«Таму што анархістка». Беларускую актывістку звольнілі з працы

Пра гэта паведаміў у фэйсбуку муж дзяўчыны.
Марына Касінерава, facebook.com

Марына Касінерава, facebook.com

Беларускую анархістку Марыну Касінераву звольнілі з працы з фармулёўкай «таму што анархістка». Такая інфармацыя з'явілася ў фэйсбуку: пост пра гэта напісаў на сваёй старонцы муж Марыны вядомы беларускі актывіст анархічнага руху Вячаслаў Касінераў.

«Менавіта з такой фармулёўкай маёй жонцы адмовілі ў працы (на якой яна ўжо нават пачала працаваць). Адмовіла спадарыня Ясінская Інна Іванаўна, дырэктарка камунальна-унітарнага прадпрыемства жыллёва камунальнай гаспадаркі Першамайскага раёна горада Мінску. Канешне, мы разумеем, што такія фармулёўкі не бяруцца з паветра і часцей за ўсё вынік "званочка" ад чэкіста ці міліцыі», — напісаў Вячаслаў.

Актывіст абураны такім учынкам працадаўцы:
«Гэты канкрэтны чалавек па сваёй волі ёсць саўдзельнікам рэпрэсій у дачыненні да актывістаў Беларусі. Асабліва мярзотна гэта выглядае ў зрэзе таго, як шмат высілкаў Марына аддае кампаніі dissidentby, праз якую мы разам сапраўды спрабуем дапамагаць максімальна магчымай для нас колькасці пацярпелых ад беззаконня і дыктатуры. Калі мы лічым гэтую ўладу фашыстоўскай, а АМАП на вуліцах бачыцца нам як гестапа, то вось такія людзі, як спадарыня Ясінская — калабаранты і саўдзельнікі ўсіх гэтых з'яў».


Па словах Марыны, яна ўжо працавала, а калі павінны былі заключаць кантракт, то дырэктарка атрымала званок і сказала спачатку пра паперу аб тым, што Марына была ў міліцэйскім пастарунку, а потым і ўвогуле прызналася, што няма паперы, але паколькі дзяўчына анархістка, то яна не жадае праблемаў з законам.

«Вось такія небачныя/непрамыя рэпрэсіі ўжываюць да актывістаў», — каментуе Марына.

Як стала вядома, гэта не першае звальненне дзяўчыны з працы праз палітычныя погляды.
«Адзначу, што з 2017 года ўсе мае звальненні — "таму што анархістка, а я не хачу праблем з законам". І не важна, НДА гэта ці ЖКГ.  Калісьці за погляды расстрэльвалі, цяпер жа стыгматызуюць і спрабуюць выціснуць з соцыўма (пакуль не знойдуць за што пасадзіць)», — піша Марына.


Вячаслаў Касінераў заклікаў не пакідаць па-за ўвагай грамадскасці гэтыя рэпрэсіі:
«Звяртаюся да знаёмых і сяброў, а таксама журналістаў — давайце зробім кожнага такога чалавека вядомым. Каб іхнія сьветлыя твары былі не толькі побач з добрымі артыкуламі, бо тыя не раскрываюць іх сутнасць. Нехта збівае людзей на вуліцы, нехта трымае і катуе ў турмах і на Акрэсціна, нехта судзіць па загаду, а нехта звальняе праз погляды ці грамадзянскую актыўнасць. Гэта ўсё людзі аднаго сорту, усе яны стаяць між намі і свабодным жыццём».

Паводле facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: