Трагікамедыя ў Аксамітах скончылася хэпі-эндам

Гісторыя барацьбы жыхароў вёскі Аксаміты з пустазеллем мае шчаслівы фінал: нарэшце вёску абкасілі. Але шлях да гэтага быў нялёгкім.

Кароткі змест папярэдніх серый: жыхары вёскі Аксаміты Капыльскага раёна з пачатку вясны вялі барацьбу за аднаразавае абкошванне вёскі і пустуючых участкаў. На шматлікія звароты ў Грозаўскі сельвыканкам атрымлівалі абяцанні аб вырашэнні праблемы ў наступным месяцы.


Па інфармацыі Зінаіды Цімошак, толькі ў жніўні яна атрымала шчыры адказ ад старшыні сельвыканкама Жаны Скрыган аб адсутнасці ўласнай тэхнікі і немагчымасці абкошвання вёскі.

Старшыня сельвыканкама патлумачыла, што тэхніка сельскагаспадарчага прадпрыемства вызваліцца толькі восенню і пустуючыя зямельныя ўчасткі ў населенным пункце будуць абкошаны да 1 кастрычніка 2018 года, — распавяла жанчына. — Такое вырашэнне пытання вяскоўцы палічылі запозненым, паколькі выспеўшы асот працягваў засмечваць агароды і дзяржаўныя палі. Вырашылі распавесці праблему ў звароце да Мінскага аблвыканкама, у які ўключылі і спасылкі на публікацыі ў «Новым часе» з фотаздымкамі выспеўшага асоту.

Ужо праз тыдзень пасля звароту ў Мінскі аблвыканкам у вёску прыехалі прадстаўнікі з зямельнага камітэту і аховы расліннага свету, якія вывучылі сітуацыю і зрабілі фотаздымкі. Ужо 7 верасня вёска была ідэальна абкошана.

Сведкай доўгачаканай ідэальнай «апрацоўкі» вёскі была Антаніна Лазоўская, якая жыве насупраць аднаго з занядбаных участкаў:

— Мусіць, трактарыст атрымаў падрабязны інструктаж, бо не прапусціў ніводнага зарослага месца. Касіў усё падрад: і ўчасткі, і вуліцу, і выган, — распавяла цётка Антаніна. — Хай бог яму дае здароўя. Але ж вёску цяпер не пазнаць: выглядае вельмі культурна.
Акуратнае падвор

Акуратнае падвор'е пенсіянеркі Яніны Давідоўскай з вёскі Яўсеевічы

Па словах жыхароў, зараз у Аксаміты заходзяць нават наведвальнікі з іншых вёсак — каб падзівіцца знешняй культурнасці.

Жыхары вёскі Яўсеявічы, пра якую мы распавядалі ў артыкуле «Вясковае гета», пакуль не могуць пахваліцца такім паказальным абкошваннем.

Але, як паведаміла Яніна Давідоўская, пасля зваротаў і публікацый была прагрэйдзіравана вясковая вуліца.
Сапраўды, па цэнтральнай вуліцы вёскі ўжо можна праехаць, а электрыкі нават абкасілі электрычны трансфарматар.

Жыхары вёскі Яўсеявічы хочуць каб і ў іх было абкошана гэтаксама як і ў Аксамітах, але разумеюць, што зрабіць гэта нялёгка. Яны яшчэ не гатовы на працягу некалькіх месяцаў матаць нервы сабе і сельвыканкаму, каб прымусіць улады выканаць Адміністратыўны і Зямельны кодэксы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-10-11 22:43:21
Добрую справу зрабіла для сваёй роднай вёскі Зінаіда Вячаславаўна,ёй за гэта удзячны жыхары.Год малой радзімы.Аксаміты вельмі прыгожая вёсачка,шкада,насельніцтва ўжо там зусім мала,як і ў іншых малых вёсках Беларусі.

Больш цікавага на «Новым Часе»: