«Турэмшчыкі яўна атрымалі загад давесці ўмовы адседкі да катаванняў»

Пра свае суткі Свабодзе распавядае Сяргей Чаравака, 36-гадовы мінчук. Ён выйшаў з ізалятара ў Жодзіне, дзе заканчваў адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у ланцугу салідарнасці ва Уруччы 2 кастрычніка.


"Першыя 5 дзён арышту адбыў на Акрэсціна, прычым сядзеў як у ізалятары часовага ўтрымання, гэтак і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А потым яшчэ 5 дзён — у ізалятары Жодзінскай турмы.

Магу параўнаць. Але агульнае ўражанне — паўсюль стала горш, чым раней. Турэмшчыкі яўна атрымалі загад давесьці ўмовы адседкі да катаванняў, каб людзі панічна баяліся зноў трапіць за краты.

Амапаўцы пры перавозцы затрыманых у райаддзелы міліцыі, і супрацоўнікі ізалятараў зноў сталі жорстка збіваць пратэстоўцаў, і гэта таксама не проста свавольства, а мэтанакіраваная тактыка.

Яшчэ ў ізалятары на Акрэсціна я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзмітрыем, якому пасля затрымання амапаўцы зламалі два рабры. Потым з Дзьмітрыем я аказаўся на адным этапе ў Жодзіна.

Яго затрымалі каля маршу з сябрам, калі выходзілі з крамы, а на ім быў наш сцяг. А тут АМАП. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. За мову іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.

Не разумею, як маглі лекары з 3-га шпіталя, куды яго завезлі з райаддзелу, пагадзіцца на тое, каб яго зноў адправілі на Акрэсціна! Там медычнай дапамогі не было зусім, і ў Жодзіне тое самае.

Але Дзіма трымаўся. Ён цікавы яшчэ тым, што ўжо другі раз за час пратэстаў трапіў на суткі і не баіцца зноў в
Ва ўсіх трох ізалятарах, у якіх я пабываў, шмат тых, каго затрымлівалі паўторна. Таму яны і злуюць, і не толькі б’юць, але і ўмовы ўтрымання ператварылі ў катаванне.

Сукамернікі расказвалі пра хлопца, які раней служыў у частцы ўнутраных войскаў 3214. Амапаўцы, калі даведаліся, дзе ён служыў, збілі яшчэ больш жорстка, бо палічылі здраднікам. Расказвалі таксама пра майго земляка, Валодзю з Салігорску. Яго гэтак збілі, што як прывезлі, не мог надзець чаравікі. А за гэта яго зноў білі. Ён не мог зразумець, дзе знаходзіцца, пачаў трызніць, і яго некуды павезлі. Можа нават у Навінкі — ніхто не ведае.

За кратамі я сядзеў з 2 па 12 кастрычніка. Абыходжанне з вязьнямі на вачах пагоршылася яшчэ на Акрэсціна, але асабліва пагоршылася ў Жодзіне.

Як па мне, дык катаванне святлом, можа, самае важнае. У камеры заўсёды, і цягам ночы, гарыць электрычнае святло, таму немагчыма нармальна выспацца. Асабліва дастаецца тым, хто ляжыць на верхніх ярусах. На Акрэсціна казалі, што ў іх зламаліся нейкія рэле, а ў Жодзіне нічога і не тлумачылі. Да таго ж сярод ночы маглі падняць камандай, альбо ўключалі нейкую прыладу, якая выдае перыядычныя глухія сігналы. Ужо два дні, як выйшаў на волю, але нармальны сон дагэтуль не аднавіўся. Плюс баляць вочы.

За пяць дзён была толькі адна прагулка на 15 хвілін, ніводнага разу не звадзілі ў душ, і яшчэ тое, што ўдзень забаранілі сядзець ці ляжаць на ложках.

Гэтак у Жодзіне пачалося нядаўна. Вывесілі новыя правілы, паводле якіх удзень прылегчы на ложак цяпер нельга, нават сесці нельга. Ёсьць невялікая лаўка каля стала, але на ёй доўга не ўседзіш, такая вузкая. Камера 6 на 2 мэтры, і ўявіце, што ў такой камеры пасьля 9 жніўня на працягу тыдня было 30 чалавек! Дык яны не сядзелі, а ўвесь час стаялі. Да нас пасля Маршу годнасці ў камеру раніцай панядзелка прывялі арыштантаў. І што? Людзі стомленыя допытамі і аглядамі, іх ноччу вазілі па этапе з Мінску ў Жодзіна, а ў камеры нават прылегчы нельга!

Туалетную паперу нібыта выдаюць, але не адразу рулён, а кожны раз трэба прасіць, як узнікае патрэба. І таму ад ахоўніка можна пачуць ультыматум, што вось не дасць паперы, дык будзеш рукой карыстацца. І такое сапраўды бывала. Увогуле на кожным кроку да нас ставяцца, як да злачынцаў. Ахоўнік уваходзіць у камеру — трэба ўсім падняцца і стаць да сцяны тварам, рукі за спінай. Хіба гэта не прыніжэнне?

Мне 36 гадоў, родам з Салігорскага раёну, але доўгі час жыву ў Мінску. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, ведаю французскую, ангельскую, італьянскую мовы, дадаткова навучаўся эканоміцы. Працаваў менеджарам у аўтафірме, улетку ледзь не ўладкаваўся ў ІТ-кампанію, але з прычыны апошніх падзей страціў гэтую перспектыву і цяпер зноў шукаю працу.

З'яжджаць нікуды не хачу. Мне Беларусь вельмі падабаецца. Тут у мяне сыны падрастаюць, сваякі, сябры. Калі ўдасца прыбраць гэтых хлопцаў ад улады, а я ў гэта веру, краіну адбудуем вельмі хутка — дзеля гэта ўсё ёсць“.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: