Трусаў: Шыльды па-беларуску і па-англійску ў Менску растуць як грыбы

«Наш універсітэт — гэта вялікая цагліна ў захаванні незалежнасці Беларусі». Алег Трусаў распавёў «Радыё Свабода», як рухаюцца справы з адкрыццём беларускага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча.
Былы амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч і Аляксандр Лукашэнка

Былы амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч і Аляксандр Лукашэнка

Госць «Інтэрвію тыдня» на «Свабодзе» — выканаўца абавязкаў рэктара ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў. Ён адказвае на пытанне, калі першыя студэнты змогуць пачаць заняткі ў гэтым універсітэце, заяўляе, што сярод чыноўнікаў ёсць варожая да беларушчыны група, і тлумачыць, навошта хадзіў на «Вялікую размову» з Лукашэнкам.

Сцісла:

·                  Сярод чыноўнікаў ёсць варожая да беларушчыны група, якая спіць і бачыць, каб хутчэй увайсці ў Расію

·                  Паводле ўсіх прыкметаў, улада чалавека, які цяпер 25 гадоў кіруе, неўзабаве скончыцца.

·                  За тымі, хто выкопваў крыжы ў Курапатах, стаяць крэатуры Расіі.

 

Перашкоды ўніверсітэту вылазяць як чэрці з балота

— На якой стадыі цяпер падрыхтоўка да пачатку навучальнай дзейнасці ў Беларускім нацыянальным універсітэце імя Гілевіча?

— З аднаго боку, універсітэт ужо пачаў сваю дзейнасць летась 24 верасня, калі адкрыў першыя ў Менску беларускамоўныя падрыхтоўчыя курсы для падлеткаў і дарослых. У траўні адбыўся першы выпуск навучэнцаў курсаў, іх скончыла больш за 50 чалавек. Мы рыхтавалі вучняў ад 6 да 11 класа, і ў падрыхтоўцы да тэстаў, і ўвогуле дзеля падвышэння іхніх ведаў. Фізіка, матэматыка, гісторыя, польская, ангельская, нямецкая мова — праз беларускую мову. Выкладчыкі былі самага высокага ўзроўню — ад дактароў, кандыдатаў навук да настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.

 

Алег Трусаў

Такім чынам, універсітэт пачаў рэальна дзейнічаць 24 верасня, першыя заняткі правёў Уладзімер Арлоў. Што да іншых планаў — то мы працуем зараз над атрыманнем ліцэнзіі. Калі ўсё будзе добра, то ў верасні 2020 года ўжо прыйдуць і першыя студэнты ў наш універсітэт.

— Якая сітуацыя з гэтай ліцэнзіяй? Алена Анісім у некаторых інтэрв’ю распавядала пра пэўныя бюракратычныя перашкоды.

— Так, чым болей мы працуем, тым болей гэтых перашкодаў з’яўляецца. Вылазяць як чэрці з балота. Дзве траціны ўсіх паперак мы сабралі. Цяпер збіраем паперкі, што нейкія фірмы, дзяржаўныя і недзяржаўныя, гатовыя ўзяць нашых выпускнікоў на практыку. Ходзім, збіраем, па самых розных спецыяльнасцях.

І самае складанае — вучэбна-метадычныя комплексы. Мы абавязаныя прадставіць інфармацыю, што калі не маем падручнікаў на беларускай мове з грыфам Міністэрства адукацыі, то прадстаўляем вучэбна-мэтадычны комплекс. А гэта велізарная праца, да канца чэрвеня мы хочам мець 18 такіх комплексаў.

І тады мы будзем падаваць паперы на першую стадыю атрымання ліцэнзіі. Стадыяў такіх дзве. Спачатку мы павінны падаць на адмысловыя Рады пры БДУ ды іншых універсітэтах, потым нясем у Міністэрства адукацыі. Што да памяшканняў, то ў нас ужо ёсць згода ад тых, хто можа даць нам памяшканні пасля атрымання ліцэнзіі.

— Як бы вы ацанілі стаўленне чыноўніцтва да ідэі стварэння ўніверсітэту — гэта нейтралітэт, спрыянне ці перашкоды?

— Наша грамадства і чыноўніцтва падзелена на тры групы. Першая — гэта варожая да беларушчыны група, якая спіць і бачыць, каб хутчэй увайсці ў Расію. І калі мы трапляем на такіх — то атрымліваем самыя велізарныя перашкоды. Другая група сярод чыноўніцтва, якія паважаюць мову і культуру — ад тых ідзе поўная падтрымка. Але, на жаль, большасць чыноўнікаў — проста абыякавыя людзі, якія не хочуць працаваць.

І яшчэ ёсць канкурэнты. Гэта тыя дзяржаўныя ўніверсітэты, якія самі хочуць мець гэтых платных студэнтаў, і з іхняга боку ёсць пэўныя перашкоды. Мы, дарэчы, хочам зрабіць плату за навучанне меншую, чым у іншых прыватных ВНУ. У Беларусі ёсць 9 прыватных універсітэтаў, і ва ўсіх студэнты плацяць грошы. І ўсё залежыць ад прэстыжнасці — выкладчыкаў, магчымасці знайсці працу з гэтым дыпломам і гэтак далей.

— Вы казалі, што вашыя курсы скончылі 50 чалавек. Няма ніякіх абмежаванняў з гледзішча колькасці студэнтаў?

— Не, можа навучацца хоць адзін чалавек. Колькасць студэнтаў у прыватных універсітэтах не вызначаецца нейкімі нарматывамі. Калі гэта дзяржаўны — там ёсць нарматывы. Мы хочам, каб у нашых групах было 10–12, максімум 15 студэнтаў. Бо калі іх больш за 20 — узровень адукацыі рэзка падае.

 

Над намі вісіць дамоклаў меч расійскай анексіі

— Вашы кантакты, у тым ліку з чыноўнікамі, ваш аналіз палітычнай сітуацыі ў краіне, надыход перапісу, які адбудзецца сёлета — як, па-вашаму, зыходзячы з усяго гэтага можна ахарактарызаваць стаўленне дзяржаўных структураў да беларусізацыі?

— Частка дзяржаўных структураў у разгубленасці. Ці будзе анексія з боку Расіі, выстаім мы ці не. Зразумела, што на анексаванай тэрыторыі ніякіх беларускамоўных універсітэтаў ці нават школаў не будзе. Паглядзіце, колькі ўкраінскіх школаў засталося ў Крыме пасля анексіі — фактычна ніводнай.

Над намі вісіць дамоклаў меч расійскай анексіі. І гэта адчуваецца ў кожнай канторы, куды б я ні зайшоў. І, канечне, лёс універсітэту цалкам ад гэтага залежыць.

 

Я лічу, што мы адаб’емся. І тады ўзнікае пытанне нумар два — хто будзе кіраваць краінай? Паводле ўсіх прыкметаў, улада чалавека, які зараз 25 гадоў кіруе, неўзабаве скончыцца. І гэта адчуваецца — і па паводзінах чыноўнікаў, і па паводзінах самога гэтага чалавека.

Таму нашая мэта — зрабіць усё, каб з першага верасня можна было пачаць вучобу. Калі ўсё гатова, то ўступаюць «вышэйшыя сілы», як у 1991 годзе. Вы памятаеце, тады з апазіцыі смяяліся, нашыя законы выкідалі ў сметніцу — хоць мы пісалі іх дзень і ноч. А потым наступіў «момант ікс», мы дасталі са сметніцы гэтыя законы, і іх адразу прынялі пераважнай большасцю.

Я спадзяюся, што да верасня ў мяне па трох факультэтах будзе ўсё гатова. А калі ўсё гатова, то ў момант Ікс, можа, пры новай уладзе, наш універсітэт адразу становіцца дзяржаўным. І тады здымаюцца ўсе пытанні па платным навучанні.

— Ваш удзел у «Вялікай размове з прэзідэнтам» выклікаў шмат неадназначных каментараў, вас крытыкавалі, з вас іранізавалі. Як вы цяпер, праз некалькі месяцаў, ацэньваеце свой прыход на гэтую прэсавую канферэнцыю?

— Я заўжды быў прыхільнікам падыходу, што калі запрашаюць, то трэба ўдзельнічаць. Самая галоўная мэта майго ўдзелу была — паглядзець сітуацыю з незалежнасцю. І там было падкрэслена, першай асобай і ўсімі астатнімі, што ў Расію мы ісці не хочам.

Потым была вайна з Бабічам, і гэтую вайну Лукашэнка выйграў. Ніхто не думаў ад пачатку, што Бабіча адклічуць. Але ў выніку Бабіч паехаў у Расію «несолоно хлебавши». Потым адбыўся адкат, з Курапатамі. Ён паказаў, што сярод чыноўнікаў ёсць група, якая справакавала разгром курапацкіх крыжоў. Я не сумняваюся, што за тымі, хто выкопваў крыжы ў Курапатах, стаяць крэатуры Расіі.

Яны выступаюць супраць усяго беларускага. Толькі міністр культуры Расіі заявіў, што ў нас шмат беларускіх шыльдаў — здымаюць шыльды «хуткасны рэжым». Аднак — прайшоў месяц, і я бачу, што з’явіліся сотні новых беларускіх шыльдаў. Бо набліжаюцца Еўрапейскія гульні, я хаджу па вакзале і бачу, што беларускамоўныя і англамоўныя новыя шыльды растуць як грыбы.

Пакуль што і першая асоба, і астатнія выступаюць за незалежнасць. Ці вытрымаюць яны, ці не здадуцца, не здадуць Беларусь — цяжка сказаць. І, канечне, наш універсітэт — гэта вялікая цагліна ў захаванні незалежнасці Беларусі.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!