Таленавітага студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага адправілі ў калонію на 4 гады

16 студзеня ў судзе Першамайскага раёна агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 22-гадовага Яўгена Каліноўскага.

Суддзя Максім Трусевіч прызнаў хлопца вінаватым па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса і пакараў хлопца 4 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыма. А таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым АМАПаўцам: Ігару Астапуку — 1000 рублёў, Алегу Баразнову — 1500 рублёў, піша «Вясна».

Нагадаем, Яўгена Каліноўскага вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас мірнай акцыі пратэста 14 ліпеня — ў дзень, калі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Хлопец сваёй віны не прызнаў, лічыў, што не парушаў грамадскі парадак і гвалт да супрацоўнікаў міліцыі не ўжываў, а спрабаваў спыніць супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да грамадзянаў з боку пацярпелых. Тым не менш, падчас працэсу ён папрасіў прабачэння ў пацярпелымі і часткова кампенсаваў нанесеную яго дзеяннямі маральную шкоду — пералічыў па 500 рублёў дзвюм дзіцячым установам, як таго жадалі Ігар Астапук і Алег Баразноў.

Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца Зубко прасіла пакараць Яўгена Каліноўскага пазбаўленнем волі на тэрмін 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыма. Таксама сплаціць кампенсацыю маральнай шкоды двум пацярпелым у агульнай суме 2500 рублёў.

Абаронца прасіў суд апраўдаць абвінавачанага, але калі суд не пагодзіцца — прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Яўген Каліноўскі плануе абскарджваць прысуд.

За час вучобы ў школе Яўген Каліноўскі неаднойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах па геаграфіі, у тым ліку міжнародных. Падчас навучання ў БДУ праходзіў стажыроўкі ва ўніверсітэце ЗША, Польшчы, прымаў удзел у студэнцкім жыцці — удзельнічаў у міжнародным форуме. Таксама Яўген Каліноўскі быў узнагароджаны прэміяй «Чалавек года Віцебшчыны», быў уключаны ў спецыяльны фонд прэзідэнта падтрымкі таленавітай моладзі — атрымліваў стыпендыю. Мае і іншыя ўзнагароды.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: