«Татачка, б’юць кожны дзень». У Гомелі ў жніўні затрымалі падлетка, абвінавачваюць у хуліганстве

16-гадовага Мікіту Залатарова з Гомеля трымаюць у СІЗА, яго арыштавалі дома 11 жніўня. Падлетка абвінавачваюць у хуліганстве па частцы 3-й артыкула 339. Нібыта Мікіта кінуў у бок супрацоўніка міліцыі, які за ім гнаўся, бутэльку меркавана з запальнай сумессю, піша Радыё Свабода.
Мікіта Залатароў

Мікіта Залатароў

Бацька Міхаіл Лапуноў сказаў Свабодзе, што следства не мае ніякіх доказаў, Мікіта не вінаваты і віны не прызнаў.

«Як мне вядома, там нічога не гарэла, ніхто нічога не падпальваў, нічога ні ў кога не трапіла. Я нават размаўляў з гэтым міліцыянтам. Пытаю, табе што, у галаву трапілі, ці што? Ён нічога не хацеў казаць. Я магу толькі меркаваць, што было б з маім Мікітам, калі б яго дагналі супрацоўнікі. Калі дапусціць, што ён уцякаў, як яны кажуць. Мікіта мой наогул нічога не кажа, ён маўчыць. Я яму даў указанне, каб без адваката і без мяне ні з кім ні пра што не гаварыў», — кажа Міхаіл.

Мікіту арыштавалі дома, калі бацька быў на працы. Напярэдадні хлопчык быў на плошчы, дзе праходзіў мітынг, на прыпынку чакаў сябра. Людзі, якія беглі, сказалі яму, каб уцякаў, бо амапаўцы будуць біць. Хлопец пабег з усімі.

«Я ўпэўнены на сто працэнтаў, што Мікіта ні ў чым не вінаваты і што ён нічога не кідаў. Магчыма, недзе там бегаў, бо тады многа людзей бегала, калі ўсіх пагналі. А што рабіць, у страху вочы вялікія. Пабег, каб не забілі», — кажа бацька.

Мікіта хварэе на эпілепсію, лекуецца з дзяцінства і апошнія два гады пачаў папраўляцца. З прычыны хваробы ў яго надомнае навучанне, прыходзяць настаўнікі 54-й школы. Міхаіл Лапуноў кажа, што пасля затрымання сын быў у пастарунку з 10.30 раніцы да 17.30 без адваката, сацыяльнага работніка ці бацькоў.

«Яны маглі на яго ціск аказваць які заўгодна»

Маці Мікіты была каля пастарунку, калі пасля 17-й гадзіны прыйшлі адвакат і сацыяльны работнік.

«На допыце ён сказаў маці, што яго бʼюць. Яму стала дрэнна, ён пачаў траціць прытомнасць, пасінеў, пабялеў. Выклікалі хуткую і адвезлі ў дзіцячую бальніцу, паклалі ў рэанімацыю».

У эпікрызе лекары напісалі, што ў падлетка быў эпілептычны сіндром.

«Жонка з ім у хуткай ехала. Яна мяркуе, што гэта не прыступ эпілепсіі быў. Бо ён пасінеў, у яго сэрца спынялася. Хутчэй за ўсё, ад таго, што білі па галаве. Пра гэта ён лекарам на хуткай казаў, што білі па галаве, білі ўсюды, сцягвалі сцяжкамі, катавалі, патрабавалі пароль ад тэлефона. Урэшце заламалі яму рукі, ногі, а пароль, відаць, адразу не спрацоўваў, бо ў яго бралі адбіткі пальцаў і пальцы былі брудныя, відаць, сканэр не адразу спрацаваў».

Разам з Мікітам затрымалі і яго 18-гадовага брата Уладзя, потым вызвалілі. Ён расказаў, што калі сядзеў на калідоры, то чуў Мікітавы крыкі.

«Білі пераважна па патыліцы, каб не бачна было»

Бацькам не дазволілі зайсці ў палату рэанімацыі, якую ахоўвала некалькі супрацоўнікаў. Міхаіл Лапуноў прасіў лекараў зняць пабоі, але яны сказалі, што ў іх няма для гэтага спецыяліста і, маўляў, гематом у хлопца няма. Тады Міхаіл звярнуўся ў пракуратуру і Следчы камітэт.

«Але, замест таго каб у нечым разбірацца, яны на наступны дзень забралі Мікіту з рэанімацыі і завезлі ў ІЧУ. Мяне выклікалі на следчыя дзеянні. Атрымалася, што я змог з ім пагутарыць, мы былі ў адным памяшканні. Я яго пераапранаў. Ён мне галаву на плячо паклаў і кажа: „Татачка, бʼюць кожны дзень“. Вось гэты, кажа, які за сталом сядзіць, біў. Казаў, што білі пераважна па патыліцы, каб не бачна было. Білі ў КПЗ. У ІЧУ».

Міхаіл мяркуе, што сына выдалі з бальніцы пад ціскам, бо з рэанімацыі на наступны дзень нікога не адпускаюць.

«Яго адмыслова адтуль прыбралі, каб да яго нельга было дабрацца, нельга было зняць пабоі. Яго нават нармальна не агледзелі, накіравалі ў ІЧУ. У бальніцы далі эпікрыз, хоць там нічога толкам не напісана», — расказвае бацька.

Міхаіл кажа, што пераапрануў сына перад апазнаннем супрацоўнікам міліцыі. А супрацоўнік сказаў, што Мікіту пазнаў па красоўках і адзенні.

Мікіту 10 дзён трымалі ў ІЧУ, а цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 3 Гомеля. Бацькам да суда адмовілі ў спатканнях. Перадачы прымаюць, хоць не дазволілі карыстацца дасланымі грашыма, з камеры забралі тэлевізар. Ад Мікіты бацькі атрымалі тры лісты. Міхаіл хвалюецца, што пабоі і псіхалагічны ціск маглі паўплываць на здароўе сына.

«Адзін раз скардзіўся, што яму было дрэнна і сукамернікі выклікалі лекара, чакалі яго доўга. Перадалі яму лекі, спачатку не хацелі браць, але ўзялі. Потым казалі, што ў іх ёсць, абяцалі, што будуць даваць. Не ведаю, праўда гэта ці не, бо спатканняў не даюць», — кажа Міхаіл.

26 жніўня пасля публікацый у мясцовых СМІ УУС Гомельскага аблвыканкаму паведамляла, што, паводле інфармацыі УСК па Гомельскай вобласці, Мікіта з'яўляецца адным з падазраваных па крымінальнай справе аб асабліва злосным хуліганстве.

«Папярэдне ўстаноўлена, што 10 жніўня прыкладна ў 23 гадзіны 20 хвілін з боку групы грамадзян, якія знаходзіліся каля дому № 51 па праспекце Леніна, у бок супрацоўнікаў міліцыі была кінутая бутэлька з вадкасцю з характэрным пахам бензіну». Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Таксама праводзіцца праверка па заяве бацькі, які мяркуе, што сына збілі. «Усім фактам будзе дадзена прававая ацэнка», — паведамляла міліцыя.

Паводле Міхаіла Лапунова, нядаўна са Следчага камітэту прыйшоў ліст, што тэрмін гэтай праверкі 17 верасня працягнуты да двух месяцаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: