ТБМ збірае подпісы ў падтрымку прысваення адной з мінскіх вуліц імя Тадэвуша Касцюшкі

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) абвясціла пра пачатак грамадскай кампаніі, якая ставіць сваёй мэтай дамагчыся перайменавання адной з вуліц Мінска ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. 



Кампанія прымеркаваная да 270-годдзя знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года на тэрыторыях сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы.


Сябры ТБМ аформілі свае прапановы ў выглядзе электронных зваротаў у Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Так, у дакуменце ў адрас сталічных уладаў гаворыцца, што вуліцы, якія носяць імя Касцюшкі, ёсць у Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах, у прыватнасці ў Баранавічах, Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Пінску. У той жа час на карце Мінска імя знакамітага беларуса да гэтага часу няма.
 

Міністэрству культуры, у сваю чаргу, прапануецца аб'явіць конкурс на выраб помнікаў Тадэвушу Касцюшку ў Мінску, Брэсце, а таксама на малой радзіме знакамітага беларуса — у Косаве (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У звароце гаворыцца, што па ўсім свеце ўстаноўленыя сотні помнікаў Касцюшку, але ні аднаго — у Беларусі.
 

Заручыўшыся падтрымкай інтэрнэт-рэсурсу zvarot.by, Таварыства беларускай мовы пачало збор подпісаў пад гэтымі двума дакументамі. Калектыўныя звароты, падмацаваныя сабранымі подпісамі, плануецца накіраваць адрасатам 4 лютага, у дзень нараджэння Касцюшкі.


На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, гэтая акцыя "дазволіць ўсяму свету даведацца, выхадцам з якой краіны з'яўляецца Тадэвуш Касцюшка і што грамадзяне гэтай краіны — Беларусі — не забываюць сваіх сапраўдных герояў".
 
 
 
Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!