«ТБМ — фiліял БНФ»: «СБ-Беларусь сегодня» напісала пра «пагрозу» нацыяналізму

Газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня» апублікавала матэрыял у выглядзе ліста ў рэдакцыю, у якім рэзка крытыкуецца ідэя стварэння ў Беларусі нацыянальнага ўніверсітэту.

Ілюстрацыя — sb.by

Ліст апублікаваны за подпісам працуючай пенсіянеркі СШ № 2 г. Паставы Рэгіны Ластоўскай.

«Я ўсімі рукамі супраць адкрыцця ў Беларусi нацыянальнага ўніверсітэту. Паверце, ён будзе не нацыянальны, а нацыяналістычны, з дыскрымінацыяй значнай часткі насельніцтва Беларусі», — піша яна.

Рэгіна Ластоўская згадвае, што да Аляксандра Лукашэнкі па гэтым пытанні звярталася дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім.

«А што такое зараз ТБМ? Гэта фiлiял БНФ i з гэтага разраду партый. Лiчу, што «свядомыя» надзейна ўмацаваліся ў адукацыі i культуры. Не разумею, чаму ў Мiнску гэтага не бачаць. З тэлевізара, радыё чуеш словы: «iмпрэза», «спадары», «гульцы», «унёсак», «квіты» i г. д. Народ гэтых слоў не разумее. Часта ў мяне як у настаўніцы суседкі пытаюцца, што азначае тое цi iншае слова. Якая ж гэта беларуская мова, калі народ не разумее, што азначаюць так званыя беларускія словы?» — адзначаецца ў публікацыі (захоўваецца мова арыгінала. — belsat.eu).

Аўтарка ліста нібыта была на ўстаноўчым з’ездзе БНФ у 1989. Яна абуралася, што на зʼездзе размаўлялі выключна па-беларуску і апісвае мерапрыемства так: «Праз кожныя 20–25 хвiлін работы зал дружна ўскокваў, выкідваючы ўперад па-гітлераўску руку i крычучы: «Жыве Беларусь!». Потым Рэгіна Ластоўская быццам бы напісала крытычны артыкул пра зʼезд у раённую газету, а «свядомыя» ёй пагражалі забойствам.

«ТБМ — фiліял БНФ. I ВНУ будзе не нацыянальная, а нацыяналістычная. Думаю, што я, дачка ветэрана вайны, маючы вялікі жыццёвы вопыт, напісаўшы гэта доўгае пiсьмо, змагла данесці тое, што не патрэбна ў Беларусi ствараць цэнтр нацыяналізму», — адзначаецца ў лісце.


Адзін з заснавальнікаў БНФ Вінцук Вячорка так пракаментаваў публікацыю «СБ» у сваім Фэйсбуку:

«Галоўная дзяржаўная газета дала ўзорны прыклад ужывання мовы нянавісці, распальвання нацыянальнай і моўнай варажнечы, а таксама публікацыі відавочнага і мэтанакіраванага паклёпу».

belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-01-19 13:05:07
Што такое рэдактар "СБ" і яго метады, вядома даўно. Можна пачытаць, напрыклад, тут: http://belisrael.info/?p=9337 http://belisrael.info/?p=3891 (апошнія абзацы). Крыўдна хіба за аўтара карыкатуры Алега К., які быў някепскім мастаком, працаваў у "Своб. новостях", а цяпер...
  • ВР
  • 2018-01-19 16:39:24
Трохі крыўдна і за асобных "незалежных журналістаў" (aka бабулі ля пад'езду), якія праз сваю абмежаванасць або знарок абсмоктваюць дробныя эпізоды, ствараючы інфармацыйны шум, дзе губляюцца сапраўды важныя тэмы. Што на руку тым, хто ініцыяваў публікацыю Р. Ластоўскай або, напрыклад, Халдзея на "Рэгнуме".