«Тут вырашаецца больш, чым на Плошчы». Курапацкая варта працягнецца, нягледзячы на малалікасць

Увечары 3 чэрвеня, у 32-гадавіну адкрыцця Курапатаў, быў абвешчаны збор удзельнікаў Варты ля рэстарацыі «Поедем поедим». Кампанія сабралася нешматлікая — каля дзясятка актывістаў. І калі адны адстойвалі неабходнасць працягваць Варту, што доўжыцца ўжо два гады, іншыя не хавалі свайго расчаравання.
Па дарозе да Курапатаў сустракаю сталага ўдзельніка Варты Рыгора Асаулу. Запытваюся, што для яго Курапаты і чаму ён працягвае хадзіць на пікетаванне. Высвятляецца, у яго на гэта — дзве асабістыя прычыны. Першая — шанаванне памерлых. Па словах спадара Рыгора, у яго разуменні на могілках (чым, па сутнасці, і з’яўляюцца Курапаты) нельга нават гучна размаўляць, не тое што ладзіць шумныя гулянкі, якія прапануе рэстаран. Другая прычына — развагі пра тое, чаму стаў магчымы 1937 год і рэпрэсіі. Адзін з продкаў Рыгора Асаулы атрымаў 10 гадоў лагераў. Ён вярнуўся, але высылка моцна адбілася на ім: Рыгор запомніў, як сярод летняй спёкі яго дзед апранаўся ў ватоўку і мехавую шапку…

Падыйшоўшы да рэстарана, бачым некалькі чалавек. Сярод іх — спадарыня Ніна Багінская, яна на Варце з 16 гадзін. За тры гадзіны яна паспела запісаць нумары 26 машын, што заехалі ў рэстарацыю.

Ніна Багінская запісвае нумары машын, якія прыязджаюць у «Поедем поедим»

Ніна Багінская запісвае нумары машын, якія прыязджаюць у «Поедем поедим»

Пакрысе падыходзяць іншыя абаронцы. Не змаглі далучыцца да сходу тыя, хто заклікаў сабрацца сёння на Варту: Ганна Шапуцька мусіла сыйсці на каранцін, Павел Севярынец аказаўся заблакаваны супрацоўнікамі ў цывільным, якія дзяжурылі ля яго дома.

Хоць у звычайным разуменні сходу не атрымалася, абаронцам Курапатаў было што абмеркаваць. Перадусім — гэта вынікі двухгадовага супрацьстаяння з уладальнікамі рэстарацыі.

— Мы паказалі людзям, што такое Курапаты, яны даведаліся, што тут адбывалася, — гаворыць актывіст Леанід Кулакоў. — Рэстаран у мінусах!

— Калі людзі перамогуць на Плошчы, яны будуць вырашаць пытанні. А навошта тут стаяць — я не разумею! — выказваецца ўдзельнік Варты Валер Рабцаў.

 Тут вырашаецца нашмат больш, чым на Плошчы, — не пагаджаецца Рыгор Асаула. — Варта паказвае адно: лёгкіх перамогаў няма. Гэта доўгатэрміновая справа. Наскокам такія пытанні не вырашаюцца.

Валер Рабцаў (злева), Леанід Кулакоў (другі справа), Рыгор Асаула (справа)

Валер Рабцаў парыруе: калі напачатку Варта налічвала па 20 – 30 удзельнікаў штодня, то цяпер нават не ўсе дні тыдня закрытыя.

 Навошта ўвогуле гэтыя пару дзён закрываць? Каб адцягнуць актывістаў ад пратэстнага руху? — не разумее актывіст.

Але Рыгор Асаула пераконвае: рэсурсу мала нават для таго, каб стаяць на Варце, не кажучы ўжо пра пратэстны рух. Але Курапаты павінны заставацца тым, чым яны ёсць: сакральным месцам для беларусаў.

 Калі мы, народ, не адстаялі гэты маленькі лапік зямлі, няўжо мы адстаім усю краіну? — дадае Леанід Кулакоў. 

Па яго словах, Варта абароны Курапатаў дала свой плён: шмат хто, даведаўшыся ад абаронцаў пра Курапаты і рэстаран, з’язджалі адсюль, многія выказвалі салідарнасць: прыязджалі, каб паціснуць руку, падзякаваць за Варту, пачаставаць нечым.

Сярод сталых удзельнікаў абароны Курапатаў заўважаю зусім новы твар. Дзяўчыну ў чырвоным спартовым касцюме і медычнай масцы, якая прыехала да рэстарана на ровары, клічуць Наталля, яна дзіцячы доктар, зусім не звязаная з палітыкай, хаця пра Курапаты ведае даўно. На Варту яна прыйшла першы раз за два гады, дый даведалася пра тое, што тут ідзе супрацьстаянне, зусім нядаўна. Думала, што ўдзельнікі Варты абараняюць Курапаты ад вандалаў, і толькі на месцы даведалася, што вандалы — гэта ўласнікі «Поедем поедим», якія незаконна пабудавалі сваю ўстанову ў зонах аховы мемарыяла.

— Напэўна, ужо няма куды абурацца і здзіўляцца, але калі я прачытала ў сакавіку ў нейкім часопісе пра чарговыя доказы «нямецкага следу» ў Курапатах, здзівілася, — кажа Наталля.

З Курапатаў пачалося наша Адраджэнне, лічыць заўсёдная ўдзельніца Курапацкай варты Ніна Багінская.

 Таму я нават не ведаю, што рабіць. Калі моладзь зможа выстаяць, я буду прыходзіць і дапамагаць, — гаворыць спадарыня Ніна.

Але пакуль выглядае на тое, што на такіх людзях, як Ніна Багінская, Варта абароны Курапатаў і трымаецца.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: