У Віцебску затрымалі пракурора горада. Генпракуратура: не затрыманы, а звольнены

У Віцебску, па не пацверджанай афіцыйна інфармацыі, затрыманы пракурор горада — 48-гадовы Юрый Раманоўскі. Пра гэта TUT.BY паведамілі некалькі не звязаных адзін з адным крыніц.

— Пракурор горада Віцебска Юрый Раманоўскі затрыманы пры атрыманні хабару — на сваім працоўным месцы. Затрымлівалі яго супрацоўнікі КДБ. Раманоўскага адвезлі ў Мінск, — паведаміла TUT.BY крыніца ў гарадской пракуратуры.

Адна крыніца сцвярджае, што затрыманне адбылося ў пятніцу, 22 студзеня, у канцы працоўнага дня. Іншая ж распавяла TUT.BY, што гэта адбылося раней, але сапраўды на мінулым працоўным тыдні.

У прыёмнай пракуратуры Віцебска TUT.BY у сераду паведамілі, што «Юрыя Уладзіміравіча няма, ёсць выконваючы абавязкі».

Выконваючы абавязкі пракурора Віцебска Кірыл Дубоў (раней — намеснік Раманоўскага) адмовіўся ад каментароў.

На сайце пракуратуры Віцебска ў графе «пракурор» інфармацыя адсутнічае. Яшчэ ў пятніцу, 22 студзеня, там стаяла прозвішча Раманоўскага.

TUT.BY спрабаваў атрымаць афіцыйны каментар прадстаўнікоў абласной пракуратуры, Генпракуратуры, УСК па рэгіёне, КДБ. Звязацца ні з кім не ўдалося.

Старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі атрымаў прызначэнне на пасаду пракурора Віцебска 7 мая 2013 года.

У органах пракуратуры Віцебскай вобласці служыць са студзеня 2000 года. Працаваў памочнікам, старшым памочнікам пракурора Кастрычніцкага раёна Віцебска; пракурорам, старшым пракурорам аддзела па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю і дазнаннем пракуратуры вобласці; старшым памочнікам пракурора вобласці па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў; начальнікам аддзела пракуратуры вобласці па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў; пракурорам Першамайскага раёна Віцебска.

Дапоўнена: Генпракуратура абвергла інфармацыю аб затрыманні і завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага, піша reform.by.

«Інфармацыя пра нібыта яго затрыманні і завядзенні ў дачыненні да яго крымінальнай справы не адпавядае рэчаіснасці», — заявілі ў Генпракуратуры.

Разам з тым паведамляецца, што Юрый Раманоўскі сапраўды быў звольнены з органаў пракуратуры на мінулым тыдні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: