«Татачка, а чаму яны мяне пастаянна б’юць?» Бацька 16-гадовага палітвязня — пра зняволенне сына

Гомельца Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня — забралі з дому, калі не было бацькоў. Падлетка абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў, гвалце ў дачыненні міліцыянтаў, кіданні кактэйляў Молатава ў цэнтры Гомеля 10 жніўня. Суд пакараў хлопца турмою на 5 гадоў і 1 месяц. У СІЗА на Мікіту завялі яшчэ адну крымінальную справу нібыта за напад на ахоўнікаў.
Падлетак хворы на эпілепсію. За кратамі, дзе юнак застаецца ўжо восем месяцаў, ягоны стан пагоршыўся: пачаліся частыя прыступы з сутаргамі. «Белсат» паразмаўляў пра зняволенне Мікіты з ягоным бацькам Міхаілам Залатаровым.

«Міша, там твайго малога «пакуюць»

— Тою жнівеньскаю раніцаю нам пагрукалі ў брамку каля 4:30. Я выйшаў на вуліцу, гляджу — нехта спрабуе пералезці праз плот. Крычу: «Хто там?» Адказ — «міліцыя». Я не паверыў адразу: паглядзеў у замочную шчыліну, а там гэтыя ў балаклавах стаяць, чалавекі чатыры. Зайшлі ў дом, пыталі, дзе сын, што маем забароненага. Кажу, што нічога няма, а сын — у родных. Яны: «Мы зараз падлогу паўзрываем, шпалеры пазрываем». Я кажу, каб узрывалі, ламалі. Сышлі.

Вярнуліся а 5:30 з ордарам на ператрус. Калі з’ехалі, прыйшоў Мікіта.

Я запытаў, што ён нарабіў, прасіў сказаць праўду, каб я ведаў, як яго абараняць. У нас з ім блізкія і даверлівыя стасункі. Ён кляўся, што нічога не рабіў, быў на плошчы, уцёк адтуль ад АМАПу.

Мікіта пайшоў спаць, я — на працу. А 10:30 мне тэлефануе сябар, які жыве насупраць, і кажа: «Міша, там твайго малога «пакуюць». Хутчэй за ўсё міліцыя, хоць яны не ў форме». Мікіта адчыніў брамку ў адных майтках. Сонны, не разумеў, што адбываецца, не збіраўся нікуды ўцякаць, бо ён нічога не зрабіў, ведаў, што ні ў чым не вінаваты. А яны яго за рукі, за ногі — і ў бус. Суседзі павыскоквалі, пачалі прасіць: «Куды вы цягнеце дзіця, дайце яму хоць апрануцца!» Дазволілі.

З допыту — у рэанімацыю

— З моманту затрымання і да 17:00 Мікіта быў з міліцыяй адзін: без адваката, сацыяльнага працаўніка, законнага прадстаўніка — без мяне, без маці. Увечары мне патэлефанавала жонка: «Я ў рэанімацыі». Распавяла, што Мікіта страціў прытомнасць падчас допыту, яму выклікалі хуткую, у якой да шпіталю сына суправаджалі тры «касманаўты».

Жонка была ў істэрыцы. Казала, што дарогаю доктар з хуткай пытаў Мікіту, што здарылася, ці білі яго. Ён адказваў, што так, білі міліцыянты.

Калі я прыехаў, спрабаваў дамагчыся, каб знялі пабоі. Але ў шпіталі сказалі, што ў іх няма адмыслоўца. З міліцыі таксама так ніхто і не прыехаў. Я напісаў заяву ў Следчы камітэт.

Калі Мікіта крыху ачуняў, пачаліся допыты. На адным з іх Мікіта паказаў на міліцыянта ў куце: маўляў, вось ён мяне біў. А той сядзіць і ўсміхаецца Мікіту ў вочы.

Пасля некалькіх дзён у ІЧУ Мікіту прывялі на допыт — нямытага, бруднага. Я папрасіў, каб мне дазволілі яго пераапрануць, адзеў усё чыстае, старую вопратку забраў. Пасля прыйшлі два міліцыянты і сказалі, што пазнаюць яго як удзельніка закалотаў. На пытанне, паводле якіх прыкметаў яго пазналі, абодва сказалі, што паводле адзення. Тады я зразумеў, што праўды чакаць не варта.

Пасля прысуду нават у адваката задрыжэлі вусны

— На судзе глядзелі відэа, на адным з іх Мікіта нібыта ішоў па вуліцы з бутэлькаю. Нават калі і так: што гэта была за бутэлька? І чаму, калі вакол яе пабудавалі абвінавачанне, нібыта гэта і быў кактэйль Молатава, той бутэлькі не было на судзе як рэчавага доказу? Чаму не правялі экспертызы?

Усіх, хто быў у судзе, шакаваў прысуд: 5 гадоў і 1 месяц. Да апошняга дня я спадзяваўся. Суддзя ўважліва слухаў, задаваў пытанні. Я думаў, разумны, дасведчаны чалавек, зараз разбярэцца, усё будзе добра. А калі ён агучыў вырак — адвакат да мяне павярнуўся: у яго нават вусны задрыжэлі, ён быў упэўнены, што «абмяжуемся тым, што ён ужо адседзеў».

У СІЗА на Мікіту завялі яшчэ адну крымінальную справу — за напад на ахоўніка, зноў артыкул 364 Крымінальнага кодэксу. На допыце я даведаўся, што Мікіта «зрабіў падсечку» і ці то душыў, ці то ціснуў на вочы ахоўніку. Але як гэта можа быць? Мікіта важыць максімальна 50 кілаграмаў. Ахоўнікі заўсёды водзяць асуджаных удвух — рукі за спіну, за галаву, тварам да сцяны. Пра які напад можа быць гаворка? Я лічу, што гэтая новая справа надуманая і беспадстаўная.

23 красавіка будзе разгляд нашай апеляцыйнай скаргі. Надзеі на справядлівасць у мяне няма. А потым пачнецца следства ў новай справе.

У СІЗА Мікіта ў смяротнай небяспецы: б’юць і не даюць лекаў

— Мікіта хворы на эпілепсію. Калі яму доўга не даваць прэпаратаў, ён становіцца нервовым. Ён і на прэпаратах злуецца, што сядзіць ні за што. Часта пытае мяне: «Тата, а што я тут раблю? За што я тут апынуўся? Калі мяне выпусцяць адсюль?»

Ён нават на зону хутчэй хоча, бо няма ўжо моцы сядзець столькі часу ў адзіночнай камеры. А гэта не толькі цяжка псіхалагічна, для яго гэта яшчэ і небяспечна. Калі пачынаецца прыступ і навокал ёсць людзі — нехта можа дапамагчы. А калі нікога няма? Там жа металічныя нары! Што можа быць, калі Мікіта ўпадзе падчас прыступу? А прыступы ў яго цяпер частыя. Пачаліся яны пасля таго, як яго пабілі пасля затрымання. Хоць на эпілепсію сын хворы з дзяцінства, але раней у яго былі толькі абсансы — больш мяккая форма. Яшчэ скардзіцца, што цяпер часта баліць і кружыцца галава.

Сын распавядае, што яму не заўсёды даюць таблеткі ў СІЗА. Прэпарат павінен назапашвацца ў арганізме, а калі лекаў недастаткова, прыступы будуць усё часцейшыя. Гэта смяротна небяспечна. У мяне пытанне: калі вы закрылі маё дзіця, дык чаму не забяспечыце яму бясплатнага якаснага лячэння і права на жыццё, якое яму належыць паводле закону, паводле Канстытуцыі? Хоць якая Канстытуцыя!.. Растапталі даўно.

Мікіта скардзіцца, што да яго чапляюцца праз розныя дробязі, пішуць рапарты, што ён нешта парушыў, не тое зрабіў, не так сказаў, не так паглядзеў. Б’юць. Распавядаў, як яго выводзілі з камеры, заломвалі рукі, электрашокерам білі. І апошні раз, калі я быў на допыце, кажу адразу, каб здымаў майку. Хацеў паглядзець пабоі. На левым плячы ў яго была драпіна, над верхняю губою з правага боку — сіняк. Хутчэй за ўсё, яго ўсцяж збіваюць.

На адным з допытаў ён запытаў: «Татачка, а чаму яны мяне пастаянна б’юць? Калі яны перастануць?» Што я мог на гэта сказаць? А міліцыянт сядзіць побач і ўсміхаецца.

У СІЗА не даюць вучыцца

— Усе гэтыя 8 месяцаў у СІЗА Мікіта ніяк не вучыцца, толькі чытае кнігі і часопісы. Хоць, паводле закону, вучыць дзіця павінны нават у СІЗА, не толькі ў калоніі. Але на практыцы сын прапусціў навучальны год.

Да зняволення Мікіта вучыўся ўдома праз хваробу. Адначасова ў яго было даволі актыўнае жыццё. Ён цікавіцца рэпам, сам спрабаваў пісаць песні. Мы яму купілі два прынтары, ён друкаваў нейкія налепкі з лагатыпамі, спрабаваў зарабляць.

Хадзіў часта са мною на рыбу. У той дзень, калі яго затрымалі, мы якраз збіраліся лавіць рыбу.

Хацеў здаць на правы, але мы даведаліся, што з эпілепсіяй нельга. Увогуле так атрымліваецца, што з такою хваробаю для сына ў нашай краіне шмат якія шляхі закрытыя. Ён хацеў пайсці вучыцца на кранаўшчыка — забаронена. Я планаваў адправіць яго ў верасні ў IT-школу — гэта можна. Не паспелі.

Мікіта любіць жывёлінаў. Неяк прынёс бяздомнага ката. Той быў ледзь жывы, кажа, так шкада гэтага ката, што вельмі яму патрэбны. Пакінулі, назвалі Дымком. Кацяра такі вымахаў — на кілаграмаў пяць.

«Пужаемся тэлефонных званкоў: раптам нешта з Мікітам?»

— Як мы цяпер жывём? У пастаянным напружанні. Пужаемся званкоў з незнаёмых нумароў, і калі ў брамку нехта грукаецца. А раптам патэлефануюць з СІЗА і скажуць, што нешта здарылася з Мікітам?

Мы пастаянна думаем пра яго. Ён ува ўсіх нашых дзеяннях: вось бы Мікітку гэтыя катлеткі, гэты дранік. Але перадаць яму гэтага нічога нельга. Пастаянна згадваем. Беднае дзіця. Ён сядзіць ні за што. Проста так, разумееце? Жонцы цяжка. У яе істэрыкі бываюць. Як убачыць недзе ў інтэрнэце фота ці відэа з Мікітам — адразу пачынае плакаць.

Нас шмат людзей падтрымліваюць. Але ёсць і такія, якія глядзяць адно БТ, а потым кажуць, маўляў, значыць, ён нешта зрабіў, не проста ж так у турме сядзіць. На працы мяне мякка папярэджвалі, каб я быў асцярожны.

Я не чакаў, што пасля выбараў будзе адбывацца тое, што адбывалася, асабліва такой жорсткасці не чакаў. Я спадзяваўся, што ўлады, убачыўшы столькі нязгодных людзей, пойдуць на перавыбары. Але ж бачыце, як ён учапіўся…

Мы з жонкаю выйшлі на вуліцу 12 жніўня. Пасля таго як забралі сына, мы не маглі заставацца ўдома. Я радаваўся, калі бачыў, колькі выходзіла людзей. Адукаваных, разумных. З Гомеля ведаю шмат кандыдатаў і дактароў навук, якія выходзілі. У мяне была надзея, што нешта зменіцца. Трэба было крыху паднаціснуць тады, і мы б усё змаглі. Тым не менш я дасюль веру, што перамога непазбежная. Гэта толькі пытанне часу цяпер.

Amnesty International 14 красавіка заклікала ўлады Беларусі вызваліць Мікіту Залатарова неадкладна, не чакаючы разгляду апеляцыі па ягонай справе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: