«Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…»

Трывожнае, трапяткое прадчуванне нечага важнага, значнага не пакідае мяне апошнія дні. Неверагодны аптымізм, і ў той жа час перасцярога. Слёзы радасці і страх невядомасці.


Ужо зусім хутка 9 жніўня — дзень, калі (каторы раз) мы нарэшце можам пайсці іншым шляхам. Ці пойдзем? Ці пачнём нарэшце свой шлях да годнага жыцця ў цэнтры Еўропы?

Тое, што і гэтым разам, як і ўсе ранейшыя кампаніі, ніхто не будзе сумленна лічыць нашы галасы бясспрэчна даказалі некалькі дзён датэрміновага галасавання і заявы чальцоў выбарчых камісій. Ці здольны мы адстаяць свой выбар? Ці гатовыя давесці гэтай уладзе, што мы маем права выбіраць, каму кіраваць краінай?

У чарговы раз чарговае пакаленне беларусаў уздымаецца за сваё права «людзьмі звацца». І гэта натхняе. Гэта дае надзею, што, нягледзячы на ўсе гады рэпрэсій і ціску, мы засталіся годнымі людзьмі, мы не схіліліся, не далі сябе зламаць. Мы разам, мы хочам пераменаў, мы здабудзем сваю лепшую долю. Я ў гэта веру. І калі буду ў чарговы раз збірацца на Плошчу, як і ўсе іншыя разы, буду спадзявацца на перамогу.

Восенню ў цягніку на Вільню, калі я ехала на пахаванне Каліноўскага, на старонцы ў фэйсбуку Міраслава Лазоўскага (таго самага, які праходзіў па прыдуманай «справе патрыётаў») я ўбачыла спасылку на «Пагоню» ў выкананні «Песняроў». Уключыла гук: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую браму святую…» — загучала на ўвесь вагон, у той час як беларускія памежнікі правяралі нашы пашпарты. Гэта было не проста сімвалічна, гэта быў своеасаблівы знак. Бо, сапраўды: «Старадаўняй літоўскай Пагоні — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!»

Я ў гэта веру, гэтага прагну, за гэта гатова стаяць да канца. Бо хачу, каб мой унук ганарыўся, што нарадзіўся ў Беларусі.

Аксана КОЛБ, галоўны рэдактар газеты «Новы Час»

«Нас большасць, мы разам!»

Дарагія беларусы, я вельмі нас люблю, усё ж мы вельмі моцны і светлы народ!

Наш шлях нялёгкі, але калі мы расчытаем знакі часу, паглядзім на нашы родныя сімвалы і гісторыю нашай Радзімы, то ўбачым глыбокі Божы план. А значыць, перамога абавязкова будзе!

Усё, што адбываецца цяпер у нашай краіне, усё, што мы робім для яе, — недарэмна. Кожны наш учынак, вялікі і маленькі, набліжае нас да той Беларусі, пра якую мы марым. Перамога — гэта не момант, перамога — гэта працэс.

Давайце засяроджвацца на тым, што нас яднае, — на імкненні да свабоды і справядлівасці. Гэтым разам мы мусім заўпарціцца і адстаяць свае галасы. Галоўнае, не баяцца! Нас большасць, мы разам! Молімся за Беларусь. Ранейшымі мы ўжо ніколі не будзем.

Верым! Можам! Пераможам!

Вольга СЕВЯРЫНЕЦ, жонка палітвязня Паўла Севярынца

«Душа дрыжыць ад прадчування таго, што наперадзе»

Магчыма, мы ўсе цяпер з’яўляемся сведкамі таго, як мяняецца гісторыя. Дакладней, мы самі яе мяняем. Непахісная на працягу чвэрці стагоддзя глыба раптам пачала калоцца.

Здаецца, грамадства прайшло праз усе стадыі — адмаўленне, гнеў, гандаль, дэпрэсія, прыняцце. Былі плошчы і шматтысячныя выступы, і хапалі пачкамі, і судзілі пад капірку. Але гэтым разам нешта ўсё ж па-іншаму. Нешта лунае ў паветры, і гэта дакладна не каронавірус. Праз прыняцце надышла наступная стадыя — дзеянне. Раней усім задаволеныя, абыякавыя і індыферэнтныя, знявераныя, запалоханыя людзі цяпер выйшлі на вуліцы. За чвэрць стагоддзя шмат што змянілася. Развіліся тэхналогіі, і пенсіянеры навіны даведваюцца ўжо не на лаўцы, а на інфармацыйных парталах ці нават у сацсетках. Выраслі тыя, хто нарадзіўся пры Лукашэнку і, здаецца, іншага жыцця не ведаў. Але іх свет такі вялікі і разнастайны, нават пры закрытых каронавірусам межах.

Што нас чакае? Я не веру ў хуткую і лёгкую перамогу. Да галоўнай прэтэндэнткі ў пераможцы па-ранейшаму шмат пытанняў, а самі гэтыя выбары незаконныя. Само яно не сыдзе, таму — рэпрэсіі, штрафы, затрыманні… Бо тым, хто збіваў, кідаў у аўтазакі і судзіў, таксама ёсць што губляць. З іншага боку — спрэчкі, хто ці што за кім стаіць. Наступствы бязглуздага кіравання. Дый пагрозу незалежнасці пакуль ніхто не адмяняў. Так што будзе весела.

Проста дакладна не будзе, і душа дрыжыць ад прадчування таго, што наперадзе. Але хочацца верыць, што мы праз гэта пройдзем годна. І будзе ў нас сапраўдная рынкавая эканоміка, і сапраўдныя выбары, і магчымасць свабодна выказваць свае меркаванні, і сусветная павага, і, страшна падумаць, бязвіз. І прэзідэнт, пасаду якога мы не будзем замяняць на старонках НЧ рознага кшталту сінонімамі. І справядлівы суд — над тымі, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады. Бо ад думкі, што ўсё можа быць па-іншаму, робіцца вельмі задушліва.

Анастасія РУБАНАВА, рэдактарка сайта novychas.by

«Краіна ўжо не будзе ранейшай»

Чым бы ні скончылася гэтая электаральная эпапея, яе галоўны вынік можна фармуляваць цяпер.

Рубікон пяройдзены. Чвэрці стагоддзя ўздоўж адной і той жа генеральнай лініі беларусам хапіла, каб саспець, захацець, запатрабаваць пераменаў.

Так, патрабавалі і раней — у 2006-м, 2010-м. Але такое яскравае, упэўненае адчуванне сваёй большасці — яно дакладна ўпершыню. І што важна — гэта ўжо незваротна. Прынцыпова новае статус-кво захаваецца, нават калі 9 жніўня нічога гістарычнага не адбудзецца і дзейная ўлада зноў элегантна пераможа. Бо расчараванне, узрошчанае доўгімі гадамі, — непазбыўнае. Бо алергія ў крайняй форме — яна нічым не лечыцца. Усё, памідоры завялі канчаткова. Ці, як казаў паэт, «кто сгорел, того не подожжешь».

І ўсе набеглыя падрабязнасці тут ужо другасныя. Нецікава, колькі народных грошай скраў-адмыў тлусты буржуй-банкір. Нецікава, ці куляўся стваральнік ПВТ з дзвюма фемінамі ў гатэлі пад відэазапіс. Нецікава, колькі тысяч «зялёных» знойдзена за канапай імклівага блогера. Гэта нейкі цуд, але жалезныя законы чорнага піяру сёння ў Беларусі не працуюць. А за кожным нейтралізаваным Гары Потэрам нечакана з’явілася адданая Герміёна, якую ўспрымаюць усур’ёз дзясяткі тысяч суайчыннікаў. І якая, не маючы палітычных амбіцый, надае перадвыбарчай гонцы нейкую неверагодную эстэтыку.

Страшна сказаць: нават гісторыя з арыштаванымі «вагнераўцамі» аніяк не ўражвае электарат. Хаця, здавалася б, у ёй намёк на самае дарагое — захаванне суверэнітэту пад ціскам імперскай Расіі. Пра тое ж бухціць і «класічная» апазіцыя, бачачы ў цяперашніх падзеях славутую «руку Масквы». Але «народзец» і тут не верыць — і адстрэльваецца ад састарэлай фобіі здзеклівымі «мемасікамі» ў сацсетках.

Зрэшты, не трэба цешыцца ілюзіямі. Каб сябе абараніць, дзейная ўлада мае дастаткова знешніх рэсурсаў і ўнутраных рэзерваў. 10 жніўня беларусы наўрад ці прачнуцца ў новай рэальнасці — ужо таму, што гэта справа не аднаго дня і нават тыдня. Але ж Рубікон пяройдзены, а перці супраць законаў гісторыі яшчэ нікому не ўдавалася. І хто б ні прыняў інаўгурацыю напрыканцы лета, пасля сёлетняй выбарчай кампаніі краіна ўжо не будзе ранейшай.

Сяргей КАЙКО, спартовы рэдактар НЧ

«Будзьма рэалістамі — нам не будзе лёгка»

Чаго б хацелася пажадаць чытачам напярэдадні выбараў? Мужнасці, стойкасці, трываласці, аптымізму і ўзаемадапамогі. Таму што якімі б ні былі вынікі выбараў, нам усё гэта спатрэбіцца.

Амаль на 100 працэнтаў у выніку выбараў пераможа Святлана Ціханоўская. І амаль на 100 працэнтаў Лукашэнку «намалююць» новую кадэнцыю. Таму мужнасць, трываласць і аптымізм усім спатрэбяцца, каб абараняць свой голас і свой выбар. Зразумела, будуць рэпрэсіі. Але ў любым выпадку мы павінны выйсці з іх больш моцнымі і кансалідаванымі, чым цяпер.

Калі Лукашэнка здолее захаваць сваю пасаду, нас чакаюць вельмі складаныя часы. Відавочна нелегітымны кіраўнік пры адсутнасці падтрымкі, найперш фінансавай — як з Захаду (бо такім чынам праведзены выбары), так і з Расіі (таму што з ёй ён сур’ёзна пасварыўся падчас выбараў) — доўга не ўтрымаецца. Наўрад ці ён адбудзе свой поўны тэрмін, і нам спатрэбяцца сілы на новае змаганне.

А калі здарыцца цуд, і прэзідэнтам стане Святлана Ціханоўская… Вы ўяўляеце, якія рэформы спатрэбяцца краіне, якая жыве ў стагнацыі апошнія дзесяцігоддзі? Гэта будзе не проста «шокавая», а «звышшокавая» тэрапія. Першы ўрад, які пачне праводзіць рэформы, стане ўрадам палітычных самазабойцаў. Але без рэформ — ніяк, і таму…

У любым выпадку — будзьма рэалістамі, — лёгкага выйсця няма. Але галоўнае — каб мы вытрымалі, зрабіліся мацнейшымі і лепшымі за нас сённяшніх. Так што: мужнасці, трываласці, аптымізму і ўзаемадапамогі.

Сяргей ПУЛЬША, намеснік галоўнага рэдактара НЧ

«Важная наяўнасць у людзей матывацыі»

Для зменаў у краіне мае значэнне не галасаванне, не штабы-кандыдаты і нават не сыход Лукашэнкі з той ці іншай прычыны (хаця ўсе гэтыя чыннікі адыгрываюць пэўную ролю). Важная наяўнасць у лю­дзей матывацыі і здольнасці самаарганізоўвацца, каб замяніць аўтарытарную дзяржаву на дэмакратычную. Без чалавечых ахвяр, без сілавых канфліктаў. Гэта складаны шлях. Але калі яго не прайсці, застанёмся ў аўтарытарызме — з Лукашэнкам ці без яго.

Глеб РУБАНАЎ, ІТ-спецыяліст

«Народ — больш не статак безгалосага быдла»

Аляксандр Лукашэнка разумее, што больш не мае такой падтрымкі сярод беларусаў, як гэта было раней, таму ўключыў на поўную магутнасць увесь свой традыцыйны арсенал — ад пагроз і прамых запалохванняў сваіх апанентаў да паклёпу ды прапагандысцкіх залпаў.

Яшчэ год таму падавалася, што нічога цікавага падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі не здарыцца, але выхад на палітычную арэну нечаканых персанажаў — Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Ціханоўскага — стаўся нечаканасцю як для самога правадыра, так і для шмат каго ў дэмакратычным лагеры. Рэжым зрабіў усё, каб ніхто з іх не стаў сапернікам Лукашэнкі — Бабарыка і Ціханоўскі аказаліся за кратамі, Цапкала змушана пакінуў краіну. Сцяг Ціханоўскага падхапіла яго жонка Святлана, якая за некалькі тыдняў пераўтварылася ў сімвал надзеі для неабыякавых суайчыннікаў.

Тое, што на мітынгі ў падтрымку маладой прывабнай жанчыны выйшлі дзясяткі тысяч людзей, стала непрыемным сюрпрызам для ўладаў. Як і тое, што за яе выступаюць і вядомыя артысты ды спартоўцы, тэлевядучыя, якіх раней цяжка было западозрыць у апазіцыйнасці. І гэта вельмі нервуе Лукашэнку і яго атачэнне.

Калі быць рэалістам, даво­дзіцца прызнаць, што Лукашэнка застанецца на сваёй пасадзе, а Цэнтрвыбаркам на чале з вернай яму Лідзіяй Ярмошынай намалюе тыя лічбы, якія будуць лашчыць зрок вярхоўнага шэфа. Пытанне, як усё гэта ўспрыме выбаршчык. Ці праглыне хлусню, як гэта было шматкроць, ці паспрабуе давесці да ўлады, што народ — больш не статак безгалосага быдла, а свядомыя людзі, якія маюць гонар і годнасць.

З іншага боку, як далёка можа пайсці ўлада, каб захаваць сябе на звыклых пазіцыях? Знерваванасць нязменнага правадыра выклікае занепакоенасць, у эмацыйным парыве ён можа наламаць такіх дроваў, што проста жах. Лукашэнка ўжо калісьці заяўляў, што будзе абараняць сваю ўладу нават з аўтаматам у руках. Ён проста не ўяўляе сябе па-за ўладаю, якая стала для яго сэнсам жыцця ды існавання. Хочацца спадзявацца, што да гэтага справа не дойдзе.

І ўсё ж такі, хоць крыху, але застаецца і надзея на цуд: магчыма, мы прачнёмся 10-га жніўня ў новай Беларусі з новым прэзідэнтам. Кожны з нас верыць у казку, верыць у шчасце, верыць у дабрыню. Ну, не можа ж так быць, каб дабро ўвесь час прайгравала, няхай і ў адной асобнай краіне! Таму хочацца пажадаць нам усім, каб гэтая казка стала рэальнасцю, у якую мы шчыра верым.

Генадзь КЕСНЕР, аглядальнік НЧ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: