Таямнічы сведка сцвярджае, што Мікіту Крыўцова пасля выбараў збівалі амаль суткі

Адноўлены апошнія дні жыцця футбольнага фаната з Маладзечна, якога знайшлі павешаным 22 жніўня.
Мікіта Крыўцоў з маленькай дачкой.

Мікіта Крыўцоў з маленькай дачкой.


З дапамогай сведкаў і родных Мікіты Крыўцова «Наша Ніва» аднавіла апошнія дні жыцця маладзечненскага футбольнага фаната, які загінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Усе дні пасля 9 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, якія на той момант суправаджаліся беспрэцэдэнтным гвалтам з боку сілавікоў. З сябрамі ён заўсёды быў на сувязі. Пакуль 12 жніўня яго тэлефон не перастаў адказваць.

«Раніцай 12 жніўня я зноў патэлефанаў. Выклік ішоў, але Мікіта не зняў трубку, — згадвае сябар Крыўцова Арцём. — І гэта было дзіўна, ён заўсёды здымаў або хаця б ператэлефаноўваў у хуткім часе. А тут званка ад яго не было ні праз гадзіну, ні праз дзве. У 14:30 набраў яму апошні раз. Тэлефон быў недасяжны».

«Я вырашыў, што Мікіта ўсё ж трапіў у міліцыю, хаця быў упэўнены, што сам ён на ражон не палезе. Але калі людзей сталі выпускаць, а ён нідзе не знайшоўся, ужо стала трывожна. Я ведаў, што, каб Мікіта з’ехаў з Беларусі, ён бы абавязкова даў пра гэта знаць», — распавядае хлопец.

Павел Кухто — родны брат Мікіты, які жыве ва Украіне — кажа, што на наступны дзень з ім звязаўся знаёмы Мікіты Аляксандр (імя змененае), які 13 жніўня нібыта бачыў хлопца жывым.

Аляксандр сцвярджае, што раніцай 13 жніўня ехаў у Мінск на працу і пабачыў на МКАДзе Мікіту Крыўцова, які ішоў каля дарогі.

Хлопец спыніўся, каб падвезці сябра. Па яго словах, у Мікіты быў цалкам разбіты твар. Ён быў без рэчаў, без мабільніка. Папрасіў тэлефон. Некаму пазваніў, папрасіў папярэдзіць маці, што з ім усё нармальна. Але маці Мікіты пасля казала, што ніхто ёй таго паведамлення не перадаваў.

Аляксандр сцвярджае, што Мікіта распавёў яму гісторыю свайго затрымання — 12 жніўня каля працы яго нібыта схапілі невядомыя. Накінулі мех на галаву і павезлі ў нейкую спартыўную залу, дзе збівалі амаль суткі. Назаўтра з мехам на галаве вывезлі на МКАД.

Мікіта папрасіў у Аляксандра адвезці яго на вуліцу Парніковую, сказаў, што трэба забраць тэлефон і іншыя рэчы.
 
Як вядома, на Парніковай вуліцы пасля і знайшлі цела Мікіты. Гэта адбылося 22 жніўня. Асноўная версія прычыны смерці — самагубства  праз павешанне.

Родныя і знаёмыя Мікіты Крыўцова ў такое развіццё падзей не вераць. «Там усё было няпраўдай… І тое, што яго знайшлі без цялесных пашкоджанняў, і тое, што цела магло прабыць у мінскім парку тыдзень незаўважаным. А калі бацькам адмовіліся наогул паказваць цела для апазнання, сумневаў не засталося: Мікіту забілі. Я ўпэўнены, што яго забілі тыя, хто яго збіваў», — кажа сябар хлопца Марк.

Адвакат сям'і Віктар Мацкевіч тым часам раіць дачакацца вынікаў дзяржаўнай медыцынскай экспертызы, якая па ўзятых біялагічных матэрыялах Мікіты павінна вызначыць, ці была смерць гвалтоўная, ці знаходзіўся хлопец у стане алкагольнага альбо наркатычнага ап’янення. Вынікі экспертызы будуць агучаныя цягам месяца. 

Але сям'я загінулага не верыць, што па выніках экспертызы можа быць заведзена крымінальная справа.





https://nashaniva.by/?c=ar&i=259077&fbclid=IwAR12_67uUNpQ1CkMBL6ODTydaCw5R8rn1A5Bwh-mk2wTlpXBasVGEDI6Mho

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: