Твары #БНР100. Шукайце сябе на фота!

Напэўна, такія падзеі можна ацаніць толькі праз гады. Пакуль зразумела, што адбылося нешта грандыёзнае. Пяцьдзясят тысяч чалавек прыйшлі адзначыць Дзень Волі. Прыйшлі з дзецьмі, з нацыянальнай сімволікай, віншавалі адзін аднаго, спявалі і скандавалі "Жыве Беларусь" і "Слава Украіне". А сцягі луналі нават літоўскія.
.
У Мінску ля Опернага тэатра панавала сапраўды святочная атмасфера, людзі слухалі і падтрымлівалі любімых музыкаў, тыя віншавалі са святам і згадвалі палітвязняў... І не сказаць, што людзі проста прыйшлі на дармовы канцэрт. Пагуляць, пастасавацца са знаёмымі — так бы мовіць, пабыць.

Міжволі задаешся пытаннем: такая вакханалія дазволенага, што далей?


Былі ж за дзень і нядобрыя званочкі, хоць іх гук і патанаў у святочнай атмасферы. Каля агароджы, на вуліцы, супрацоўнік у цывільным папрасіў хлопца зняць бел-чырвона-белы шалік з Пагоняй, маўляў, унутры насіце, а тут не трэба. Хлопец, праўда, спакойна пакрочыў у шаліку далей, зрабіўшы выгляд, што развязвае яго.


Кажуць, што на выхадзе міліцыя ў кагосьці спрабавала забраць сцяг.


Студэнты распавядалі што іх дэканат папярэдзіў: трапіце на камеру — выключэнне.

Што далей — будзем бачыць, а пакуль народ разышоўся па дамах, натхнёны супольным спяваннем "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" на завяршэнне свята.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!