Трэцяя ноч пратэстаў у Беларусі

У Мінску і яшчэ больш як у дзесяці гарадах Беларусі трэцюю ноч працягваліся масавыя пратэсты ў сувязі з абвяшчэннем Лукашэнкі пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах.


Найбольш масавыя пратэсты праходзяць у сталіцы, але выступы, сутыкненні і разгоны адбываліся і ў Асіповічах, Брэсце, Ваўкавыску, Гродна, Жабінцы, Лідзе, Нясвіжы, Ракаве, Фаніпалі. Дэманстранты выйшлі на пратэст, нягледзячы на відэазварот кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, запісаны ў будынку ЦВК і зачытаны ёй з паперкі. Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Літве — штаб сцвярджае, яе вывезлі прадстаўнікі ўлады.

Калі ў Мінску 9 жніўня пратэст і брутальны разгон шматтысячнай дэманстрацыі адбыўся ў цэнтры гораду, ля Стэлы і на Нямізе, 10-га — у блізкіх да цэнтру мікрараёнах, побач з метро «Пушкінская» і гандлёвым цэнтрам «Рыга», 11 жніўня эпіцэнтры супраціву перайшлі ў больш аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная горка, Серабранка, парк Паўлава. Кіроўцы працягвалі падтрымліваць пратэстоўцаў сігналамі.

Вечарам на цэнтральныя плошчы, да адміністрацыйных будынкаў, да Стэлы і на месца смерці дэманстранта ля «Пушкінскай» людзей не пускала вялікая колькасць сілавікоў. Чакалася, што «Пушкінская» магла стаць асноўным месцам пратэсту: цэлы дзень туды неслі кветкі, чаплялі на агародкі белыя стужкі.


Сем станцыяў метро былі закрытыя ў розны час, у тым ліку «Пушкінская». Апошняя была заблакаваная АМАПам, там пачаліся першыя затрыманні, у тым ліку непаўналетняга раварыста — яго адмаўляліся вызваліць, але замест яго ў машыну сілавікоў сеў бацька.

У Каменнай горцы і Серабранцы дэманстранты перагароджвалі вуліцы, спрабавалі збудаваць барыкады са спадручных сродкаў, якія сілавікі разбіралі. Гучалі шматлікія выбухі шумавых гранатаў, страляніна чэргамі, людзі ў адказ запускалі феерверкамі, кідалі з вокнаў дамоў бутэлькі з вадой. АМАП разганяў дэманстрантаў на вуліцах і ў дварах. Асноўныя пратэсты адбыліся да 1-й гадзіны ночы, але працягваліся і пасля — а палове на другую пачаліся ў Малінаўцы.

Ва Уруччы і на Каменнай горцы, паведамлялі пра «мэтавыя» жорсткія затрыманні і збіванні матацыклістаў і кіроўцаў аўтамабіляў, у тым ліку з элементамі пагоні. Таксама матацыклістаў затрымлівалі ў цэнтры гораду. У Каменнай горцы паведамлялі, што сілавікі стралялі прыцэльна па вокнах гумовымі кулямі.

Як і ў папярэднія дні, затрымлівалі і збівалі журналістаў, адбіралі карты памяці, у тым ліку ў Мінску разбілі камеру журналісту Associated Press Сяргею Грыцу, намагаліся разбіць камеру карэспандэнтаў BBC, жорстка збілі ў Горадні журналістаў Яна Романа, Руслана Кулевіча, Алеся Дзянісава. Затрыманне галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча сілавікі пацвердзілі, але дзе ён, невядома. Невядомы і лёс шэрагу затрыманых журналістаў у Мінску.


Дзеянні міліцыі сталі больш брутальнымі, але ў адказ народ супраціўляецца таксама больш брутальна. У Брэсце адбылася жорсткая бойка пратэстоўцаў з сілавікамі. Падобна на тое, што ў ёй прынялі ўдзел футбольныя фанаты. На Каменнай горцы дэманстранты разабралі ходнікі і шпулялі ў машыны АМАПу тратуарнай пліткай.


Паводле Радыё Свабода, Еўрарадыё



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: