Тарас Аватараў: Мне не суд даваў 5 гадоў, а асабіста Аляксандр Рыгоравіч

Напрыканцы лістапада, пасля 5 гадоў калоніі, на волю выйшаў палітвязень Тарас Аватараў. Адседзеўшы свой тэрмін цалкам, беларускі добраахвотнік на Данбасе працягвае знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, раздае інтэрв’ю і піша альтэрнатыўны варыянт Канстытуцыі.



Беларускі баец Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правага сектара» Тарас Аватараў быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавачвалі ў незаконным абароце выбуховага прыстасавання на аснове асколачнай гранаты для станковага гранатамёта АГС-17 «Полымя» і яго незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Беларусі (ч. 2 арт. 295 КК і ч. 2 арт. 228 КК). Віну па першым складзе абвінавачаны прызнаў, па другім — не. Пакаранне Тарас Аватараў адбываў у віцебскай калоніі, адкуль вызваліўся 26 лістапада, цалкам адсядзеўшы ўвесь тэрмін.

— Віншую вас з вызваленнем! Як вы сябе адчуваеце, ці прыйшлі ўжо ў сябе?

— Амаль. Дзякуй за падтрымку і за тое, што ваша газета была амаль адзіным сродкам інфармацыі з волі.

— Як вы правялі гэтыя гады? Былі паведамленні аб тым, што вас часта змяшчалі ў ШІЗА.

— Кожны раз, калі ў грамадстве адбываліся дыскусіі ці акцыі, звязаныя з вызваленнем палітзняволеных, традыцыйна адміністрацыя без дай-прычыны запіхвала мяне на пэўны тэрмін у ШІЗА. Неяк аспрэчыць гэтае рашэнне ці хаця б высветліць яго прычыны было нельга.

— Ці значыць гэта, што акцыі салідарнасці з палітзняволенымі хутчэй шкодзяць, чым дапамагаюць?

— Не, яны заўжды дапамагаюць. Бо надалей у выпадку чаго можна будзе скарыстацца гэтым. Дзякуючы таму, што ў грамадстве і СМІ пачаліся актыўныя абмеркаванні, стала мяняцца сітуацыя з добраахвотнікамі ва Украіне. Яны пачалі атрымліваць хоць нейкія дакументы, а да гэтага ніхто не мог атрымаць.

— Якія катаванні да вас прымянялі?

— Падчас следства на першапачатковым этапе толькі катаваннямі яны змаглі мяне зламаць і прымусілі напісаць яўку з павіннай і прызнаць віну. Гэтыя катаванні былі вельмі суровыя. Выкарыстоўвалася як катаванне вадой, так і фізічнае ўздзеянне — пераломвалі рэбры і здзяйснялі іншыя недапушчальныя ў цывілізаваным грамадстве рэчы. Гэта рабілі супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай сістэмы, зэкі, якія дапамагаюць адміністрацыі, ГУБАЗіК. Адзін з аператыўнікаў па маёй справе цяпер вядзе непрымірымую барацьбу з апазіцыяй і анархістамі. Наколькі я чуў, на ўсіх відэаздымках Дзядка, Аліневіча ёсць яго закадравы голас. Таму не выключана, што яны цяпер знаходзяцца пад прэсінгам ГУБАЗіКа.

Па маім заездзе ў калонію пры першай гутарцы 16 чэрвеня 2016 года, калі ў мяне яшчэ прысуд не быў у сіле, начальнік Аляксей Міхайлавіч Старавойтаў прамым тэкстам заявіў, што будзе рабіць усё, каб я здох у гэтай калоніі і мне ніхто не мог аказаць медыцынскую дапамогу. І такое стаўленне было напрацягу ўсёй маёй адсідкі. Пры гэтым я не здзяйсняў ніякіх дзеянняў, якія можна было б расцаніць як нядобрасумленнае стаўленне да працы ці вучобы. Наадварот, апошні год я старанна працаваў, з красавіка рабіў супрацькавідныя камбінезоны. Прыклаў вельмі шмат высілкаў для таго, каб, як было абяцана адміністрацыяй, прымянілі амністыю. Але ў выніку нават тыя, у каго падыходзілі тэрміны УДВ ці замены, нічога не атрымалі.


— Давайце вернемся да гісторыі вашага затрымання. Ёсць розныя версіі, хацелася б пачуць з першых вуснаў.

— Я быў затрыманы ў горадзе-героі Кіеве, недалёка ад аўтавакзала. Я быў «вырублены», абколаты і змешчаны ў невядомую машыну з невядомымі грамадзянамі, якія суправаджалі мяне ў паездцы цераз мяжу. Па прыездзе яны перадалі мяне далей праз гомельскі АМАП. Без парушэння заканадаўства высветлілася, што да найміцтва і ваенных злачынстваў я не маю ніякіх адносін і ніякіх прэтэнзій да мяне няма. Таму мяне выкінулі на вакзале ў Мінску і я быў затрыманы ГУБАЗіКам пры сілавой падтрымцы службы бяспекі прэзідэнта. Мне навесілі гэтыя артыкулы, каб хоць неяк набраць тыя 5 гадоў, якія агучыў Аляксандр Рыгоравіч у якасці пакарання. Мне ж не суд даваў 5 гадоў, а асабіста ён. Пра гэта я ведаў ужо праз 10 дзён пасля затрымання.

— Што для вас было самым цяжкім за гэтыя 5 гадоў?

— Я 5 гадоў не бачыў сына. І бліжэйшыя, прынамсі, месяцы тры не змагу яго ўбачыць. Для мяне гэта вельмі цяжкае выпрабаванне. Ён не можа прыехаць у гэтую краіну, бо потым, магчыма, не зможа выехаць.

— Чаму вы кажаце пра тры месяцы?

— Гэта мінімальны тэрмін, пасля якога можна зняць прэвентыўны нагляд. Мне ўстанавілі два гады нагляду — гэта максімальны тэрмін па маіх артыкулах — толькі за тое, што я па-беларуску папрасіў на судзе перанесці пасяджэнне, каб запрасіць адваката, з якім была заключаная дамова.

— Што дапамагло вам перажыць час зняволення?

— Я напісаў дзве кніжкі — падручнікі па крымінальным і крымінальна-працэсуальным праве. Бо я разумею, што спецыялісты, якія працуюць у гэтай сферы, далёка не заўсёды маюць уяўленне пра законы і тое, як яны павінны працаваць. Мяне гэта вельмі засмучае. І тое, што мы жывем у грамадстве з высокім узроўнем прававога нігілізму ў прадстаўнікоў праваахоўных органаў, мяне вельмі моцна здзіўляе.

— У вас ёсць юрыдычная адукацыя?

— Не, юрыдычную адукацыю я не атрымаў, бо ВНУ, у якой я вучыўся падчас адсідкі, адмовіла мне ў магчымасці атрымання дыплома па юрыдычнай спецыяльнасці, але я здаў увесь іх курс па юрыспрудэнцыі. І, вывучаючы матэрыялы, якія ёсць, я зразумеў, што не хапае падручнікаў новай фармацыі, якія давалі б вобразнае мысленне для юрыстаў.

— Можаце назваць ВНУ, у якой вучыліся?

— Так, гэта быў Мінскі інавацыйны ўніверсітэт, які рэалізоўваў заходні праект «Адукацыя адчыняе межы». Я ведаў пра гэты праект яшчэ з пачатку 2000-х, але не ў Беларусі, а ў іншых краінах. Магчымасць асуджаным атрымліваць сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю і потым рэсацыялізавацца — гэта вельмі карысная рэч, якая рэальна можа знізіць злачыннасць.

Раней у мяне была інжынерна-тэхнічная спецыяльнасць. Сярод прапанаваных спецыяльнасцяў не было нічога інжынерна-тэхнічнага профілю, таму я пісаў заяву аб прыняцці на эканоміку кіравання прадпрыемстваў. У гэтай ВНУ былі і юрыдычныя спецыяльнасці, таму я туды перавёўся. Гэты курс быў вельмі някепска напісаны і выкладчыкі мелі добрую кваліфікацыю. Я займаўся юрыспрудэнцыяй, бо мне гэта было цікава, таму што сустрэўся з крымінальнай і крымінальна-працэсуальнай дзейнасцю ў Беларусі на ўласным прыкладзе. І ў мяне было жаданне, каб такое больш не паўтарылася. Але ВНУ нас усіх адлічыла нібыта за нясплату, хаця фактычна нясплаты не было, і выдала даведкі аб заканчэнні пэўных курсаў. Нас абяцалі перакінуць у іншую ВНУ, маскоўскую, але перакінулі далёка не ўсіх, у прыватнасці, мяне не перавялі.  

— Хацелася б вярнуцца да таго, што прывяло вас на Данбас. Вы маглі б распавесці пра гэты досвед?

— Канешне. Я ні дня не шкадую аб тым, што далучыўся да «Правага сектара» і ўдзельнічаў у тых падзеях. І, магчыма, яшчэ буду ўдзельнічаць, мяркуючы па тым, як марудна ўсё развіваецца. Гэты канфлікт яшчэ не скончыўся і ён можа ў любы момант разгарэцца з новай сілай.

Я па нацыянальнасці ўкраінец. І калі да цябе прыходзіць вораг, ты, знаходзячыся ў любой краіне свету, не павінен сядзець і чакаць, пакуль, дойдуць да цябе. Ты павінен рабіць усё магчымае, каб абараніць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй айчыны. І спрабаваць асуджаць мяне за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны — злачынна. Закон аб ідэалагічным найміцтве, які быў праціснуты па маёй справе, — гэта грубае парушэнне. Тады павінны прыцягнуць да адказнасці ўсіх воінаў-афганцаў, якія грошай, па ідэі, не атрымлівалі, а ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Гэта пытанне дваякае, таму спроба ачарніць мяне з боку дзяржавы адгукнецца ім самім.


—— Вы маглі б пракаментаваць тое, што беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, пераследуюць, а тых, хто ваюе за Д/ЛНР, фактычна не чапаюць?

— Так, гэта вядомы факт. Бо я і Стас Ганчароў атрымалі па максімуме. Вырашылі, што мы нейкім чынам небяспечныя для беларускай дзяржавы. Хаця ў выпадку нападзення з боку Расійскай Федэрацыі на Рэспубліку Беларусь я асабіста і «Правы сектар» у цэлым гатовыя, нягледзячы на непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам, стаць і абараняць тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь. Гэта прадугледжвае Будапешцкі мемарандум 1994 года. Не парушаючы ніякіх законаў, мы можам арганізоўваць дабрабаты і абараняць тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.

Іншая справа — калі гэта адбудзецца палітычным чынам. Калі Аляксандр Рыгоравіч перадасць суверэнітэт Беларусі ў прэамбуле Канстытуцыі Саюзнай дзяржаве, то мы яго страцім і не зможам ніколі аднавіць. Як змагацца з гэтым, я да сёй пары не ведаю. Адзіны спосаб, які я змог прыдумаць, — гэта стварэнне альтэрнатыўнай Канстытуцыі. Я яе цяпер пішу і, у прынцыпе, павінен паспець прадаставіць да Усебеларускага народнага сходу.

— Вы сапраўды думаеце, што гэты альтэрнатыўны варыянт будуць разглядаць?

— Усё беларускае грамадства павінна зразумець, што выбар у нас будзе невялікі. Адзіны спосаб прыпыніць перадачу суверэнітэту — выбраць іншую Канстытуцыю, якая не будзе напісаная Аляксандрам Рыгоравічам і яго паплечнікамі.

— Дык народ гэта разумее, а вось тыя, каму вы збіраецеся прадастаўляць свой праект…

— Па Канстытуцыі павінен быць рэферэндум. І вынесці на яго альтэрнатыўную Канстытуцыю не ўяўляцца складаным.

— Можаце агучыць асноўныя пункты вашага варыянту Канстытуцыі?

— Будзе поўная дэцэнтралізацыя. Мы перастанем быць унітарнай дзяржавай і ў будучыні ў нас паўстане канфедэратыўная форма праўлення з прамой дэмакратыяй і без магчымасці ўзурпаваць уладу. Гэта асноўныя моманты. І часовы статус Канстытуцыі. Каб не праводзіць дробныя рэферэндумы па зменах у Канстытуцыю, лепш праводзіць яе рэвізію раз на 20 — 25 гадоў.

— Што вы думаеце пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і чым яна можа скончыцца?

— Я бачу, што беларускі народ яшчэ не гатовы для тых радыкальных пераўтварэнняў, з якімі звязаная любая рэвалюцыя. Беларускі народ яшчэ не мае праграмы дзеянняў пасля змены ўлады. Няма контр-эліты, якая магла б выконваць функцыі дзяржавы...

— А Каардынацыйная рада?

— Як вы думаеце, колькі павінна быць у Рэспубліцы Беларусь кіраўнікоў сярэдняга звяна? Павінна быць эліта хаця б у 20 — 25 тысяч, каб арганізаваць працу дзяржавы. Таксама павінна быць унутранае ўзаемадзеянне паміж грамадзянамі. Так, у гэтых пратэстах я бачу, што гарызантальныя сувязі і самаарганізацыя грамадзян растуць, гэта вельмі добра, але гэтага павінна быць яшчэ больш. У нас павінна быць салідарнасць паміж грамадзянамі ў плане выканання агульных мэтаў і задач. Калі ў двары мы хочам адрамантаваць арэлі, нам для гэтага не патрэбна дзяржава. Нам неабходна дамовіцца паміж сабой пра тое, як мы скідваемся, хто з нас будзе гэтым займацца, як мы яму будзем кампенсаваць яго кампетэнцыі і час.


— Ці правільна я разумею, што вы скептычна ставіцеся да перамогі беларускіх пратэстаў у тым фармаце, які ёсць?

— Не скептычна. Я не нацыяналіст, я рацыяналіст. Я бачу, што пратэсты вельмі моцна цярэбяць яго (кіраўніка дзяржавы. — НЧ), і яго дзеянні нельга назваць іначай, акрамя як злачынствамі. Але людзі, якія стаяць за гэтымі пратэстамі, пакуль не могуць узяць уладу ў свае рукі. Калі яны будуць гатовыя, і народ будзе гэтаму актыўна садзейнічаць, я думаю, што мы ўбачым змену ўлады яшчэ ў гэтым годзе.

— А што трэба рабіць народу, каб «актыўна садзейнічаць»?

— Я не буду даваць парады. Але мне хацелася б, каб на Раство мы стаялі б і спявалі песні, як на Майдане. Для мяне гэта было б вялікае шчасце.

— Чым збіраецеся займацца ў бліжэйшы час?

— Каб адпавядаць крытэрам майго выпраўлення для скарачэння тэрміну прэвентыўнага нагляду, пайду працаваць. Магчыма, на завод. І вучыцца — гэта лішнім не бывае ніколі. Хаця не думаю, што беларуская адукацыя зможа нечым дапамагчы грамадзянам, якія хочуць з’ехаць з гэтай краіны.

— Хацелі б нешта дадаць да нашай гутаркі?

— Хачу сказаць тым людзям, якія цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, каб яны трымаліся, рыхтаваліся да таго, што, калі ўлада сама не пяройдзе ў рукі народа, то наменклатура Аляксандра Рыгоравіча, якой ён ужо не цікавы, зробіць сваю хунту і адбудуцца кардынальныя змены ў бліжэйшы час. І да гэтага трэба быць гатовымі, мець прафсаюзныя арганізацыі паўсюль, дзе гэта магчыма — законам не забаронена мець іх у тым ліку ў месцах пазбаўлення волі. Бо калі мы будзем жыць так, як жывем цяпер, нас перастраляюць па адным.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: