Тэатралы супраць дармаедаў з сярэдняй адукацыяй

Хоцькі-няхоцькі беларуская дзяржава стала пачынальніцай новага віда мастацтва — судовых містэрыяў.

Мяркуйце самі: «заўзятыя тэатралы, гісторыкі, аматары выяўленчага мастацтва» ладзяць спектаклі, падчас якіх імкнуцца несці ў свет «разумнае, добрае, вечнае», выкрываючы злосных парушальнікаў закона і грамадскага парадку. Жанр містэрыі найбольш адпавядае гэтай з’яве выкшталцонага мастацтва: як мы памятаем, адным з сюжэтаў сярэднявечных містэрый быў Страшны суд. Што не выключае выкарыстання ў прадстаўленні фарсавых п’есак.

Сюжэтная канва ідэальна адпавядае законам класічнай драматургіі. П'есу, у адрозненне ад кнігі ці фільма, нельга адкласці на потым, таму дзея адбываецца без істотных перапынкаў (за выключэннем непрацяглых «антрактаў»), часцей за ўсё — імкліва і дынамічна (многія «рэжысёры» ў мантыях паспяваюць давесці яе да кульмінацыі літаральна за 10 хвілін, не змяншаючы тым самым, а часам, наадварот, павялічваючы напал эмоцый у глядацкай зале. Варта адзначыць і моманты інтэрактыву ды імправізацыі ў такіх прадстаўленнях. Мала таго, што яны адбываюцца ў сапраўдных судовых залах, гледачы ў іх адначасова з’яўляюцца акцёрамі другога плану і могуць нават выступаць са спантаннымі рэплікамі. Праўда, нядоўга і не надта актыўна — іначай «рэжысёр», імкнучыся захаваць асноўную сюжэтную лінію, можа выдаліць з залы, каб не замінаць гульні галоўных артыстаў.
Чытайце таксама:

Ці стала міліцыя ў Беларусі ветлівай?


Ролі ж вядучых дзеючых асобаў распісаныя ў лепшых традыцыях драматычнага жанру: злачынцы тут — абавязкова маргінальныя тыпы, у пераважнай большасці беспрацоўныя, з сярэдняй адукацыяй. Паводле сюжэту, яны імкнуцца дэстабілізаваць сітуацыю ў адной квітнеючай краіне, ладзячы масавыя беспарадкі, выкарыстоўваючы незарэгістраваную сімволіку і выгукваючы забароненыя лозунгі. Але іх небяспечныя дзеянні своечасова і мужна спыняюць гераічныя прадстаўнікі грамадства, якія няспынна, часам працуючы пад прыкрыццём і па ненармаваным графіку, нясуць сваю няпростую службу па выратаванні самай стабільнай у свеце краіны. Гэтыя героі ўвасабляюць сабой ідэал чалавека: брутальныя і спартовыя звонку, яны не ўяўляюць свайго жыцця без прыгожага мастацтва. Апроч таго, яны маюць фенаменальную памяць і іншыя звышчалавечыя здольнасці. Нават жывуць яны ўсе як на падбор на адной вуліцы з гучнай і надзвычай адпаведнай назвай — Герояў 120-й дывізіі.

Разам з тым, нягледзячы на імкненне прытрымлівацца класікі жанру, стваральнікі судовых містэрый не баяцца ламаць звыклы сцэнар. Напрыклад, сфармуляванае яшчэ Арыстоцелем і абавязковае для ўсіх класічных драматычных твораў адзінства месца, часу і дзеяння ў спектаклях становіцца зусім неабавязковым. Так, некаторыя героі (часцей за ўсё адмоўныя) умудраюцца адначасова прысутнічаць у некалькіх месцах. Але гэта не ратуе іх ад грознага і страшнага прысуду.

Жанр судовых містэрыяў яшчэ малады, але ўжо, здаецца, прэтэндуе на тое, каб стаць нацыянальным. Аднак пакуль што ён мае адну істотную хібу: надта высокая плата за прадстаўленне — ад 15 да 50 базавых за адзін квіток, альбо да 15 дзён зняволення — пэўна, каб лепей асэнсаваць ідэю спектакля.

А што вы хацелі? Шэдэўры мастацтва каштуюць дорага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: