«Толькі шчаслівыя і свабодныя людзі могуць зрабіць нашу краіну лепшай»

Галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава напісала з турмы калонку для zerkalo.io.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Незалежнай Беларусі ў гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў. Дзве траціны гісторыі нашай краіны зафіксаваныя беларускім парталам TUT.BY. Прызнаць яго экстрэмісцкім — значыць знішчыць 20-гадовы архіў беларускай гісторыі, знішчыць сам рэсурс і шматгадовую працу яго вялікай каманды. Пазбавіць трохмільённую аўдыторыю любімай крыніцы інфармацыі. І ўсё гэта толькі таму, што рэдакцыйная палітыка TUT.BY не задавальняе ўладу.

TUT.BY заклікаў да гвалтоўнай змены ўлады? Не. Да іншых гвалтоўных дзеянняў? Таксама не. Абражаў сілавікоў або дзеючую ўладу? Зноў міма. МУС у сваім звароце ў суд указвае, што ў публікацыях TUT.BY вышэйшыя службовыя асобы характарызуюцца негатыўна. А дзеянні ўлады можна ацэньваць толькі пазітыўна? Крытыкаваць нельга наогул? Гэта злачынства, экстрэмізм?

Нашай галоўнай задачай заўсёды было дакладна і аператыўна інфармаваць аўдыторыю аб тым, што адбываецца ў краіне і свеце. Факты першасныя — такі наш падыход да працы. Упэўненая, менавіта гэтая пазіцыя дазволіла стаць нам галоўным беларускім онлайн-медыя.

І менавіта гэтая пазіцыя стала прычынай, па якой улада вырашыла знішчыць TUT.BY. Бо калі мы бачылі, як затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага, то мы пісалі пра гэта. Калі ў выбарчыя камісіі не дапускалі альтэрнатыўных кандыдатаў — таксама пісалі. Як і пра тое, што незалежныя назіральнікі не траплялі на ўчасткі, што пратаколы галасавання вывешваліся далёка не ўсюды.

Мы пісалі і здымалі, як сілавікі ўжывалі спецсродкі — і як пратэстоўцы нападаюць на сілавікоў, як выходзілі з Акрэсціна збітыя ўдзельнікі пратэстаў, мы фіксавалі жорсткія затрыманні, расказвалі пра суды за БЧБ-сімволіку і за надпісы на асфальце. Мы ўважліва фіксавалі ў тэксце, на фота і відэа ўсё, што адбывалася ў Беларусі, таму што гэта — наша праца.

Але мы асвятлялі не толькі апошнюю выбарчую кампанію і падзеі, якія за ёй рушылі ўслед. Мы расказвалі пра ўсе важныя падзеі ў нашай краіне. Нашы журналісты пабывалі ў чырвонай зоне яшчэ ў першую хвалю каронавіруса. Мы асвятлялі перамовы Нармандскай чацвёркі ў Мінску, вялікае спартыўнае свята — хатні чэмпіянат свету па хакеі і іншае.

Мы мелі зносіны з найлепшымі лекарамі краіны, расказвалі пра гучныя судовыя працэсаы, запісвалі інтэрв'ю з чыноўнікамі (Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Макей, Анатоль Сівак, Наталля Эйсмант і іншыя), бізнесменамі (Аляксандр Шакуцін, Міхаіл Гуцэрыеў, Аляксандр Зайцаў і, зноў жа, з многімі іншымі). З нашай дапамогай вырашаліся сацыяльныя і бытавыя праблемы.

Гэта экстрэмізм?

TUT.BY — гэта шматлікія гісторыі цікавых людзей. Моцных, захопленых, незвычайных. Мы знаходзілі іх у розных кутках нашай краіны і расказвалі ў сваіх тэкстах і на відэа. Успомніце 92-гадовага фельчара, які больш за паўстагоддзя лечыць аднавяскоўцаў. Або сельскага лекара, да якога прыязджаюць пацыенты з Расіі. Або гісторыю 90-гадовага бацюшкі, які перамог COVID-19. Можа, гэта экстрэмізм?

TUT.BY фіксаваў перамены ў грамадстве. Мы распавядалі пра важныя сацыяльныя і дабрачынныя праекты, гарадскія ініцыятывы, стартапы, цікавыя бізнес-праекты. Мы пісалі пра таленавітых беларусаў, якія заявілі пра сябе на ўвесь свет. На нашых вачах беларусы станавіліся самастойнымі, ініцыятыўнымі і адказнымі грамадзянамі, здольнымі вырашаць свае праблемы і аб'ядноўвацца для вырашэння агульных. Папахвае экстрэмізмам?

TUT.BY — гэта і аповеды пра людзей са складанымі лёсамі і сур'ёзнымі праблемамі, гэта цудоўныя чытачы і гледачы, якія дапамагаюць нашым героям з гэтымі праблемамі справіцца. Як выдатна ведаць, што ў Беларусі так шмат выдатных людзей, гатовых прыйсці на дапамогу.

Ну і, нарэшце, TUT.BY — гэта не толькі падзеі і людзі, TUT.BY — гэта шэраг карысных сервісаў, якімі кожны дзень карысталіся сотні тысяч чалавек. Афіша, продаж квіткоў, пошта, курсы валют, банкаўскія паслугі і шмат іншых. Гэта ўсё таксама экстрэмізм?

Мы — не экстрэмісты, гэта я ведаю дакладна. Самая галоўная каштоўнасць для нас — чалавечае жыццё. Мы супраць гвалту і ганенняў любога з бакоў. Мы любім сваю краіну і хочам, каб людзі ў ёй жылі шчасліва, каб маглі рэалізаваць свае таленты і забяспечыць годнае жыццё сваім сем'ям.

Толькі шчаслівыя і свабодныя людзі, якія не адчуваюць страху і ставяцца адно да аднаго з павагай, могуць зрабіць нашу краіну лепшай. Развіваць таварыства грамадзян, якія самастойна, па ўласнай ініцыятыве і сваімі сіламі паляпшаюць сваю краіну, — гэтаму нас вучыў Юрый Зісер.

У такой краіне ён марыў жыць. У такой краіне марым жыць і мы.

І TUT.BY у ёй таксама будзе жыць!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: