«Толькі адзін выбар — збегчы». Таксіст з Гродна расказаў, чаму не прыйшоў у суд і як апынуўся ў Літве

3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна з апошнім словам і чакаць рашэння суддзі. Збітаму ў жніўні АМАПам таксісту пракурор запрасіў пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Але ў суд Аляксей, які вінаватым сябе не лічыць, не прыйшоў. Ён перабег беларуска-літоўскую мяжу (калі менавіта, ён не паведамляе) і папрасіў палітычнага прытулку ў Літве. Гродзенец падзяліўся сваёй гісторыяй з карэспандэнтам Hrodna.life.
Аляксей Лапа ў момант затрымання і ў шпіталі

Аляксей Лапа ў момант затрымання і ў шпіталі


Аляксей Лапа — 31-гадовы часова беспрацоўны, да затрымання 11 жніўня 2020 года працаваў таксістам. У той дзень яго з сябрамі затрымалі і збілі. Пазней Лапу і аднаго з прыяцеляў абвінавацілі ў гвалце над амапаўцамі. Разбіральніцтва ішло ў судзе Кастрычніцкага раёна чатыры месяцы. Аляксей сябе называе пацярпелым, але ніяк не вінаватым.

«Не хацелася з'язджаць да апошняга»

Пра сваё рашэнне пакінуць краіну Аляксей нікому не паведамляў. Са сваякамі звязаўся, толькі калі перасёк літоўскую мяжу. У размове з карэспандэнтам Hrodna.life гродзенец прызнаўся, што ўцёкі — самае адчайнае рашэнне ў яго жыцці.

«У мяне быў толькі адзін выбар — збегчы. Я з'яўляюся пацярпелым, а мне хочуць даць тры гады калоніі. Пасля таго, што адбывалася ў краіне, у мяне проста не было веры беларускаму правасуддзю. Шчыра, не хацелася з'яжджаць да апошняга, але трэба было прымаць рашэнне: садзіцца ў турму або з'язджаць з краіны».

Лапа пераходзіў літоўскую мяжу ўначы. Ён разумеў, што яго могуць затрымаць яшчэ на беларускім баку і ўзяць пад варту.

«Было страшна. Не было ўпэўненасці, што змагу перабегчы ў Літву. Рызыка ў такіх сітуацыях заўсёды ёсць. Таму трэба было бегчы толькі наперад. У выніку атрымалася пералезці плот і выйсці на літоўскую тэрыторыю. Праз некалькі хвілін да мяне пад'ехала машына памежнікаў, спыталі, чаму я тут знаходжуся. Праверылі заплечнік з рэчамі і павезлі на заставу».

Затрыманне кіроўцы і пасажыраў аўто 11 жніўня

Пакуль на каранціне, потым — у лагеры для бежанцаў

Пры сустрэчы з літоўскімі памежнікамі Аляксей папрасіў палітычнага прытулку. На заставе ў яго забралі рэчы і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Мне адразу сказалі, каб я нічога не баяўся. Ніхто выдаваць мяне беларускаму боку не збіраецца. Папрасілі напісаць сваю гісторыю і чаму прашу прытулку ў Літве. Пасля гэтага прыехаў прадстаўнік міграцыйнай службы і мяне выпусцілі».

Пакуль Аляксей знаходзіцца на каранціне на заставе літоўскіх памежнікаў і чакае выніка тэсту на COVID-19. Пасля каранціну гродзенца павінны перавезці ў лагер для бежанцаў.

«Пасля збіцця ў жніўні ў мяне пагоршылася здароўе. Гэта быў неабгрунтаваны гвалт у жачыненні да мяне і іншых мірных грамадзян Беларусі. Такога быць не павінна. Я гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі законы пачнуць працаваць на карысць грамадзян».

У жніўні 2020 года Аляксей звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай: прасіў правесці праверку па факце збіцця яго супрацоўнікамі АМАПа. У студзені 2021 года прыйшоў адказ: адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы «за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства».

Аляксей да і пасля збіцця 11 жніўня

Апошняе слова

3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна з апошнім словам. Да суда ён рыхтаваўся і напісаў 35 старонак тэксту для апошняга слова.

«Тое, што адбылося са мной 11-12 жніўня 2020 года, — гэта цяжкая траўма, як фізічная, так і маральная. З ёй складана справіцца, адбітак застанецца на ўсё жыццё. Фізічны боль, які я адчуў, я не пажадаю нікому, нават тым, чыімі непасрэднымі дзеяннямі ён быў мне прычынены. Параўнаць мае пачуцці можна з перажываннямі, якія адчуваюць героі кніг, фільмаў пра Другую сусветную вайну, у якіх апісваюцца здзекі фашыстаў з ваеннапалонных».

У Гродне Аляксей афармляў дакументы на інваліднасць з-за траўм, якія атрымаў у момант затрымання. У яго было мноства пераломаў і ўдараў. У 2020 годзе Лапу правялі дзве аперацыі. У Літве ён плануе таксама прасіць аб медыцынскай дапамозе. З гродзенцам ужо звязаліся прадстаўнікі фондаў, якія аказваюць дапамогу бежанцам з Беларусі.

Пасадзіць або апраўдаць: што раней казалі ў судзе пракурор і адвакат?

22 лютага пракурор запрасіў збітаму АМАПам таксісту Аляксею Лапу пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, і папрасіў узяць яго пад варту пасля абвяшчэння прысуду. Таксама пракурор запрасіў канфіскацыю аўтамабіля Лапы і кампенсацыю судовых выдаткаў. Адвакат настойваў, што Аляксея Лапу трэба апраўдаць па некалькіх прычынах. Па-першае, з-за парушэння норм крымінальна-працэсуальнага закона пры ўзбуджэнні справы. Па-другое, з-за парушэння закона пры вытворчасці папярэдняга следства і недаказанасці ўдзелу Аляксея ў здзяйсненні злачынства. Па-трэцяе, з-за адсутнасці прамога намеру ў Лапы, чым характарызуецца арт. 364 КК, і адсутнасці грамадска-небяспечнага дзеяння.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: