Туніс адмяніў візы для беларусаў

Урад Туніса прыняў рашэнне аб адмене ўязных віз для грамадзян Беларусі, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. 



«Для ўезду грамадзяне нашай краіны павінны мець дзейныя пашпарты і праязныя дакументы. Знаходжанне на тэрыторыі Туніса не павінна перавышаць 90 сутак», — сказаў Мірончык. Пры гэтым прэс-сакратар МЗС не назваў дату прыняцця адпаведнага рашэння туніскімі ўладамі, адзначае БелаПАН.

Паводле яго слоў, беларускае МЗС вітае такі крок туніскага боку. Аднак Мірончык звярнуў увагу на тое, што ў Тунісе яшчэ не адменены рэжым надзвычайнага становішча, уведзены пасля двух рэзанансных тэрактаў. «Туніскія ўлады і ваеннаслужачыя прымаюць меры па забеспячэнні бяспекі замежных турыстаў у курортных зонах. Тэрарыстычная пагроза ў краіне захоўваецца, стопрацэнтнай гарантыі бяспекі замежных грамадзян няма», — сказаў прэс-сакратар.

30 чэрвеня ў сувязі з чарговым тэрактам у Тунісе МЗС рэкамендавала беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў гэтай краіне, выконваць максімальна магчымыя меры засцярогі і ўстрымацца ад наведвання месцаў з вялікай колькасцю людзей. Мірончык нагадаў, што гэтыя рэкамендацыі застаюцца ў сіле.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: