Трэці вечар пратэстаў у Беларусі: палююць на журналістаў

У розных гарадах краіны зноў праходзяць масавыя акцыі пратэсту. Разам з затрыманнямі пратэстоўцаў сілавікі палююць на журналістаў.
Каля 18 гадзін вечара ў краіне знік увесь мабільны інтэрнэт, у Беларусі перасталі адкрывацца сайты tut.by і onliner.by. Але супрацоўнікі СМІ усё роўна выйшлі асвятляць падзеі на вуліцах беларускіх гарадоў.

Як паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Гродна затрымалі і збілі журналіста і музыку, лідара гурта «Дзецюкі» Аляксандра Дзянісава. Яго прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Разбіты твар, пашкоджаная нага.

Збіты ўчора ў Гродна журналіст Ян Раман звярнуўся ў шпіталь. Акрамя выбітых зубоў у яго зламаны нос і тваравая костка. Вакол вока агромністая гематома.

У Магілёве зніклі журналісты Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі. Яны паспелі даслаць калегам SOS-паведамленне.

Месцазнаходжанне затрыманага ноччу галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча па-ранейшаму невядомае. Пра гэта паведаміла БелаПАН яго жонка, журналістка Адар'я Гуштын.

«У 1.57 ад яго прыйшла эсэмэска SOS, у 2.40 — другая такая ж. Каля 3.00 прыйшла СМС "Партызанскі РУУС ці Акрэсціна", — распавяла Гуштын. — спачатку казалі, што ён на Акрэсціна і раніцай яго прывязуць, але да сёй пары мне не вядома, дзе ён».

Па словах Гуштын, адвакат Марціновіча таксама не можа яго знайсці.

«На сённяшні дзень ні ў адным з судоў Мінска няма адміністрацыйнай справы ў адносінах Ягора», — сказала жонка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы».

Яна адзначыла, што абтэлефанавала ўсе гарадскія бальніцы, ні ў адной з іх яе мужа няма.

У Брэсце на Савецкай каля 10 АМАПаўцаў мэтанакіравана кінуліся на карэспандэнта tut.by Станіслава Коршунава і затрымалі яго. Сувязі са Станіславам няма.

Затрымалі белсатаўцаў Паўла Патапава і Івана Мураўёва. Ехалі ў машыне і здымалі на тэлефоны. ДАІшнікі спынілі, прагледзелі галерэю ў тэлефонах, яна ім не спадабалася і іх затрымалі. Куды павезлі — невядома.

Каля гатэля «Арбіта» ў Мінску сілавік напаў на журналістаў. Ён ударыў па камеры фотакара агенцтва Асашыэйтэд прэс Сяргея Грыца, забраў флэш-карту ў фотакара «Нашай Нівы» Надзеі Бужан. «У*бывай, а то камеру разаб'ю», — крычаў ён Грыцу. Пасля паведамілася, што яму ўсё ж разбілі камеру.

На Пушкінскай пацярпеў відэааператар tut.by Усевалад Зарубін, яго ўдарылі па назе. Сілавікі разбілі экран камеры і забралі працоўную флэшку з відэа.

У Гродна затрыманыя журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч і яго жонка Таццяна. Пры затрыманні Руслан быў збіты.

У фатографа tut.by Вадзіма Заміроўскага сарвалі бэйдж і таксама забралі флэшку. Флэшку з працоўнымі матэрыяламі таксама забралі ў фатографа tut.by Дар'і Буракінай.

Каля французскай амбасады затрымалі карэспандэнтаў onliner.by Улада Барысевіча і аператара, які быў з ім.








Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: