«Тэмы ідэнтычнасці беларусаў сталі ахвярай дзяржаўнай прапаганды»

BISS прэзентаваў другі «Індэкс ідэнтычнасці» беларусаў. Паводле найноўшага аналізу, агулам унёсак як дзяржавы, так і грамадскасці і бізнесу ў нацыянальную ідэнтычнасць рашуча ўпаў.
Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) прэзентаваў другі выпуск свайго новага аналітычнага прадукту – «Індэкса ідэнтычнасці», піша polskieradio.pl. Першы выпуск індэкса ахопліваў перыяд жнівень – кастрычнік 2020 года, то бок адзін з самых напружаных перыядаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Новы выпуск аналізуе падзеі трох наступных месяцаў, калі вулічная актыўнасць сцішвалася, а прапаганда набірала абароты. Якія высновы зрабілі аналітыкі?

Як паясняюць аўтары, «Індэкс ідэнтычнасці» базуецца на празрыстым аналізе інфармацыі, даступнай у адкрытых крыніцах. Эксперты спалучаюць, як якасны, так і колькасны аналіз. Яны адбіраюць розныя падзеі, якія тычацца ідэнтычнасці і падзяляюць іх паміж гэтак званых актораў – дзяржавы, грамадства і бізнес.

Падчас прэзентацыі эксперты задумоўваліся, між іншым пра тое, якія наратывы прасоўвае дзяржаўная прапаганда адносна беларускай ідэнтычнасці? Як павязаныя ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і грамадска-палітычны раскол? Як змяніўся ўплыў на ідэнтычнасць дзяржавы, грамадства і бізнесу зімой 2020-2021 гадоў у параўнанні з перыядам актыўных вулічных пратэстаў?.

Асноўная выснова, якую можна зрабіць на падставе найноўшага «Індэкса ідэнтычнасці» – унёсак усіх трох «актораў», то бо дзяржавы, грамадства і бізнесу ў нацыянальную ідэнтычнасць зменшыўся, кажа культуролаг, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка:

— У параўнанні з першым выпускам «Індэкса ідэнтычнасці» можна зафіксаваць, што балы ўсіх актораў ва ўнёсак у ідэнтычнасць зменшыліся. Дзяржаўны ўнёсак знізіўся на дзве траціны, грамадскі – у восем разоў, а бізнесовы ў пяць разоў.

Аналітык звяртае ўвагу на некалькі наратываў, якія прасоўвалі дзяржаўныя СМІ. Перш за ўсё яны гублялі агульнанацыянальны кантэкст, прасоўваючы лакальную або рэгіянальную ідэнтычнасць. Іншы наратыў, датычны ідэнтычнасці – гэта этнаграфічнасць і гістарычная дыстанцыя. Аднак самым яркім, паводле аналітыка, з’яўаецца фашысцкі наратыў дзяржавы, адносна гістарычнага белa-чырвона-белага сцяга:

— З пункту гледжання ідэнтычнасці мы бачым, што нацыянальны сцяг проста становіцца ахвярай згаданага наратыва, а ўлада лёгка гатовая казаць тое ж самае, што казалі нямецкія захопнікі, пры чым усе гэта застаецца маніпуляцыяй.

Што тычыцца ўнёску грамадства ў новы «Індэкс ідэнтычнасці» – гэта, перш за ўсё, рэфлексія над падзеямі мінулых месяцаў, што выяўлялася, як у выглядзе заяваў і паведамленняў, так і мастацкіх мерапрыемстваў. У сваю чаргу, у дзяржаўных СМІ з’явіўся наратыў у выглядзе крытычных «лістоў слухачоў». Цікава, што за перыяд, якога датычыць другі выпуск індэкса, была зафіксавана толькі адна падзея, датычная ўнёску бізнесу ў ідэнтычнасць. Гаворка ідзе пра мурал Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, кажа Мажэйка:
— У цяперашніх палітычных умовах бізнес асцярожна ставіцца да ініцыятываў звязаных з ідэнтычнасцю, паколькі гэта можа быць небяспечным і такім чынам успрымаецца.

У якасці прыкладу Мажэйка нагадвае, што ў рамках святкавання 100-годдзя БНР, напрыклад, у Лідзе выпускалі піва з мапкамі БНР на бутэльках. Зараз бізнес асцерагаецца рабіць такія рэчы, паколькі баіцца, што ўлады ўспрымуць гэта, як палітычную заяву.

Падсумоўваючы, маем дзяржаву са значым унёскам у ідэнтычнасць, але адначасова з вялікай доляй прапагандысцкіх наратываў. Ёсць унёсак грамадства, хоць пазітыўны, то ён моцна ўпаў у параўнанні з мінулым перыядам. І нарэшце бізнес, які зараз стараецца наогул не быць датычным да ідэнтычнасці.

У сваю чаргу культуролаг Андрэй Расінскі падкрэслівае, што калі гаварыць пра дзяржаву, то ідэнтычнасць у значнай ступені захоўваецца ў лакальных сферах:

— Колькасць матэрыялаў, прысвечаных тоеснасці знізілася ў разы. Найбольшая колькасць – гэта матэрыялы дзяржаўных СМІ. У сваю чаргу вялікая колькасць з іх – гэта пляжанне гістарычных беларускіх сімвалаў. Грамадства – вялікая колькасць матэрыялаў, але непараўнальна менш з тым, што было раней. Бізнес практычна знік. Калі гаворка ідзе пра грамадскія справы, ідзе рэфлексія над тым шляхам, які быў са жніўня. Што адбылося?; што не адбылося?; дзе былі памылкі? Цікавасць да тоеснасці знізілася ва ўсіх групах. Усё ж, калі ўзяць грамадства, то яно часцей малюе карціны і сучаснасці і таго, што будзе далей – дае пазітыўную павестку.

Палітолаг, палітычны і медыяаналітык Максім Стэфановіч звяртае ўвагу на нацызм, які паяўляецца ў дзяржаўным наратыве:

— Зараз у Беларусі мы бачым развіццё дзяржаўнай мадэлі патрыятызму, які знаходзіцца ў жорсткім канфлікце з любым іншым варыянтам партыятызму. З гэтага вынікае схільнасць да маральнай панікі вакол усяго, што не супадае з гэтай мадэляй. Адтуль і самыя эмацыйныя рэакцыі і эмацыйныя нападкі на апанентаў, на нацыянальную сімволіку і выкарыстоўване дзеля таго вельмі моцнага эмацыйнага аргумента, то-бок нацызма.

Паводле найноўшага індэкса, агулам унёсак як дзяржавы, так і грамадскасці і бізнесу ў нацыянальную ідэнтычнасць рашуча ўпаў. Значная частка рэлевантных для ідэнтычнасці дзеянняў дзяржавы характарызуецца рэгіянальнасцю і прыхільнасцю наратыву тутэйшасці. Дзяржава працягвае таксама наратыў аб тым, што бела-чырвона-белы сцяг ёсць «фашысцкім». Эксперты падкрэсліваюць, што тэмы ідэнтычнасці сталі ахвярай дзяржаўнай прапаганды, якая зараз моцна з імі звязаная. Іх непакоіць таксама антысемітызм, які паяўляецца ў наратыве дзяржавы. Асаблівыя змены адбыліся ў выпадку бізнесу, якога ўнёсак у ідэнтычнасць за даследаваны перыяд рашуча знізіўся.

Нагадваем, сістэматычны аналіз у выглядзе «Індэкса ідэнтычнасці» павінен дазволіць адсочваць змены ў беларускай ідэнтычнасці і пазіцыях розных «актораў» – грамадскіх ініцыятыў, дзяржавы і бізнесу. Ён накіраваны на тое, каб аналізаваць ключавыя падзеі, выяўляць тэндэнцыі ў дынаміцы і фармаваць прагнозы іх далейшага развіцця.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: