Талокі па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў

З 20 траўня грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам з Маладым Фронтам пачынаюць талокі па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.

Такое рашэнне было прынятае ў Мінску 19 траўня экспертамі на сваім чарговым пасяджэнні. Гаворка ідзе пра пазначэнне тых аб’ектаў, якія былі вызначаныя экспертамі цягам апошніх гадоў у выніку аналізу адкрытых крыніцаў, у тым ліку даследаванняў беларускіх археолагаў Зянона Пазьняка, Міколы Крывальцэвіча і Алега Ёва, кнігі Яўгена Гарэліка, Валерыя Собалева і Георгія Тарнаўскага “Куропаты: следствие продолжается”, якая выйшла ў 1990 годзе ў маскоўскім выдавецтве “Юридическая литература”, апытанняў старажылаў вёсак у наваколлі Курапатаў, раней невядомых картаграфічных матэрыялаў, а таксама вывучэння тэрыторыі ляснога ўрочышча.

Сярод аб’ектаў, якія мяркуецца пазначыць цягам траўня-чэрвеня, створ варотаў (з боку Заслаўскай шашы) у плоце, які з канца 1937 году выгароджваў расстрэльны палігон у хваёвым бары; пачатак і канец участку дапаможнага маршруту “Дарогі смерці” на полі паміж Курапатамі і Экспабелам; месца, дзе ў траўні 1988 году з дапамогай тагачасных васьмікласнікаў сярэдняй школы №171 г. Мінска Алеся Макрушына  і Віктара Пятровіча, а таксама іхнага сябры, муляра Алега Багі беларускія археолагі адкрылі таямніцу старога лесу.

Апроч таго, пад час талокаў запланавана разбіццё кветнікаў каля некаторых мемарыяльных знакаў, рамонт шэрагу памятных крыжоў, а таксама прыборка тэрыторыі Народнага мемарыялу ад смецця, галля і хмызняку.  

На пасяджэнні эксперты разгледзелі хаду падрыхтоўкі круглага стала па экалагічных праблемах Курапатаў, запланаванага на канец траўня, а таксама захады па арганізацыі другога этапу адкрытага грамадскага творчага конкурсу “Курапаты – народны мемарыял”. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: