Тэрарыст-міратворац

Добры план Пуціна шмат у чым супадае з задумамі Шаміля Басаева. Розніца толькі ў тым, што ў Уладзіміра Уладзіміравіча размах круцейшы: Данбас — гэта тэрыторыя куды больш шырокая, чым бальніца ў Будзёнаўску.



 Апалчэнцам спыніць агонь. Урадавыя войскі вывесці. Арганізаваць міжнародны кантроль. Выключыць прымяненне баявой авіяцыі. Абмяняць ўсіх палонных. Адкрыць гуманітарныя калідоры для бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў. Пачаць наладжваць мірнае жыццё. 
 
 
Што казаць, гэта добры план, і Уладзіміра Уладзіміравіча, які «накідаў» свае сем пунктаў на шляху ў Манголію, можна павіншаваць. Ён класна прыдумаў і прыгожа выклаў. Коратка, ясна, гуманістычна. 
 
 
Шкада толькі, што са спазненнем.
 
 
Зрэшты, з невялікім, гадоў на 15 ці крыху пабольш, калі браць абедзве каўказскіх вайны, па гістарычных мерках — тэрмін мізэрны. Гэта цудоўны план для Чачні, дзе з пераменным поспехам ваявала расійская армія. Успамінаецца нават, што нешта вельмі падобнае, часам прама даслоўна, змяшчалася ў міратворчых закліках чачэнскіх лідэраў. Аслан Масхадаў, у прыватнасці, заклікаў да спынення бамбёжак, вываду федэральных войскаў з Ічкерыі, расфармавання мясцовых партызанскіх атрадаў і ўсталявання кантролю над рэспублікай з боку міжнародных арганізацый. Тады Пуцін неяк не змог па вартасці ацаніць гэтыя прапановы, але мінуў, як гаворыцца, час — і прэзідэнт РФ узяў іх на ўзбраенне. Гэта значыць узброіўся міратворчымі ініцыятывамі, засвоіў і прысвоіў. 
 
 
Хоць, вядома, сітуацыя, якая склалася цяпер ва Украіне, не цалкам адпавядае чачэнскім рэаліям. Дакладней, адпавядае, але, хутчэй, з пераменай роляў. Таму ў якасці узорных для Пуціна прыгадваюцца іншыя прыклады і іншыя на свой лад мірныя планы. Будзёнаўск прыпамінаецца, Дуброўка, Беслан. Тэрарысты захопліваюць бальніцу, тэатральны цэнтр, школу, а потым спрабуюць дыктаваць умовы аднаўлення мірнага працэсу. Умовы да болю знаёмыя. 
 
 
Зноў-ткі спыненне агню. Завяршэнне контртэрарыстычнай аперацыі. І да т.п. Наогул складаецца ўражанне, што ўсе гэтыя планы пішуцца пад капірку, і страшнаватая іх аднастайнасць прымушае незалежнага назіральніка больш канкрэтна ацэньваць кожны такі выпадак. З улікам пабочных абставінаў. Адлучаючы міратворцаў ад тэрарыстаў, што атрымліваецца далёка не заўсёды. 
 
 
У гэтым сэнсе добры план Пуціна шмат у чым супадае з задумамі Шаміля Басаева. Розніца толькі ў тым, што ў Уладзіміра Уладзіміравіча размах круцейшы: Данбас — гэта тэрыторыя куды больш шырокая, чым бальніца ў Будзёнаўску. Акрамя таго, нябожчык Шаміль заўсёды спяшаўся, дакладна ведаючы, колькі дзён ці гадзін яму адмерана на правядзенне тэракту альбо ваеннай аперацыі. За ім былі толькі яго баевікі, а ўнутры самой Ічкерыі стаўленне да акцый басаевских «апалчэнцаў» было, мякка кажучы, неадназначным. 
 
 
Наадварот, Пуціну спяшацца няма куды. 
 
 
За ім — Расія з усімі яе саюзнікамі, то бок войскам і флотам, спецслужбамі і паліцыяй, і 84% ці колькі там ўсенароднай падтрымкі, і Наваросія, найноўшы халіфат, узброены да зубоў зброяй, закупленай у мясцовых ваенторгах. Праўда, закладнікі ў асобе мільёнаў грамадзян Украіны таксама не бяззбройныя, але ў лабавым сутыкненні з ядзернай дзяржавай асуджаныя на паразу. Аднак да лабавога сутыкнення лепш не даводзіць, Захад жа таксама можа далучыцца да АТА, таму Пуцін ляціць у Манголію, далей ад мітусні свецкай, і ў вольную хвіліну накідвае мірны план. І ён не спяшаецца, але цягне час, калі напярэдадні саміту НАТА ў Уэльсе, які практычна цалкам будзе прысвечаны расійскай тэматыцы, выступае са сваімі сям'ю пунктамі.
 
 
Ніхто ж не хоча ваяваць, і ён ім дорыць надзею: маўляў, не стану больш тэрарызаваць Украіну, калі там выканаюць мае ўмовы. Зрэшты, прэс-сакратар Пяскоў тут жа ўдакладняе пазіцыю шэфа, нагадваючы пра тое, што Расія не з'яўляецца бокам у канфлікце, і як быццам перакрэсліваючы мірны пуцінскі план. Маўляў, Уладзімір Уладзіміравіч за мір і вызваленне закладнікаў, але што ён здолее зрабіць, калі Наваросія пойдзе вызваляць Марыупаль? Нічога не здолее зрабіць, і кантрактнікі, якія пайшлі ў адпачынкі са сваімі танкамі і аўтаматамі, так і дойдуць да Кіева, калі санкцыі супраць Расіі будуць станавіцца больш жорсткімі. Можа, і не за два тыдні, як Пуцін паабяцаў кіраўніку Еўракамісіі, але тэрміны тут вялікага значэння не маюць. 
 
 
Наколькі эфектыўная гэтая гульня ў тэрор і міратворчасць — пытанне асобнае. З аднаго боку, Пуціну ўжо ніхто ў свеце не верыць, санкцыі непазбежныя, роўна як і далейшая ізаляцыя РФ, і ціск па ўсіх франтах, і Арсень Яцанюк відавочна не толькі ад свайго імя кажа, калі называе мірны план Пуціна «спробай ашуканства». З іншага боку, пункты выкладзены, па-дурному было б ад іх адмахвацца, тым больш што ўкраінская армія пасля трагедыі пад Ілавайскам мае патрэбу ў адпачынку. Таму ў Брусэлі і Кіеве таксама будуць імітаваць міратворчыя рэфлексіі, як іх імітуюць ў Маскве. Абы, як гаворыцца, не было вайны, хоць не факт, што вайну можна спыніць імітацыяй міратворчых рэфлексій. 
 
 
Па сутнасці мы з'яўляемся сведкамі шматмесячнага тэракту, у прастамоўі «гібрыднай вайны», якой не відаць канца, як не відаць канца пакутам украінскіх закладнікаў. Сам Пуцін у падобных выпадках дзейнічаў інакш. Чакаў пару дзён, а на трэці прыступаў да ліквідацыі тэрарыстаў пры дапамозе розных падручных сродкаў: атрутных газаў, танкаў і агнямётаў. На месцы Абамы ён, верагодна, таксама не стаў бы асабліва марудзіць; зрэшты, прадставіць Пуціна на месцы Абамы немагчыма. Аднак у цывілізаваным свеце так не прынята, па меншай меры ў такім тэмпе, аднаго Мілошавіча ўгаворвалі дзесяць гадоў, і гэта значыць, што феномен пуцінскай міратворчасці з выбліскамі тэрарызму мы асуджаныя назіраць яшчэ даволі доўга. 
 
 
Але не вечна. Бо ўсё канчаецца, уключаючы тэракты, жыццё рана ці позна наладжваецца, і выжылыя закладнікі выходзяць на волю, і выжылыя тэрарысты займаюць самыя ганаровыя месцы на лаве падсудных. Заказчыкаў і арганізатараў гэта датычыцца ў першую чаргу, і суддзя абавязкова дасць ім выгаварыцца, калі яны захочуць ў падрабязнасцях выкласці свае мірныя планы, умовы, патрабаванні.

Ілья Мільштэйн, svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: