На талаку сабралося троху больш за дзесятак чалавек з пакетамі для смецця
ды пальчаткамі. Арганізатарам выступіла Моладзь Руху “За Свабоду”, але ўдзел
узялі як чальцы іншых партый, так і цалкам незаангажаваныя людзі.


Цягам талакі хлопцы і дзяўчаты назбіралі з-два тузіны пакетаў смецця, якое з’явілася навідавоку пасля сыходу снегу. Час-почас трапляліся “схроны” бамжоў з адмыслова адкладзенымі пакетамі з рэчамі. Гледзячы па ўсім, гаспадары пакідалі тут сваё майно яшчэ ў мінулым годзе, да халадоў.

Актывісты таксама правялі тлумачальную размову з мясцовым жыхаром, які выпальваў ва ўрочышчы каляровы метал з дратоў ды электрапрыбораў. Мужчына рабіў гэта сістэматычна, маючы адмыслова адведзенае месца ў глыбіні лесу. Пасля размовы жыхар Зялёнага Лугу прыбраў кастрышча ды паабяцаў перанесці сваю “дзейнасць” у іншае месца.

Талака скончылася а 12-й, пасля чаго частка актывістаў далучылася да экскурсіі па ўрочышчы, якую праводзіў гісторык ды актывіст КХП-БНФ Алесь Чахольскі.