Трэба ўстаць з канапы і нешта зрабіць

Цяпер у Беларусі 25 палітычных зняволеных і дзясяткі адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Грамадзянская супольнасць рэагуе на любыя рэпрэсіі небывалай салідарнасцю. «Новы Час» пагаварыў з сям’ёй, якая з маленькім дзіцём на руках дапамагае валанцёрам збіраць перадачкі ў СІЗА палітвязням, піша ім лісты і дапамагае родным.

Фота Дзіяны Пінчук

«Бо мы адчулі, што трэба рабіць хоць што-небудзь»

Павел, Марына і маленькая Ганна — сям’я з Мінска, якая да сёлетняй выбарчай кампаніі не асабліва ўключалася ў грамадскі актывізм. Марына ў дэкрэтным адпачынку, а Павел працуе кіроўцам. Як яны распавядаюць, паваротным момантам стала затрыманне ў жывым эфіры блогера Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды ў Гродне 29 траўня на выбарчым пікеце. Яны не маглі застацца ўбаку «пры такой яўнай і відавочнай несправядлівасці».

«Мы проста адчулі, што трэба ўстаць з канапы і пачаць рабіць хоць што-небудзь. Калі мы гэта зразумелі, то ўсё закруцілася адно за адным. Першапачаткова мы сталі валанцёрамі ў “Краіне для жыцця”. Калі многіх перасаджалі, мы ўбачылі, што там катастрафічна не хапае людзей. Нас гэта вельмі здзівіла: мы думалі, што там лішак людзей, а аказалася, што ўсё наадварот. Таму мы прынялі рашэнне, што трэба неяк дапамагаць, а не сядзець і глядзець збоку.

Першапачаткова мы распаўсюджвалі ў інтэрнэце прававыя веды, каб людзі ведалі, куды ім звяртацца ў выпадку парушэння іх правоў. А калі пасля масавых затрыманняў 19 чэрвеня ў Мінску Валанцёрская служба “Вясны” абвясціла масавы набор назіральнікаў за судамі, то мы далучыліся да іх, маніторылі суды», — распавядаюць Павел і Марына.

Фота Дзіяны Пінчук


Еднасць дае моц вытрымаць многае

Марына распавяла пра свой першы досвед назірання за судамі і чым ёй запомніўся суд над Паўлам Севярынцам.

«Упершыню за судовымі працэсамі я назірала ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Мы прыехалі з самай раніцы, каб даведацца расклад. Дзіўна было тое, што ў 9 гадзін раскладу яшчэ не было, а праз 15 хвілін мы даведаліся, што ўжо кагосьці асудзілі. Мы бачылі, як супрацоўнікі суда падмянялі кабінеты, каб валанцёры не паспявалі трапіць на суд да чалавека праз пошукі патрэбнага кабінета, які не пазначаны ў раскладзе.

Мне запомніўся выпадак у Маскоўскім судзе, дзе судзілі хлопца, якога затрымалі 19 чэрвеня, падчас сустрэчы з сябрамі. Калі мы, валанцёры, прыйшлі да яго на суд, ён быў вельмі рады, што застаўся там не адзін. На пасяджэнні ён не прызнаў сваю віну. Калі мы чакалі ў калідоры рашэнне суда, то я ўсім сэрцам хацела, каб яму далі мінімальнае пакаранне. Не ведаю, чаму, але яму далі ўсяго пяць базавых штрафу. Для мяне, па адчуванні, гэта была маленькая перамога.

А вось суд над Паўлам Севярынцам значна адрозніваўся ад судоў простых людзей, якіх затрымалі на вуліцы. Было дастаткова шмат людзей, якія прыйшлі падтрымаць Паўла і ягоную жонку Вольгу. Сам суд быў па Skype. І мяне вельмі зачапіла жорсткасць сакратароў, аховы ў судзе. Суд быў прызначаны на 11 гадзін. Калі сувязь з Паўлам з’явілася на некалькі хвілін раней, то Вольга Севярынец паспрабавала падысці да манітора, каб пабачыць свайго мужа. Сакратарка адрэагавала на гэта крыкамі, каб яна села, і адразу адключыла сувязь. Паўла ніхто так і не ўбачыў на тым судзе, бо манітор быў павернуты да суддзі. Тады яго асудзілі на чарговыя 15 сутак.

Хочацца данесці да людзей, што ў назіранні за судамі няма нічога страшнага, што ніхто вас не запіша ў нейкую кнігу ворагаў народа. Але ваша прысутнасць дае велізарную падтрымку тым, каго судзяць. Уявіце сябе на іх месцы, што б вы адчувалі, калі б судовы каток расціскаў вас у адзіночку. Магчыма, вы б заракліся больш не ўдзельнічаць ва ўсялякіх акцыях. А калі побач людзі, вы адчуваеце, што ў гэтым вар’яцкім доме вар’яты — не вы».

Фота Дзіяны Пінчук


«Людзі гэтыя — героі»

«Потым валанцёры “Вясны” папрасілі дапамогу па перадачах палітычным зняволеным. Мы таксама адгукнуліся, запоўнілі анкету. Цяпер мы ўсёй сям’ёй дапамагаем з перадачамі. Ужо перадавалі ў СІЗА №1 на вуліцу Валадарскага ў Мінску палітвязням Дзмітрыю Фурманаву, Дзмітрыю Казлову («Шэраму Кату») і іншым», — кажа Марына.

Акрамя таго, як распавядаюць Павел і Марына, яны пастаянна пішуць лісты падтрымкі. Нядаўна напісалі лісты Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, «Шэраму Кату», Паўлу Севярынцу, Дзмітрыю Папову. І яны ўжо атрымалі адказ з «Валадаркі» ад гродзенца Дзмітрыя Фурманава, якога затрымалі з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня на выбарчым пікеце ў Гродне.

Ліст Дзмітрыя Фурманава


Ліст Дзмітрыя Фурманава


«Калі прыйшоў ягоны ліст, у нас дома былі ўпадніцкія настроі. Мы бачылі, як улада заціскае гайкі, і ў нас ужо апускаліся рукі. І Дзмітрый Фурманаў надаў нам сіл. Па агульным настроі ліста відаць, што хлопцы ў турмах не сталі слабейшымі духам. Ён піша, што ўсё роўна перамога будзе за намі, нягледзячы на тое, што адбываецца цяпер. Гэта вельмі радуе», — распавядае Павел.

«Падтрымка лістамі палітычных зняволеных можа стаць нават вырашальным момантам у нашай агульнай барацьбе. Яны могуць выйсці і сказаць: “Ведаеце, да нас прыйшло паўтара ліста, таму мы расчараваныя ў краіне, жывіце тут і радуйцеся як-небудзь без нас”, альбо наадварот: “Мы атрымалі мільён лістоў, адчулі каласальную падтрымку, гэта значыць, што мы — народ, нас шмат, і перамога будзе за намі”, — і працягнуць быць лідарамі нашай барацьбы. Людзі гэтыя — героі, і сёння нам трэба зрабіць усё, каб палітвязні ведалі і адчувалі, што яны героі, што пра іх не забыліся», — дадае Павел.


«А калі нехта можа зрабіць больш, няхай зробіць»

Як адзначаюць Марына і Павел, існуе шмат праяваў салідарнасці, кожны можа нешта зрабіць.

«Нам трэба ўставаць з канапы і рабіць хоць што-небудзь. Калі кожны зробіць хоць самую драбніцу, напрыклад, дапаможа з перадачамі, напіша ліст, паназірае за судамі, зробіць рэпост важнай інфармацыі, то ўжо разам атрымліваецца вялікае дзеянне. Трэба, каб кожны зрабіў свой максімум. Калі нехта можа напісаць ліст, хай напіша. Калі нехта можа зрабіць больш, няхай зробіць больш. Калі нас 97%, то дзе 9.215.000 рэальных дзеянняў?

Самае простае — пісаць лісты. Гэта можна рабіць у любых умовах і абставінах. Напісалі ліст, сфатаграфавалі, зрабілі пост з гэтым, — гэта ўжо распаўсюд інфармацыі і важнае дзеянне».

Фота Дзіяны Пінчук


«Размаўляйце са сваімі роднымі»

«Размаўляйце са сваімі роднымі і блізкімі, распавядайце ім пра рэальную сітуацыю», — раіць Марына.

Акрамя гэтага, як адзначаюць Павел і Марына, яшчэ вельмі важная маральная падтрымка сем’яў зняволеных па палітычных матывах.

«Мы імкнёмся падтрымліваць сваякоў палітвязняў. Напрыклад, сям’ю Паўла Севярынца. Ён цяпер за кратамі, а тут у яго засталася жонка з дзіцём, невялікай крамкай на плячах і мноствам штрафаў. Таму лічым, што вельмі важна падтрымаць Вольгу Севярынец у такой сітуацыі. Напрыклад, у іх ёсць сайт kroplia.by, дзе можна купіць тыя ж паштоўкі для палітвязняў. Цікава, што яна сама сядзіць і падпісвае ўручную паштоўкі, якія ў яе замовілі, каб адправіць іх зняволеным», — распавядае Марына.


«Улада баіцца менавіта кансалідацыі грамадства»

«Тое, што наш народ цяпер кансалідуецца, — гэта вельмі добра, а падаўленне гэтай кансалідацыі сілай цалкам ляжыць на сумленні ўладаў. Таму што нідзе ў цывілізаваным свеце праявы салідарнасці не забароненыя. Сітуацыя цяпер выглядае так, што трэба любымі шляхамі кансалідавацца: не трэба цкаваць тых, хто прапануе стукаць у рондалі. Нават стуканне ў рондалі — гэта дзеянне аб’яднання, не кажучы ўжо пра велапрабегі і іншае. Бачна, што ўлада баіцца менавіта кансалідацыі грамадства, нават людзей, якія проста едуць і звоняць у званочкі на сваіх роварах або наляпляюць налепку на сваё аўто. Таму любыя формы салідарнасці і кансалідацыі вітаюцца цяпер, а любыя формы апатыі і абыякавасці — лютыя ворагі. Кожнае наша дзеянне — яно небескарыснае, як кажуць тыя, хто толькі сядзіць і ные. Бескарысна — ныць. Паглядзіце, колькі шуму паднялі людзі. І гэта не можа застацца без пазітыўных наступстваў ні ў сусветнай прасторы, ні ў Беларусі», — разважае Павел.


Стаць валанцёрам і дапамагаць валанцёрам

Мы распыталі каардынатарку Валанцёрскай службы «Вясны» , як уключыцца ў валанцёрскі рух праваабаронцаў і якая дапамога цяпер больш за ўсё патрэбная:

«Далучыцца да валанцёраў можна ў любы момант некалькімі даступнымі спосабамі. Па-першае, як гэта часта і бывае, зацікаўленыя людзі пішуць нам наўпрост у сацсеткі: Фэйсбук, Instagram, Telegram, “УКантакце”. Другі спосаб — гэта запаўненне валанцёрскай анкеты. Яшчэ адным інструментам далучэння з’яўляецца наведванне нашых адукацыйных мерапрыемстваў, якіх на сённяшні дзень, на жаль, стала менш у сувязі з пандэміяй, але мы разлічваем аднавіць іх увосень. Калі чалавеку падабаецца, то мы падтрымліваем з ім сувязь і паступова ўключаем у валанцёрскую працу.

Што да формаў дапамогі, то цяпер найбольш актуальныя — дапамога ў назіранні за мірнымі сходамі, за судовымі працэсамі над рэпрэсаванымі грамадзянамі, дапамога рознага роду па юрыдычных пытаннях. Цяпер усё ж такі на парадку дня — назіранне за выбарамі. Гэтая палітычная кампанія сапраўды ўскалыхнула беларускае грамадства. Мы бачым гэта па той вялікай колькасці зваротаў людзей з усёй краіны, якія гатовыя ўключыцца ў працу на ўчастках для галасавання».


«Акрамя перадач, што безумоўна патрабуе выдаткаў сіл і часу, існуе яшчэ адна вельмі важная форма салідарнасці, якая займае не так шмат часу — напісанне лістоў. Трэба разумець, што чалавек у зняволенні адрэзаны ад знешняга свету. Усе яго зносіны абмежаваныя спецыфічным кантынгентам — сукамернікамі, кантралёрамі ізалятара, следчымі, аператыўнікамі і ў лепшым выпадку — адвакатам. Атрымліваючы лісты, зняволены нібы прасякае акно на свабоду. Ён разумее, што пра яго не забыліся, што яго падтрымліваюць. Падтрымка лістамі і паштоўкамі ўплывае на сілу духу і не дазваляе зламаць чалавека ментальна. Гэта надзвычайна важна ў такой сітуацыі, бо адна з галоўных задач заключэння пад варту — зламаць чалавека маральна і прымусіць даць неабходныя для следства паказанні.

Таксама можна (папярэдне папярэдзіўшы каардынатара, каб не прадубляваць дзеянне) аформіць падпіску на газеты і часопісы. Не ва ўсіх камерах ёсць тэлевізар, не заўсёды ёсць працоўнае радыё, таму чэрпаць інфармацыю няма адкуль, і газеты стануць глытком свежага паветра не менш, чым лісты».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: