Тры гады «хіміі» за фотаздымкі «ЎКантакце»

У Віцебскім абласным судзе 28 кастрычніка завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксея В., якога абвінавачвалі ў распальванні расавай варожасці і знеслаўленні помніка абаронцам Айчыны на плошчы Перамогі ў Віцебску. Суддзя Андрэй Прэйс палічыў віну падсуднага даказанай.
Віцебск. Мемарыяльны комплекс «Тры штыкі», vlib.by

Віцебск. Мемарыяльны комплекс «Тры штыкі», vlib.by

Крымінальная справа супраць 34-гадовага жыхара Віцебску была распачатая па ч.1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай варожасці) і ч.2 арт.346 (знеслаўленне помнікаў абаронцам Айчыны). Падставай паслужылі фота- і відэаматэрыялы, размешчаныя на асабістай старонцы мужчыны ў сацсетцы “ЎКантакце” яшчэ ў 2011-2012 гадах.

На адным з фота малады чалавек ускідвае руку ў нацысцкім вітанні на фоне падземнага пераходу да плошчы Перамогі.

Не думаў, што гэта злачынства...

У апошнім слове на судзе віцяблянін звярнуў увагу суддзі, што відэа, якое было размешчанае на яго асабістай старонцы, ён выпадкова знайшоў у інтэрнэце. Яно знаходзілася ў вольным доступе, і любы ахвотны мог яго ўзяць на сваю старонку.

“Я думаў: калі відэа знаходзіцца ў вольным доступе і я яго вазьму на старонку, дык гэтым самым не ўчыню ніякіх супрацьпраўных дзеянняў”, – казаў абвінавачаны.

Прызнаўся, што скапіяваў той ролік, нават не паглядзеўшы, што ў ім утрымліваецца. Што да фотаздымку ў падземным пераходзе, дык заявіў, што ягоны жэст ні пра што не сведчыць, бо нічога кепскага ў той жэст не ўкладаў і нікога абразіць не хацеў.

Прасіў не абмяжоўваць волі

Аляксей. В заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, але ўсведамляе, што раз ужо заведзеная справа і ідзе судовы працэс, дык вынесуць і прысуд. Таму папрасіў суддзю прызначыць яму пакаранне ў выглядзе альбо штрафу, альбо ўмоўнага тэрміну, але каб не пазбаўлялі волі і не абмяжоўвалі яе, бо “гэта можа зламаць увесь далейшы лёс” – страціць працу і ўжо не зробіць кар’еры.

Тым не менш, суддзя Андрэй Прэйс прысудзіў мужчыну да 1 году абмежавання волі за здзек над помнікамі абаронцам Айчыны і 2,5 гады за распальванне расавай варожасці. Па сукупнасці прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады і 1 месяц.

Прысуд не набыў законную сілу.

Пасля суду Аляксей заявіў, што з рашэннем Віцебскага абласнога суду не згодны і будзе яго абскарджваць у Вярхоўным судзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!