Трэба больш грошай. Гомельская вобласць таксама уводзіць збор за перасячэнне дзяржмяжы

Збор за перасячэнне дзяржаўнай мяжы ўводзіцца ў Гомельскай вобласці. Такое рашэнне прыняў абласны савет дэпутатаў. Права ўводзіць мясцовы збор за перасячэнне мяжы прадастаўлена аблсаветам абноўленым Падатковым кодэксам.


Рашэнне Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў №245 ад 29 сакавіка афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 1 чэрвеня, піша REFORM.by.

Памер збору складзе адну базавую велічыню за перасячэнне мяжы ў пунктах пропуску адным транспартным сродкам, незалежна ад колькасці пасажыраў.

Ад выплаты збору вызваляюцца транспартныя сродкі, на якіх едуць:

  • ветэраны Вялікай Айчыннай вайны пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета i былыя непаўналетнія вязні іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • грамадзяне Беларусі, замежнікі, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі і накіроўваюцца да чальцоў сям'і і блізкім сваякам, якія пражываюць ва Украіне, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • грамадзяне Беларусі, замежнікі, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі і накіроўваюцца для наведвання месцаў пахавання членаў сям'і і (або) блізкіх сваякоў, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • асобы, якія выязджаюць пасля пахавання членаў сям'і і блізкіх сваякоў, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • грамадзяне Беларусі, замежнікі, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі, якія выязджаюць для атрымання медыцынскіх паслуг, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • асобы, якія выязджаюць пасля лячэння ў Беларусі пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • грамадзяне Беларусі, замежнікі, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі і ад'язджаюць у службовую камандзіроўку, пры наяўнасці адпаведных дакументаў.
  • асобы, якія вяртаюцца са службовай камандзіроўкі на тэрыторыі Беларусі, пры наяўнасці адпаведных дакументаў,
  • члены афіцыйных дэлегацый, прадстаўнікі замежных арганізацый, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь па запрашэнні (афіцыйным лісце) мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, адміністрацый свабодных эканамічных зон, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, створаных ёю арганізацый, прадстаўніцтваў і філіялаў,
  • асобы, якія перасякаюць мяжу ў пунктах спрошчанага пропуску.

Акрамя таго, збор не будзе спаганяцца пры руху па аўтадарозе Славуціч-Чарнобыльская АЭС з транзітных транспартных сродкаў, якія ідуць па ёй у адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем Беларусі і Украіне аб спрошчаным праездзе беларускага ўчастка дадзенай дарогі.

Пад блізкімі сваякамі ў рашэнні маюцца на ўвазе муж і жонка, бацькі, усынавіцелі, удачарыцелі, дзеці, родныя браты і сёстры, дзядулі, бабулі, унукі, а таксама бацькі, усынавіцелі (удачарыцелі), дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзядуля, бабуля і ўнукі мужа (жонкі), а таксама муж (жонка) дзяцей.

Раней збор за перасячэнне мяжы ўвялі ў Гродзенскай вобласці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: