«Такі ў горадзе малююць на шчытах». Мінчанку аштрафавалі на 2320 рублёў за белыя фіранкі чырвоным арнаментам

Мінчанка Юлія жыве ў шматпавярхоўцы на вуліцы Веры Харужай. На яе акне доўгі час віселі белыя фіранкі з чырвоным арнаментам. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі гаспадыню даць тлумачэнні ў РУУС з гэтай нагоды. У выніку жанчына ноч правяла на Акрэсціна, а раніцай яе асудзілі за пікетаванне на 80 базавых, паведамляе TUT.BY.

На балконе 14-га паверха ў Юліі віселі белыя фіранкі з беларускім арнаментам. У нядзелю, 2 траўня, раніцай да яе прыйшлі міліцыянты і сказалі, што на акне вісяць сцягі.

— Супрацоўнікі прайшлі ў кватэру, паглядзелі, сказалі, што знізу глядзяцца як сцягі, таму я павінна ехаць у Савецкі РУУС, каб даць тлумачэнні, — распавядае гаспадыня кватэры.

Паводле яе словах, супрацоўнікі знялі фіранкі. Падчас апытання ў РУУС Юлія зразумела, што яе затрымалі і далей адвязуць у ІЧУ да суда. Так і адбылося.

У пратаколе затрымання (ёсць у распараджэнні рэдакцыі) напісалі, што Юлія пікетавала без дазволу Мінгарвыканкама шляхам размяшчэння на балконе сцяга бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам. З пратаколам мінчанка не пагадзілася.

— Я напісала, што беларуская нацыянальная сімволіка не належыць нейкаму грамадска-палітычнаму руху або арганізацыі, таму не можа выказваць грамадска-палітычныя погляды.

Тым не менш Юлію у той жа дзень адвезлі ў ізалятар у 1-м завулку Акрэсціна, дзе яна правяла ноч з 2 на 3 траўня. 3 траўня суддзя Савецкага раёна Марына Фёдарава асудзіла мінчанку праз скайп паводле ч 1 арт 24.23 на штраф — 80 базавых адзінак (2320 рублёў).

— Судзіць у Год народнага адзінства за тое, што на акне вісіць арнамент, які ў горадзе размешчаны на шчытах — гэта наогул весялуха, — заўважае гаспадыня кватэры.

Юлія кажа, што віселі фіранкі на акне даўно.

— Напэўна, іх прыцягнуў колер — бела-чырвоны. Мне ў РУУС сказалі, што на фіранкі скардзіліся нейкія грамадзяне, не сказалі, хто менавіта. Я думаю, што на самой справе гэта быў нейкі рэйд, таму што забіралі мяне хлопцы без формы, на серабрыстай «Geely», а я іх візуальна ведаю, яны ўвесь час тут ходзяць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: