Тэрміновую акцыю за вызваленне праваабаронцы Марфы Рабковай абвясціла Amnesty International

Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ «Вясна» Марфы Рабковай.

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Фота Spring96.org

«Яна з'яўляецца вязнем сумлення, бо яе пераслед звязаны выключна з мірнай праваабарончай дзейнасцю», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Праваабаронцы заклікаюць усіх неабыякавых людзей напісаць ліст старшыні Следчага камітэта Беларусі і запатрабаваць вызвалення Марфы Рабковай.

Ва ўзоры ліста да беларускіх уладаў падкрэсліваецца, што Марфа Рабкова “не ўчыніла ніякага злачынства” і таму “няма падставаў для яе пераследу”.

“Яе затрыманне, утрыманне пад вартай і пераслед з'яўляюцца помстай за праваабарончую дзейнасць і складаюць сур'ёзнае парушэнне абавязацельстваў Беларусі ў межах міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў чалавека”, — адзначае Amnesty International.

Міжнародныя праваабаронцы таксама заклікаюць беларускія ўлады спыніць пераслед сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці, паважаць правы на свабоду асацыяцый, мірныя сходы і выказванне меркаванняў.

Нагадаем, увечары 17 верасня ў Мінску ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці) была затрымана каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК). Крымінальную справу вядзе Упраўленне следчага камітэту па Мінску. Днём 18 верасня стала вядома, што Марфа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, Front Line Defenders, Amnesty International і беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі ў падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем да ўладаў аб неадкладным яе вызваленні.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: