Трагедыя ў Стоўбцах як вырак сістэме

Увесь тыдзень краіна жыве ў роспачы — з-за трагедыі ў Стоўбцах. Там падлетак прыйшоў у школу з нажом і забіў настаўніцу і вучня. Яшчэ двое былі параненыя.

Кажуць, што міліцыя адрэагавала аператыўна — прыбыла на месца праз тры хвіліны пасля выкліку. Але нападніка ўсё роўна давялося шукаць па горадзе. Ён быў затрыманы.

На месца здарэння прыбылі старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і міністр аховы здароўя Валер Малашка. Таксама ля школы 11 лютага быў старшыня Стаўбцоўскага райвыканкаму Дзяніс Калясень. Ён наведаў сем’і загінулых і пацярпелых, а таксама прыняў рашэнне аказаць матэрыяльную дапамогу: семʼям, у якіх ёсць загінулыя, выдаткаваць па 400 базавых велічынь (10200 рублёў), семʼям пацярпелых — па 200 базавых велічынь (5100 рублёў). Будуць адкрытыя дабрачынныя рахункі ў «Беларусбанку», куды прадпрыемствы і жыхары раёна змогуць пералічыць сваю дапамогу.

Не заўважылі ля стаўбцоўскай школы толькі міністра адукацыі Ігар Карпенку. Яго прэс-сакратарка паведаміла «Радыё Свабода», што міністр не паехаў туды, паколькі там вядуцца следчыя дзеянні. «Што там будзе рабіць міністр у гэты час?» — сказала яна. А выказаць асабіста спачуванні родным загінулых? А наведаць пацярпелых вучняў, хай і ў рэанімацыі? Ну, хаця б паабяцаць, што «мы зробім усё, каб такое не паўтарылася».

Прэс-сакратарка Карпенкі сказала, што міністр, можа быць, «наведае школу пазней». Але каму ён там патрэбны — пазней?

Дарэчы, на сайце Мінадукацыі ў раздзеле «навіны» па стане на сярэдзіну дня 12 лютага (прайшло паўтара сутак пасля трагедыі) — навіна пра вынікі «Снежнага снайпера» і пра тое, што «Глабальныя пытанні лічбавай трансфармацыі абмяркоўваюцца ў Дубаі». Ніводнага спачувальнага слова па падзеях у Стоўбцах!

Лукашэнка з нагоды трагедыі заявіў, што «вінаватыя мы ўсе» (значыць, ніхто, як у трагедыі на Нямізе). «У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было», — абурыўся кіраўнік дзяржавы, і, як заўсёды, загадаў навесці «парадак і жалезную дысцыпліну». Але, нягледзячы на сапраўды жудасны выпадак, у краіне не была абвешчаная хоць нейкая жалоба. Бачна, у нашага кіраўніцтва шмат розных інтарэсаў — апроч жыцця дзяцей і настаўнікаў.

Гэта ўжо не першы выпадак нападу школьнікаў на сваіх сяброў і настаўнікаў у школе і не ў школе. Напрыклад, узгадаем «справу Казакевіча», які 8 кастрычніка 2016 года ўвайшоў у гандлёвы цэнтр «Еўропа» з сякерай і бензапілой і забіў жанчыну. Казакевічу было 17 гадоў на той момант. Ён вучыўся ў МІТСО, прыходзіў з бензапілой і туды, але сышоў ні з чым — апарат не завёўся. Шчаслівы выпадак!

«Магчыма, ён знаходзіўся пад уздзеяннем псіхатропаў», — казалі пра Казакевіча. Тая ж версія — псіхатропы — усплыла і ў трагедыі ў Стоўбцах. Але, спадарства, мы перасаджалі багата народу, пераважна моладзі, па сумнавядомым 328-м «антынаркаманскім» артыкуле, жорстка каралі за труху марыхуаны, за паўтаблеткі лекаў — а псіхатропы ў краіне ўсё не заканчваюцца. Можа, варта звярнуць увагу на тое, адкуль і як яны трапляюць у краіну, а не паляваць на моладзь, якая цягнецца да ўсяго забароненага? Можа быць, больш высілкаў надаць прафілактыцы наркаманіі, а не чакаць, пакуль маладзён нешта недзе паспрабуе, а потым хапаць яго «цёпленькім»?

У нас велічэзная армія тых, хто павінен займацца выхаваннем моладзі — ідэолагаў. У нас зашкальвае колькасць кантралюючых органаў, якія адсочваюць «сацыяльна небяспечныя сем’і». Яны спрабавалі паставіць на ўлік «сацыяльна небяспечных» сям’ю з чацвярымі дзецьмі з-за таго, што сям’я даглядала хворага сабаку. Шмат падобных выпадкаў, калі з-за дробязяў у бацькоў адбіралі дзяцей. Я не кажу ўжо пра БРСМ, на які з бюджэту штогод выдаткоўваюцца шалёныя грошы, і які, паводле статуту, павінен займацца «стварэннем умоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу».

Як пры такой колькасці асобаў, якія павінны займацца выхаваннем моладзі, у нас з’яўляюцца тыя, хто бярэ нож, сякеру, бензапілу і ідзе забіваць?

Нельга наракаць на настаўнікаў, таму што, акрамя адукацыі, ім трэба запаўняць тоны розных, часцяком непатрэбных папераў, справаздачаў, планаў і гэтак далей. У іх проста няма часу адсочваць усё і ўсіх. Кепска выхавалі бацькі? Наўрад ці. Нападніка ў Стоўбцах усе характарызуюць як ціхага, спакойнага, добрага чалавека…

Думаю, як заўсёды, вінаватым застанецца вялікі і бязлікі інтэрнэт. Маўляў, гэта яго ўплыў разбэсціў хлопчыка, наглядзеўся ён там нечага такога… Але гэта ўсё адно не адмяняе пытання: дзе была безліч «настаўнікаў і выхавацеляў» з арміі ідэолагаў і БРСМу, якія, па ідэі, павінны былі заняць падлетка «сеяннем разумнага, добрага, вечнага»?

Можа, спадары ідэолагі, кантралёры, БРСМ, барацьбіты з наркотыкамі з сілавых структур урэшце зоймуцца рэальнай справай? Каб «ціхія, спакойныя хлопчыкі» не ператвараліся ў забойцаў…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!