Трагедыя ў Стоўбцах. Дзесяцікласнік забіў настаўніцу і вучня

Трагедыя здарылася сёння раніцай у сярэдняй школе № 2 у Стоўбцах. Дзесяцікласнік напаў з нажом на настаўніцу і вучняў. «Хлопчык вельмі спакойны, для многіх шок, што такое адбылося. І вучыўся ён добра», — распавялі пра нападніка.

Фота: Максім Гайко, TUT.BY

Паводле звестак Следчага камітэта, 11 лютага ў 8.05 у міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што старшакласнік, 2003 года нараджэння, у час раптоўна ўзніклага канфлікту напаў з нажом на настаўніцу і некалькіх вучняў. Ад атрыманых раненняў настаўнік і адзін вучань памерлі, яшчэ двое непаўналетніх знаходзяцца ў бальніцы, піша БелаПАН.

— Паводле папярэдніх дадзеных, падазраваны ў нападзе вучань 10-га класа прыйшоў у школу каля 7.40. Ён паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі ўступіцца два аднакласніка. Яны атрымалі раненні. Пасля гэтага падазраваны выбег з класа і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа. 17-гадовы школьнік у выніку нападу загінуў, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, піша Tut.by.

Сяргей Кабаковіч таксама дадаў, што загінулай настаўніцы было 50 гадоў. Два пацярпелых дзесяцікласніка знаходзяцца ў бальніцы, іх стан ацэньваецца як стабільны.

Загінулага хлопчыка называлі Аляксандр, ён вучыўся ў 11-м класе.

«Саша быў разумнік, вельмі мэтанакіраваны хлопчык. Добра вучыўся, не быў у дрэнных кампаніях. Ён вучыў гісторыю і хацеў паступаць у Польшчу на палітолага», — распавялі родныя загінулага падлетка, піша Tut.by.

Неўзабаве пасля таго як бацька Сашы прывёз яго ў школу, яму патэлефанавалі і паведамілі аб нападзе. Хлопчык памёр на яго руках праз пяць хвілін пасля таго, як мужчына пасля званка кінуўся ў школу.

Удар прыйшоўся Сашы ззаду ў шыю. Мяркуюць, што нападнік цэліўся туды свядома. Пакуль не вядома, ці былі знаёмыя паміж сабой падазраваны ў нападзе і загінулы хлопчык.

І загінулы, і пацярпелыя хлопчыкі добра вучыліся, былі выдатнікамі.

Фота: Максім Гайко, TUT.BY

Ірына, настаўніца пачатковых класаў, забірае свайго дзіцяці са школы. Сям'ю хлопца, які нападаў, яна апісвае як добрую і прыстойную, якая «ніколі ні на якіх уліках не стаяла». У гэтай жа школе вучыцца малодшая сястра падлетка.

Хлопчык вельмі спакойны, для многіх шок, што такое адбылося. І вучыўся ён добра.

Загінулую настаўніцу гісторыі Ірына апісвае як вельмі добрага спецыяліста і чалавека.

— Падрыхтавала шмат прызёраў алімпіяд. І як чалавек яна ніколі не імкнулася пакараць дзіцяці ацэнкай, заўсёды давала шанец выправіць.

Па словах настаўніцы, прычыну таго, што адбылося ніхто не ведае, паведамляе Tut.by.

— Вадзім заходзіў ва ўсе класы, дзе можна было адкрыць дзверы. Нават барыкадавалі дзверы, потым хадзіў з нажом па трэцім паверсе, пакуль яго не заўважылі і не патэлефанавалі ў міліцыю. Спачатку зайшоў у адзін клас, потым у другі. Хацеў збегчы праз чорны ход — ён апынуўся зачынены. Таму на першым паверсе ён адкрыў акно — і ўцёк. Затрымалі каля хазмага.

Міліцыя, па словах Ірыны, зрэагавала імгненна — была на месцы ўжо праз тры хвіліны, хуткая ехала даўжэй.

У школе зараз працуе следча-аператыўная група: праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, якія накіраваныя на высвятленне ўсіх абставінаў злачынства.

УСК па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу па факце забойства дзвюх асоб. Расследаванне справы ўзяў на асабісты кантроль старшыня СК Іван Наскевіч.

Паводле tut.by, belapan.by


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!