ТБМ: «Мы маем галоўнае — сваю ўласную дзяржаву»

Рады ТБМ выступіла са зваротам з нагоды 100-годдзя Беларускай народнай рэспублікі. І заклмкала ўрачыста і годна адзначыць 100-гадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці.

“Сёлетні 2018 год праходзіць пад знакам выдатнай падзеі ХХ ст. — 100-гадовага юбілею аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Для кожнага грамадзяніна нашай краіны гэта найважнейшая дата. Роўна сто гадоў таму ў няпростых палітычных умовах нашы папярэднікі — тагачасная палітычная эліта — зрабілі рашучыя крокі, узяўшы на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, і абвясцілі пра стварэнне суверэннай дзяржавы.

Іх дзейнасць стала асновай для далейшай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы Рэспубліка Беларусь, якая з’явілася на карце свету ў 1991 г. Збылася мара многіх пакаленняў беларусаў — жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру, ладзіць сваё жыццё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасцей.

На жаль, не ўсё зроблена так, як павінна быць і як бы нам хацелася. Але мы маем галоўнае — сваю ўласную дзяржаву.

Таварыства беларускай мовы віншуе грамадзян Беларусі і ўсіх нашых суайчыннікаў з гэтай датай — 100-мі ўгодкамі БНР.  Мы вітаем усіх, хто далучыўся да святочных мерапрыемстваў, хто ладзіць розныя імпрэзы з нагоды юбілею па ўсёй краіне і за яе межамі.

Заклікаем урачыста і годна адзначыць 100-гадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэта выдатная нагода для кансалідацыі актыўных грамадскіх сіл краіны. Разам мы зможам здзейсніць усё задуманае нашымі папярэднікамі дзеля годнага жыцця нашага народа і росквіту Беларусі”.  

 Паводле прэс-службы ТБМ

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць