стане моладзь».

Лукашэнка вядзе краіну «ў пекла»

Беларусь не была дэмакратыяй, але ранейшыя перамогі Лукашэнкі на выбарах хаця б можна было лічыць «легітымнымі ўнутры краіны», кажа Мацукевіч: «Так, таксама былі акцыі пратэсту і сядзельцы, — тут у беларусаў памяць кароткая, як быццам гэта першы раз ужыты гвалт да дэманстрантаў, як быццам ніхто не сядзеў у турме. Але насельніцтва прымала вынікі выбараў».

Цалкам відавочна, лічыць былы дыпламат, што абвешчаныя вынікі апошніх выбараў не адпавядаюць рэчаіснасці і не былі прынятыя людзьмі. Няспынныя больш за два тыдні акцыі пратэсту Мацукевіч называе «агульнанацыянальнай нязгодай».

Але Лукашэнка, хоць і ведае пра сапраўдны стан спраў («Немагчыма гэтага не бачыць», — упэўнены Мацукевіч), сапраўды лічыць сябе выратавальнікам і выбару народу не давярае. Лукашэнка «апраўдвае ўсё, што адбываецца, нейкімі добрымі намерамі, але гэта хуткасная дарога нашай краіны ў пекла», — перакананы былы супрацоўнік беларускага МЗС.

Каардынацыйная рада «занятая не тым»

Простага выхаду з сітуацыі, якая склалася ў Беларусі Павел Мацукевіч не бачыць. «Відавочна, — лічыць ён, — што мірныя пратэсты не ўяўляюць для дзеючага кіраўніцтва ніякай небяспекі». Час пратэстаў Лукашэнка выкарыстаў для таго, каб, як кажа Мацукевіч, «перафарматаваць» сітуацыю. Ён пералічвае ўсе, што выпрабавалі ўлады, спрабуючы пераламаць сітуацыю: акты гвалту, па яго словах, не далі эфекту, тады былі арганізаваны альтэрнатыўныя мітынгі, падыходы да страйкоўцаў; улады прыцягнулі піяршчыкаў з Расеі, і «культывуюць» па дзяржаўных СМІ страхі перад эканамічнымі стратамі ад пратэстаў. «Нешта атрымалася, нешта не. Дзесьці яму ўдалося перахапіць ініцыятыву», — мяркуе былы дыпламат.

На гэтым тле дзейнасць Каардынацыйнай рады па транзіту ўлады (КР) у былога беларускага дыпламата не выклікае аптымізму. Мацукевіч лічыць бессэнсоўнай ініцыятыву КР па адклiканню мандатаў у дэпутатаў. «Парламент нябачны, нячутны і ролі не адыгрывае», — перакананы ён. Крытыкуе ён і патрабаванне аб адстаўцы кіраўніка МУС, які, паводле яго словаў, «ня грае галоўную скрыпку», і іншыя заявы КР.

Якая сіла можа паставіць ультыматум

Павел Мацукевіч упэўнены, што КР варта было б засяродзіцца на працы з працоўнымі калектывамі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. «Сіла, якая можа паставіць рэальны ўльтыматум і схіліць кагосьці да пераходу (у апазіцыю — Рэд.) — гэта працоўныя з буйных прадпрыемстваў. Калі на прахадных буйных заводаў тыпу МТЗ пачуўся шоргат, ён быў пачуты. Тая сіла, што ў свой час прывяла Аляксандра Рыгоравіча ў 1994 годзе да ўлады, можа яго адтуль і адвесці», — перакананы Мацукевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: