Тактыльныя паштоўкі: як ствараецца дабрыня (фота)

27 снежня ў каворкінгу «КБ-16» Навуковай бібліятэкі БНТУ вучылі ствараць навагоднія паштоўкі для дзяцей, якія кепска бачаць.


Майстар-клас па вырабу ўнікальнай тактыльна-літаратурнай віншавальнай паштоўкі для дзяцей з сур’ёзнымі парушэннямі зроку ладзіўся ў межах праекта «Тактыльныя кнігі». Усе паштоўкі імянныя, арганізатары адправяць іх у спецыялізаваныя ўстановы, дзе жывуць дзеткі.  


На паштоўках ўдзельнікі рабілі з тканіны Дзеда Мароза. Пасля на кожнай будзе змешчаны верш Марыі Мартысевіч «Ранішнік», выкананы шрыфтам Брайля:  

Мы чакаем Новы Год,
Дружна водзім карагод.
І мядзведзі, і вавёркі
Танчаць ля святочнай зоркі.
Спевы ўсюды, ўсюды смех…
Дзед Мароз, цягні свой мех!

Праект «Тактыльныя кнігі» існуе ўжо больш за 5 гадоў. Яго ўдзельнікі перакладаюць сучасныя дзіцячыя кнігі ў тактыльны від. Кожная кніга ствараецца ў пяці экзэмплярах. Сама кніга адшываецца з тканіны, а ілюстрацыі робяцца ў тэхніцы аплікацыі з рознафактурных матэрыялаў. З дапамогай гэтых кніг арганізатары ладзяць інклюзіўныя чытанні, імпрэзы ў спецыялізаваных школах, інтэрнатах для дзяцей з парушэннямі зроку па ўсёй Беларусі.

«Нядаўна мы яшчэ запусцілі “Школу тактыльных кніг”. Гэта чатыры ролікі, у якіх падрабязна распавядаецца, як рабіць тактыльныя кнігі. Яны будуць карысныя тым, хто ўмее добра шыць, маляваць і хто захоча паспрабаваць самастойна зрабіць тактыльную кнігу», —кажа Вікторыя Каралёва, адна з арганізатарак майстар-класу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: