«Тут судзяць Беларусь свабодную»

Нягледзячы на закрыты суд родныя палітвязняў прыехалі падтрымаць іх у Магілёў.

Раніцай 12 траўня ў Магілёве пачаўся працэс над сямю палітвязнямі, якіх абвінавачваюць у масавых беспарадках: Паўлам Севярынцам, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам, Ірынай Шчаснай, Дзмітрыем Казловым. Судовы працэс зрабілі закрытым, сваякі не змаглі трапіць у залу пасяджэнняў. Яшчэ да пачатку ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць паітвязняў, разагнала міліцыя і АМАП, былі затрыманы прынамсі тры чалавекі. Мы паспелі пагутарыць з некаторымі яшчэ да таго, як пачаўся разгон.

Падтрымаць зняволеных да Магілёўскага абласнога суда раніцай 12 траўня прыехала каля двух дзясяткаў чалавек з Мінска, Віцебска, Бабруйска, Магілёва. Але мала таго, што іх не пусцілі ў будынак суда, міліцыянты вышчымілі іх з прысудовай тэрыторыі. Так, маёр міліцыі Карнеенка, выйшаўшы з суда да прысутных, паведаміў: «На дадзены момант вядуцца ўкіды інфармацыі ў сетцы інтэрнэт з заклікамі прыйсці да будынка Магілёўскага абласнога суда і зладзіць там несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Калі ласка, пакіньце дадзенае месца».


Але, адагнаўшы людзей ад суда, міліцыянты і амапаўцы зладзілі аблаву на іх яшчэ і ў бліжэйшых дварах. Карэспандэнты «Новага Часу» ўбачылі, як затрымлівалі траіх: журналістаў Аляксандра Буракова, Уладзіміра Лапцэвіча, а таксама магілёўскага абласнога каардынатара БХД Алега Аксёнава.

«Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму»

Сястра актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага Алена Церашкова прыехала да Магілёўскага абласнога суда не з пустымі рукамі — яна прывезла перадачу для брата ў магілёўскую турму №4. Жанчына спадзявалася, што судовыя работнікі праявяць хоць кроплю чалавечнасці і дазволяць хаць краем вока ўбачыць зняволеных, якіх родныя не бачылі ўжо шмат месяцаў. У прыватнасці, Максім знаходзіцца ў зняволенні са студзеня, ён падазраваны па ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

— Натуральна, нас абурае і расстройвае, што працэс хочуць закрыць, — гаворыць Алена Церашкова, — Макс спадзяваўся, што суд стане пляцоўкай, дзе можна будзе выказаць сваё стаўленне (да таго, што адбываецца. — НЧ) публічна. Але ён сваю пазіцыю ў сувязі з гэтым не памяняе: абвінавачанне бязглуздае. Мы жывем у рамках Канстытуцыі, і дзіка ўсведамляць, што нашыя абсалютна натуральныя для грамадзян сваёй краіны паводзіны спрабуюць інтэрпрэтаваць як нейкі экстрэмізм, што не адпаявдае рэчаіснасці, і мы будзем стаяць на гэтай пазіцыі — і тыя, хто тут, і тыя, хто там (у зале суда. — НЧ).


Матэрыялы справы мне невядомыя і цяжка судзіць, чаму гэтых сем чалавек аб’ядналі ў адну справу, але я магу сказаць адно: гэта ўсё — годныя людзі Беларусі. Як на шмат якіх іншых працэсах, тут судзяць Беларусь свабодную, тут судзяць грамадзян, якім ужо больш за 20 гадоў неабыякавы лёс краіны. Таму я думаю, што духоўна яны сапраўды блізкія адно аднаму, а што прыпляло следства — спадзяюся, даведаемся.

Наконт таго, ці ёсць нейкія сакрэтныя звесткі ў тых тэлеграм-каналах, якія чытала ўся краіна, — гэта смешна нават абмяркоўваць. Я думаю, справа ў тым, што сумленне ў суда не зусім чыстае, таму яны не хочуць лішніх вачэй.

Мы былі маральна гатовыя (да затрымання Максіма. — НЧ), таму што агульны фон рэпрэсій у нашай краіне не дазваляў меркаваць, што гэта нас абміне. Мы робім тое, што можам, падтрымліваем. Мы ў думках з усімі рабятамі, і дзякуй тым, хто перадае перадачы не толькі сваім родным, але і дапамагае іншым. Як можам, так і праяўляем салідарнасць. Мы не будзем спадзявацца на вызваленне ў зале суда альбо на нейкія іншыя станоўчыя прысуды. Мы гатовыя да самых жорсткіх прысудаў, і мы будзем працягваць падтрымліваць гэтых людзей, бо гэта нашыя сябры, сваякі — лепшыя людзі Беларусі. Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму, ён цалкам усведамляе, што яго можа чакаць працяглы тэрмін. Але мы ўсе ведаем, што рана ці позна мы прачнемся ў іншай Беларусі, і гэта будзе нашмат раней, чым пройдзе гэты тэрмін.

Праз адваката Максім не жаліўся на здароўе. Адзінае, што яго непакоіць, гэта нага, якую яму пашкодзілі яшчэ ўвосень падчас правакацыі. Яго збілі ў парку невядомыя, некалькі чалавек накінуліся, і ён літаральна цудам ад іх уцёк. Потым зразумеў, што пашкоджана нага, некалькі месяцаў кульгаў. На Валадарцы яму аказвалі дапамогу, некалькі разоў калолі «Дыклафенак», яму стала лепей. Ён трымаецца — а можа, проста не хоча хваляваць сваіх родных.

Важна, каб мы не забываліся, што мы не адны, і што шмат людзей вакол нас таксама мае патрэбу ў нашай падтрымцы. Чым лепей мы падтрымліваем адно аднаго, тым лягчэйшы цяжар кожнага. Таму салідарнасць — гэта наша ўсё, гэта адзіны правільны шлях, які можа вывесці ў новую Беларусь. Не апускаць рукі і змагацца даюць сілы гістарычныя прыклады. Гісторыю нельга павярнуць назад: кожная дыктатура мае свой лагічны канец, кожны дыктатар рана ці позна «з’есць свае фінікі» і акажацца ў сітуацыі, калі яго ўлада не зможа нічога змяніць. І ў гэты момант мы павінны быць моцнымі. Нам спатрэбіцца яшчэ вельмі шмат сіл, каб аднаўляць краіну, рабіць стасункі ў ёй чалавечнымі, бо за 26 гадоў з нашай краіны зрабілі гета, дзе мы баімся падняць галаву, даносім адно на аднога — гэта недапушчальна. Нам трэба заставацца людзьмі, браць адказнасць на сябе.

«Тыя, хто ставіць нам перашкоды, павінны бачыць хвалю нашай падтрымкі»


Сябра каманды Паўла Севярынца Зміцер Казакевіч прыехаў на закрыты суд у Магілёў, каб хоць неяк падтрымаць палітыка і іншых палітвязняў.

Я лічу іх закладнікамі рэжыму, гэта людзі, якія змагаліся «за нашу і вашу свабоду», яны паплаціліся сваёй воляй дзеля волі нашай краіны. Я лічу, што ўсе мы — нераўнадушныя беларусы — павінны любымі спосабамі падтрымліваць рабят: прыязджаць у суды, пісаць лісты, падтрымліваць іх блізкіх. Няхай нас сёння не пусцілі ў будынак суда, але тыя, хто ставіць нам перашкоды, не пускаюць у суды, крадуць лісты ў палітвязняў павінны бачыць хвалю нашай падтрымкі. Няхай яны ствараюць нам праблемы, але гэта ўсё не пройдзе проста так. Мы не павінны здавацца. Я і надалей буду падтрымліваць палітзняволеных і хацеў бы, каб усе рабілі тое ж самае. На жаль, я не чакаю нічога добрага ад гэтага судовага працэсу, я разумею, што рабяты трапілі ў палон і наўрад ці іх выпусцяць. Але я спадзяюся, што рознымі рычагамі, у тым ліку і знешнім ціскам, атрымаецца дамагчыся іх вызвалення. І я вельмі хачу спадзявацца, што, якія б тэрміны ім не далі, хутка яны будуць дома.

«Кожны выбірае сам — баяцца ці не»


«Мы — родныя», — гавораць магіляўчанкі Алена Чыгарова і Святлана, маючы на ўвазе не кроўнае сваяцтва са зняволенымі, а роднасць па духу. Жанчыны прыйшлі да суда з паштоўкамі і белымі жаночымі павязкамі на галаву з чырвоным беларускім арнаментам. Такія павязкі ўласнымі рукамі вяжа спадарыня Алена.

Я вяжу з восені шалікі і павязкі. Мне падабаюцца нашыя этнічныя колеры — чырвоныя з белым. Мяне ўжо забіралі восенню за шалікі, але кожны выбірае сам — баяцца ці не. Або вы пагаджаецеся і жывеце ў фашысцкай дзяржаве, дзе вам дыктуюць, што апранаць, а што не, альбо не пагаджаецеся. Мы ведаем па гітлераўскай Германіі, да чаго гэта прывяло. Таму мы павінны адстойваць сваю годнасць і свабоду. Нават калі адзін паводзіць сябе свабодна — гэта ўжо добра.

Па жэрабю выпала, што гэтых людзей судзяць у нашым горадзе. Вядома, іх не прыедзе падтрымаць Мінск, Полацк, Гродна, Гомель, іншыя гарады. Але тут ёсць мы. Кагосьці з нашых будуць сузіць у іншым горадзе, і там іх прыйдуць падтрымаць мясцовыя. Усе мы — за адну ідэю: свабоду і дэмакратыю. Я хачу, каб быў дэмактратычны строй, свабодная эканоміка, а не тое, што цяпер: прадпрыемствы абяцалі запусціць — і запусцілі, толькі ў іншым сэнсе гэтага слова, — падзялілся спадарыня Алена.


«Маральна настройваюся, што пасядзець яму давядзецца»

Сям’я сустрашыні БХД Паўла Севярынца прыехала ў Магілёў амаль у поўным складзе: жонка палітыка Вольга, Маці Таццяна, сёстры Ганна і Дар’я. Родныя звярталіся да суддзі Ірыны Ланчавай, каб яна дала дазвол ім упершыню амаль за год зняволення пабачыць сына, мужа і брата.


— Суд зрабілі закрытым, бо там няма нічога, справа высмактаная з пальца. Я прасіла, каб за некалькі хвілін да суда нас пусцілі ў залу — мяне, нявестачку і маіх дачок, сясцёр Паўла, каб мы маглі яго проста пабачыць. Разумееце, для мяне гэта быў бы як подых жыцця, — распавяла Таццяна Севярынец. — Ад гэтага працэсу я чакаю несправядлівага выраку. Пры гэтай сістэме я не магу чакаць нічога добрага для Паўла. Яна даказала, што яна антычалавечая, фашысцкая, гатовая знішчыць любога чалавека, які думае інакш. Але я сваім сынам ганаруся, як і сваімі дочкамі.

— Мы спадзяваліся, што нас пусцяць хаця б на 10 хвілін перад пачаткам суда, як гэта рабілі на іншых працэсах. Але моцнай надзеі не было, ехалі хутчэй, каб яны ўбачылі, што родныя не пакінулі вязняў. Дома сядзець цяжэй, чым тут, — гаворыць Вольга Севярынец. — За год Францішак вельмі вырас, зрабіў вялікі крок у развіцці. Цяпер у нас ёсць няня, і стала крыху прасцей. Мы стараемся займацца Пашавымі справамі. Хацелася ўжо неяк гэта крыху адсунуць, але не атрымліваецца, бо я разумею, што цяпер на вастрыні часу — справы, звязаныя з Беларуссю. Будзем вырашаць праблемы па меры іх паступлення: цяпер у нас этап судоў, і я буду ездзіць сюды кожны дзень, стаяць у іх над душой. Пасля, калі будзе прысуд, будзем старацца прыняць яго і дапамагаць Паўлу, каб яму было прасцей яго пераадольваць. Я для сябе вызначыла псіхалагічную мяжу ў 5 — 6 гадоў. Лепш падрыхтавацца да горшага. Спадзяюся, што 6 год ён сядзець не будзе, за гэты час сітуацыя кардынальна зменіцца. Але я маральна настройваюся, што пасядзець яму давядзецца. Паша таксама настроіўся, што ён адсядзіць столькі, колькі яму наканавана, бо паўплываць на гэта ён не можа. У лістах ён пісаў, што на судзе будзе маўчаць. Бо на няправедным судзе Хрыстос маўчаў,і Павел, як вернік, сказаў, што не будзе даваць ніякіх паказанняў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: