Трагедыя і гераізм Мінскага гета

23 кастрычніка 1943 года канчаткова было знішчана Мінскае гета — адно з самых буйных у Еўропе. 75-м угодкам трагедыі быў прысвечаны Міжнародны форум, які прайшоў у аўторак у Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры (ММАЦ) імя былога прэзідэнта Нямеччыны Яханэса Раў.

Мерапрыемства, зладжанае ММАЦ сумесна з Дортмундскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам, Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна пры падтрымцы Евангелічнай царквы Вестфаліі, называлася “75 гадоў трагедыі і гераізма Мінскага гета: праблемы і перспектывы захавання памяці пра Халакост у Беларусі”. Няшмат засталося сёння тых, хто перажыў тыя жахлівыя дні, тым не менш, яны знайшлі сілы прыйсці на форум і ўжо сваёй прысутнасцю засведчылі, што гэтая тэма не мусіць быць забытая і для нашчадкаў, каб той жах не паўтарыўся больш ніколі.

У Мінскім гета загінулі больш за 100 000 габрэяў. І не толькі беларускіх. Сюды нацысты звозілі тысячы габрэяў з самой Нямеччыны, а таксама з Чэхаславаччыны, Аўстрыі, Польшчы, іншых краінаў. На тэрыторыі Беларусі, паводле ацэнак экспертаў, за часы Другой сусветнай вайны загінулі 90% габрэйскага насельніцтва. З агульнай колькасці загіблых жыхароў Беларусі за час той вайны гэта амаль кожны трэці (усяго было знішчана каля 800 000 чалавек габрэйскай нацыянальнасці з амаль 3 мільёнаў загіблых насельнікаў нашай краіны).
Амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар

Амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар




Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар у сваім выступе спаслаўся на кнігу гісторыка Крысціяна Герлаха, дзе той адзначыў: наўрад ці якая іншая краіна апроч Беларусі пацярпела ў Другой сусветнай вайне больш за Беларусь. Ужо ўвосень 1941 года былі расстраляныя амаль усе габрэі ва ўсходняй частцы Беларусі, а таксама цыганы, людзі с псіхічнымі захворваннямі, чырвонармейцы, што патрапілі ў акружэнне, партызаны і галадаючыя ўцекачы.


“Планы Гітлера знішчыць еўрапейскіх габрэяў, ператварыць у рабоў народы Усходняй Еўропы, правесці крыжовы паход супраць бальшавізма і такім чынам прадаставіць немцам быццам бы належную ім па праве жыццёвую прастору можна было б распазнаць, калі б яго ўважліва слухалі. Але гэтага не адбылося, і Гітлер зрабіў усё, каб пакінуць “у няведанні” нямецкую і еўрапейскую супольнасць аб “сапраўдных мэтах Нямеччыны”. І наступствы не прымусілі сябе чакаць.
Амбасадар Ізраіля Алон Шогам

Амбасадар Ізраіля Алон Шогам

Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам з сумам адзначыў, што з кожным годам застаецца ўсё менш сведкакў тых трагічных падзей, таму трэба шанаваць іх і занатоўваць усе сведчанні, якія яны могуць пакінуць наступным пакаленням. І трэба задаваць пытанні, як магло адбыцца тое, што адбылося. “На гэтыя цяжкія пытанні не могуць адказаць дакументы, на іх павінны адказваць людзі”, — упэўнены ізраільскі дыпламат. Гэтыя адказы і шукалі ўдзельнікі форуму. Але, як выказаліся некаторыя з іх, зразумець адбытае і пасёння немагчыма.


І нават цяпер яшчэ не ўшанаваная памяць усіх ахвяраў Халакосту, не паўсюль ёсць помнікі забітым у часы Другой сусветнай вайны габрэям нават на тэрыторыі Беларусі. Кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава канстатавала, што ніводнага больш-менш прыстойнага помніка ахвярам Халакосту няма нават у буйным абласным цэнтры Гомелі, дзе таксама адбываліся масавыя знішчэнні габрэяў.

Пры канцы форума яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю. Яны пазітыўна ацанілі тэндэнцыю да ўзрастання ўвагі да гісторыі Халакосту ў розных праектах установаў адукацыі і культуры Беларусі. Тым не менш, яны заўважылі, што ўсё ж адсутнічаюць фундаментальныя даследванні па гісторыі Халакоста на тэрыторыі Беларусі, падрыхтаваныя беларускімі адмыслоўцамі. У школьных дапаможніках і музейных экспазіцыіях нашай краіны дагэтуль мала інфармацыі пра генацыд габрэяў у часы Другой сусветнай вайны, многія месцы забойстваў габрэяў не маюць памятных знакаў.

Дзеля выпраўлення сітуацыі ўдзельнікі форуму прапанавалі дзяржаўным структурам арганізаваць інфармацыйна-адукацыйны цэнтр паі гісторыі Халакосту ў Беларусі, дзе будзе забяспечаная магчымасць доступу да даследванняў і крыніцаў на гэтую тэму. Таксама рэкамендуецца ўвесці ў адукацыйныя праграмы больш інфармацыі пра Халакост, распрацаваць адзіную базу месцаў знішчэння ахвяраў Халакоста на тэрыторыі Беларусі. І гэта яшчэ не ўсе крокі, прапанаваныя чыноўнікам. Удзельнікі форума спадзяюцца, што іх галасы будуць пачутыя.  

 




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць