The New York Times: Лукашэнка спрабуе граць на антырасійскіх настроях грамадства

The New York Times нагадвае, што ў Беларусі з 1994 году не было выбараў, якія незалежныя назіральнікі палічылі б свабоднымі і справядлівымі. Лукашэнка выйграў пяць прэзідэнцкіх выбараў запар, і яны часта суправаджаліся жорсткімі рэпрэсіямі, піша «Свабода».



Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, 7 лютага 2020 года


Аляксандр Лукашэнка, які раней называў сваіх палітычных праціўнікаў марыянеткамі Захаду, цяпер спрабуе гуляць на антырасійскіх настроях ўнутры краіны і на Захадзе, піша карэспандэнт The New York Times у Маскве Эндру Гігінз.

Даўні аўтарытарны лідар Беларусі, піша Гігінз, робіць нечаканы новы крок, які, як ён спадзяецца, выкліча да яго сімпатыю на Захадзе — абвінавачвае Расію ва ўмяшанні ў выбары.

Знаходзячыся ва ўладзе 26 гадоў, Лукашэнка, настолькі разгубіўся з прычыны ўсплёску незадаволенасці і падтрымкі патэнцыйных супернікаў на выбарах 9 жніўня, што развярнуў сваю прапагандысцкую машыну на Маскву, якая раней была яго самым блізкім саюзнікам і галоўным спонсарам.

На працягу многіх гадоў Лукашэнка маніпуляваў суперніцтвам паміж Усходам і Захадам, каб утрымацца ва ўладзе. Выступаючы ў пятніцу на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ў Мінску, Лукашэнка заявіў, што сарваў змову з мэтай зрабіць рэвалюцыю, арыштаваўшы дзень да гэтага Віктара Бабарыку, патэнцыйнага канкурэнта на выбарах і былога кіраўніка расійскага банку.

Нягледзячы на тое, піша Гігінз, што прэзідэнт ужо даўно асуджае тых, хто гаворыць па-беларуску, а не па-расійску, і саджае ў турму беларускіх нацыяналістаў, ён сказаў, што не дазволіць нікому пагражаць суверэнітэту краіны. «Няма большай каштоўнасці, чым суверэнная і незалежная Беларусь», — заявіў Лукашэнка.

У той жа дзень дзесяткі дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы Менску і іншых гарадоў на знак пратэсту супраць арыштаў, былі затрыманыя сіламі бяспекі, якія цяпер застаюцца, магчыма, апошняй непахіснай базай падтрымкі Лукашэнкі.

Даўняя сувязь Віктара Бабарыкі з «Газпрамам», які Крэмль часта выкарыстоўваў як геапалітычны інструмент, зрабіла яго лёгкай мішэнню.

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат, Сяргей Ціханоўскі, папулярны відэаблогер і былы бізнэсмэн, таксама быў арыштаваны і абвінавачаны ў сувязях з Расіяй. Следчыя сцвярджаюць, што знайшлі каля 1 мільёна даляраў і выказалі здагадку, што грошы паходзяць з Расіі.

The New York Times нагадвае, што ў Беларусі з 1994 году не было выбараў, якія незалежныя назіральнікі палічылі б свабоднымі і справядлівымі. Лукашэнка выйграў пяць прэзідэнцкіх выбараў запар, і яны часта суправаджаліся жорсткімі рэпрэсіямі.

У мінулым, аднак, рэпрэсіі заўсёды ішлі ўслед за галасаваннем, калі тыя, хто падтрымліваў кандыдатаў апазіцыі, выходзілі на вуліцы, каб пратэставаць супраць фальсіфікаваных вынікаў галасавання. На гэты раз Лукашэнка пачаў рэпрэсіі раней, што, паводле Эндру Гігінза, з’яўляецца прыкметай таго, што кіраўнік Беларусі занепакоены іх вынікам.

У Беларусі незалежныя апытанні грамадскай думкі жорстка абмежаваныя, а вынікі апытанняў, якія праводзяцца ўладнымі арганізацыямі, звычайна трымаюцца ў сакрэце.

Але ў красавіку сацыёлагамі Акадэміі навук было праведзена апытанне, якое паказала, што толькі каля траціны насельніцтва давярае Лукашэнку, які кантралюе ўсе тэлевізійныя і іншыя традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Цяпер, піша газета, нездаволены Расіяй з прычыны коштаў на энэрганосбіты і натхнёны паляпшэннем адносін з Вашынгтонам, Лукашэнка ўсё больш супраціўляецца ціску з боку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з мэтай аб’яднання Беларусі і Расіі ў так званую «саюзную дзяржаву», задуманую яшчэ ў 1990-я гады.

Марына Рахлей, беларускі эксперт з Нямецкага фонду Маршала ў Берліне, сказала The New York Times, што «няма ніякіх доказаў» у падтрымку абвінавачванняў умяшання «Газпраму» або расійскай дзяржавы, і што праблемы Лукашэнкі — гэта пераважна вынікі шырока распаўсюджанай стомленасці сярод выбаршчыкаў ад яго доўгага знаходжання ва ўладзе і з прычыны яго рэакцыі на пандэмію каронавірусу.

«Сітуацыя пагражае выйсці з-пад кантролю Лукашэнкі», — кажа Рахлей. — Насамрэч ён не можа прымусіць замаўчаць пратэсты, паколькі яны ў значнай ступені распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках і распаўсюджваюцца, як лясны пажар».

Маладыя людзі ў Беларусі, піша Эндру Гігінз, даўно крытыкуюць Лукашэнку, які з’вяртаецца пераважна да пажылых грамадзян, асабліва ў сельскай мясцовасці, якія маюць настальгію па Савецкім Саюзе. Але прэзідэнцкая кампанія паказвае, што незадаволенасць выйшла далёка за межы маладых выбаршчыкаў і мае месца нават у беларускім істэблішменце.

Незадоўга да арышту Віктар Бабарыка даў інтэрв’ю «Эхо Москвы», ліберальнай расійскай радыёстанцыі, кантрольны пакет акцый якой належыць «Газпраму», і пасмяяўся з абвінавачванняў у тым, што ён з’яўляецца марыянеткай расійскіх інтарэсаў і што яго падтрымлівае Масква.

Бабарыка адзначыў, што ў мінулым ён падвяргаўся крытыцы ў Расіі за «выкарыстанне грошай „Газпраму“ для развіцця беларускага нацыянальнага руху», спасылаючыся на яго рашэнне фінансаваць пераклад твораў Святланы Алексіевіч з расійскай на беларускую мову. Алексіевіч, беларуска, якая атрымала Нобелеўскую прэмію 2015 году ў галіне літаратуры, з’яўляецца рэзкім крытыкам пуцінскай Расіі.

«Расіяне заўсёды казалі, што я беларускі нацыяналіст, у той час як беларусы казалі, што я прарасійскі, таму што я працаваў на “Газпрам”, — сказаў тады Бабарыка. — Захад не ведае, што і думаць».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: