Трэба больш трэшу!

Мы, канешне, шмат чаго бачылі за апошнія месяцы. Але тое, як улады арганізавалі 9 траўня, усё роўна ўражвае. Я не магу ўцяміць, ці тое чыноўнікі з глузду з’ехалі, ці яны свядома правакуюць народ на розныя асацыяцыі.

Напрыклад, у Докшыцкім раёне 5 траўня на афіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным Дню Перамогі, інсцэніравалі, як немцы гоняць вяскоўцаў у хлеў, каб іх спаліць жыўцом. Сцэнку паказалі прама каля мемарыяльнага комплексу «Шунеўка», які пасля вайны ўсталявалі ў памяць аб трагедыі ў 1943 годзе. Гэтыя сцэнкі дэмастравалі, як высветліў TUT.BY, і раней, але толькі сёлета яны разышліся па інтэрнэце.

Цікава, што гэтыя інсцэніроўкі адбывалася на фоне чырвона-зялёных афіцыйных сцягоў. Вы ўяўляеце, канешне, якія асацыяцыі ўзніклі ва ўсіх пасля жніўня мінулага года. Сапраўды, уражанне, што недзе мы гэта бачылі: і зусім не ў вайну.

Бабруйск таксама вылучыўся, зрабіўшы перформанс-рэканструкцыю на месцы Бабруйскай крэпасці, дзе ў часы вайны быў лагер для ваеннапалонных. Мала таго, што «акцёрам» давялося «зігаваць», дык яшчэ на ўсеагульны агляд вывесілі сцягі са свастыкай.

На фоне вядомага выслоўя «можам паўтарыць» у інтэрнэтах задаюцца пытаннем: што гэта было? Канешне, вайна мела розныя абліччы, і трагедыі таксама былі, але ж адзначаецца Дзень Перамогі!

Нармальныя беларусы збольшага такія «святочныя» мерапрыемствы ігнаравалі. Гэта ўжо звыклая тактыка байкоту афіцыйных урачыстасцяў. Таму давялося збіраць масоўку рознымі спосабамі. Асабліва адзначыліся ў Лідзе, дзе ўдзельнікам уладнага мерапрыемства па спісе выдавалі па 30 рублёў проста на лаўцы ля Кургана бессмяротнасці. Лідскія ўлады імгненна адхрысціліся: маўляў, хто гэтыя жанчыны, што раздавалі грошы, і што яны там робяць, незразумела, і яны не маюць дачынення да арганізацыі свята. Ага, канешне, не маюць. А спісы ўдзельнікаў мітынгу яны, відаць, узялі з паветра…

Затое грамадства ў чарговы раз перамагло сваёй салідарнасцю. Напярэдадні святаў шырока разышлася інфармацыя, што сёлета аднаразовай выплаты ветэранам да Дня Перамогі не прадугледжана. На салют грошы ёсць, на канцэрт — ёсць, на шарыкі, якія запускалі ў паветра, — ёсць, а на ветэранаў — няма. Сацсеткі і тэлеграм-каналы імгненна адрэагавалі: «Калі ва ўлады няма грошай на ветэранаў — давайце збяром іх усе разам!»

Такой істэрыкі ад уладаў на гэтую прапанову не было бачна даўно. Нават Лукашэнка быў вымушаны заявіць, што ветэранам выплачваюцца грошы ці не штотыдзень, а «народных грошай» тыя нават не возьмуць. І 7 траўня ўсе паштовыя аддзяленні і банкі былі пераведзеныя на аўральны рэжым працы — каб выплаціць ветэранам дапамогу. Выплаты склалі ад 2500 рублёў Героям Савецкага Саюза (іх у Беларусі засталося ўсяго двое) да 700 рублёў былым вязням фашысцкіх лагераў.

Менавіта грамадства змусіла ўлады аддаць ветэранам належнае.

А тыя грошы, якія збіралі ў якасці дапамогі, таксама не прапалі. На іх актывісты і ўдзельнікі дваровых чатаў закупілі прадукты і пайшлі па ветэранах з віншаваннямі. Вельмі прыгожа атрымалася. А ў ноч з 8 на 9 траўня прынамсі Мінск расквітнеў неафіцыйнымі салютамі — так, як гэта было на Дзень Волі.

Такім чынам, казаць пра тое, што «пратэст садзьмуўся» проста не выпадае. Так, ён сцішыўся. А як яму не сцішыцца, калі цяпер на «суткі» можна трапіць за шкарпэткі няправільнага колеру? Але ж «сцішыўся» — не азначае «спыніўся». І грамадства сваёй салідарнасцю ў чарговы раз паказала — яно можа ўздзейничаць на ўлады. Нават пры «сцішаным» пратэсце.

А ў нас наперадзе яшчэ выбары ў мясцовыя Саветы.

Улады ж звыкла змагаюцца з «экстрэмізмам». 5 траўня сілавікі прыйшлі на гомельскае прадпрыемства «Віпра». Яны абвінавацілі работнікаў у тым, што тыя знаходзяцца ў экстрэмісцкіх чатах у Тэлеграм, і адабралі ва ўсіх тэлефоны для праверкі. Пяць работнікаў затрымалі, але потым адпусцілі: цяпер яны на волі і чакаюць позвы ў суд. Астатнія 52 работнікі чакаюць вынікаў праверкі і падазраюцца ў тым жа.

Падавалася б, звычайная ў Беларусі справа, калі б не адно «але». Прадпрыемства «Віпра» — гэта прадпрыемства для людзей з інваліднасцю 3 групы па слыху. Там працуюць 57 чалавек, і ўсіх — усіх працоўных да аднаго! — падазраюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Не дзіўна, што, чуючы такія навіны, Еўропа не адмаўляецца ад ідэі ўвесці ў дзеянне чацвёрты пакет санкцый да ўладаў. Звязаныя яны будуць з ціскам на польскую меншасць. «Рэжым у Беларусі працягвае рэпрэсіі і запалохванне сваіх грамадзян, сёння польская абшчына стала мішэнню яго акцый. Мы разглядаем наступны пакет санкцый, які, я спадзяюся, будзе прыняты на працягу некалькіх тыдняў», — сказаў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюзу па міжнародных справах Жазэп Барэль па выніках пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюзу ў Брусэлі. А прадстаўнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка анансаваў нават пяты пакет санкцый ЕС.

Але горш за санкцыі — праца літоўскіх і польскіх мытнікаў. Тыдня не праходзіць, каб яны не білі рэкорды па выяўленні партый кантрабандных цыгарэт, што едуць з Беларусі. 5 траўня палякі выявілі аж дзве такія буйныя партыі — на 2,5 мільёна долараў і на рэкордныя амаль на 10 мільёнаў! Апошняя партыя — самая буйная кантрабанда цыгарэт у гісторыі. Яна была знойдзеная ў чыгуначных кантэйнерах у цягніку, дзе павінны былі перавозіць вермікуліт. Агулам памежнікі канфіскавалі 2 500 000 пачкаў цыгарэт на суму 37 мільёнаў злотых (9 мільёнаў 729 тысяч долараў).

Зразумела, што такія кантрабандныя партыі немагчыма сфарміраваць без удзелу чыноўнікаў. І добрая праца суседскіх ахоўнікаў мяжы — гэта даволі моцны (прычым, імгненны) удар па тых, хто мае дачыненне да гэтай кантрабандны.

Дарэчы, тэлеграм-канал, які нельга называць, ужо анансаваў новы фільм-расследаванне па гэтай кантрабанднай схеме. Запасаемся папкорнам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: