Тры ваенных канфлікты 2020 года, дзе так ці інакш «засвяцілася» Беларусь

Ваенная прадукцыя беларускай вытворчасці так ці інакш паўдзельнічала ў «гарачых» канфліктах, што адбываюцца ў свеце. Тhinktanks.by і ваенны аналітык Ягор Лебядок апісваюць, як адбылася гэтая «засветка».


Лівія

Баявыя дзеянні ў Лівіі ідуць паміж Урадам нацыянальнай згоды (прызнаная міжнароднай супольнасцю, падтрымліваецца Турцыяй) і Лівійскай нацыянальнай арміяй. ЛНА складаецца з сіл, лаяльных раней Кадафі, падтрымліваюць гэтае войска ААЭ, Расія, Егіпет (узбраеннем, тэхнікай і жывой сілай).

У 2020 годзе на баку ЛНА была заўважаная беларуская станцыя РЭБ «Гроза-6», якая, паводле некаторай інфармацыі, паказала сябе добра ў барацьбе з турэцкімі БПЛА, што дзейнічалі на баку ПНС. Ёсць два варыянты, як яна туды магла трапіць: 1. Продаж комплексу ААЭ, а тыя паставілі ў Лівію; 2. Станцыя была пастаўленая адной з прыватных ваенных кампаній Расіі, якая ваявала ў Лівіі на баку ЛНА. Другі варыянт больш рэалістычны з пункту гледжання наяўнасці кадраў кіравання комплексаў і іншых нюансаў. Варта ўзгадаць, што Лукашэнка з Прыгожыным ў «самых добрых адносінах».

Расейскія партнёры спрабавалі выкарыстоўваць Беларусь і для дэзінфармацыі па перакідку МіГ-29 у Лівію. У чэрвені для праходжання рамонту ў Беларусь прыбыў Іл-76, што належыць ПНС.

Канфлікт гэты ідзе і ў Беларусі. 27 жніўня група з 30-40 чалавек — прыхільнікаў ЛНА — з раніцы праз плот пранікла на тэрыторыю амбасады ПНС у Беларусі. 21 снежня пасольства паведамляла аб другім штурме. (Гэта яшчэ і да таго, чым бы варта было заняцца ГУБАЗіК замест разбіцця вітрын і лётання з дубінкамі. Арганізаваная група нападае на тэрыторыю амбасады замежнай дзяржавы — і нічога страшнага!).


Карабах

Асноўнае пытанне гэтага канфлікту — прымяненне РСЗА «Паланэз». Нягледзячы на словы палітыкаў і экспертаў (якія зводзяцца да адной крыніцы — словам прэзідэнта непрызнанай НКР), што, маўляў, «Паланэз» ужывалі, асабіста мне не ўдалося знайсці пацвярджэння гэтаму. Пры тым, што пацвярджэнні ўжыванняў іншых ракетных комплексаў ёсць (па відэа пускаў, хваставых частках у месцах разрыву і г.д.). Нават калі іх і ўжывалі, то аб адпаведнасці заяўленых ТТХ комплексаў рэальнаму становішчу спраў сказаць пакуль няма чаго (на аснове адкрытых крыніц).

Ізраільскія БПЛА Harop запускаліся з установак на шасі МАЗ, актыўна відаць было прымяненне беларускіх прыцэлаў, напрыклад, NV/S-17M. Аб эфектыўнасці прымянення беларускіх РЭБ (а туды пастаўлена тая ж «Гроза-6», напрыклад) пакуль таксама сказаць складана, бо Арменія слаба выкарыстала БПЛА (у параўнанні з Азербайджанам).

Самае важнае ў гэтым канфлікце для Беларусі — размова 2017 года, што ўсплыла цяпер, паміж Лукашэнкам і на той час прэзідэнтам Арменіі Саргсянам, дзе Лукашэнка кажа: «Дай яму раёны (Карабаха), ён (Аліеў) заплаціць, ён табе прапаноўваў 5 мільярдаў на першым этапе». Гэта добрая ілюстрацыя разумення Лукашэнкі тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржавы —усё прадаецца, пытанне толькі кошту.

Дарэчы, 4.10.2020 Лукашэнка заявіў, што «апошнія паўгода з боку Беларусі па лініі ваенна-прамысловага комплексу Азербайджану ніякіх паставак ваенных грузаў не ажыццяўлялася». Але ў верасні наш закрыты экспарт туды быў 1,1, а ў кастрычніку — 7,1 млн долараў...


Украіна

З’явілася інфармацыя, што «Промабаронэкспарт» Украіны імпартаваў праз польскую фірму PHU LECHMAR адзін мільён беларускіх халастых патронаў 5.45х39 мм вытворчасці БСВТ-НТ. Сума імпарту — 342,5 тыс долараў. На фоне шэрагу расійскіх публікацый яшчэ са студзеня 2020 года аб пастаўках новых патронаў ва Украіну я б успрыняў гэтую гісторыю як шараговую расійскую інфармацыйную кампанію. Але ўсё ж, у сакавіку 2020 года Беларусь па закрытых пазіцыях паставіла ў Польшчу прадукцыю на суму $ 155,4 тыс (у студзені, лютым, красавіку паставак не было), што супастаўна з коштам партыі ў 1 млн халастых патронаў.

Пастаўкі ў Польшчу закрытай прадукцыі працягваліся і ў траўні-жніўні, кастрычніку: 388, 346, 652, 112 і 162 тысяч долараў адпаведна (усяго за студзень-кастрычнік 1,8 млн долараў).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: