Тых, хто не баіцца, не напалохаеш. Найважнейшае за 27 жніўня

Да спробаў застрашыць беларускі народ, падключылася Расія. Гэта самы кепскі крок, якая яна магла зрабіць. І асэнсаваўшы гэта, расійскае кіраўніцтва крыху «здало назад». А ў астатнім — пратэст трывае — нягледзячы на арышты і запужванні. Беларусы перасталі баяцца.


Сацсеткі былі ўзбуджаныя заявай Пуціна пра тое, што ў Расіі сфармаваны рэзерв сілавікоў, якія могуць прыйсці на дапамогу Лукашэнку. Як патлумачыў расійскі кіраўнік, «Ён (Лукашэнка — рэд.) паставіў пытанне аб тым, што хацеў бы, каб мы аказалі па неабходнасці яму адпаведную дапамогу. Расія выканае ўсе свае абавязацельствы. Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў», — сказаў Пуцін.

Многія занепакоіліся магчымым з’яўленнем у Сінявокай «ветлівых людзей». Аднак «стварыць рэзерв» і «задзейнічаць яго» — рэчы вельмі розныя. Кіраўнік камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі ў той жа час адзначыў, што Масква не мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Так што «стварэнне рэзерву сілавікоў» — падтрымка Лукашэнкі хутчэй маральная, чым уяўная.

Нягледзячы на такія сігналы, пратэст супраць сфальсіфікаваных выбараў у краіне працягваецца ў розных формах. У БДУ, як паведамлялася раней, ужо створаны страйкам, але студэнты і выпускнікі механіка-матэматычнага факультэта гэтага вну дадаткова выступілі са зваротам да дзяржаўных органаў Беларусі. Патрабаванні стандартныя — спыніць гвалт і адвольныя затрыманні, прыцягнуць вінаватых да адказнасці, вызваліць палітвязняў і правесці сумленныя выбары.


Дактары РНПЦ «Кардыялогія» выйшлі на акцыю пасля звальнення дырэктара Аляксандра Мрочака, які кіраваў клінікай 12 гадоў. Акадэмік Мрочак быў звольнены праз палітычныя погляды: ён падтрымаў сваіх супрацоўнікаў, якія выступілі супраць міліцэйскага гвалту.

Да работнікаў РУП «Белэнергасеткапраект»,якія абвясцілі забастоўку 17 жніўня, прыехаў намеснік начальніка Першамайскага РАУС Мінска, палкоўнік міліцыі Сяргей Арцёменка. Ён быў апрануты ў цывільнае адзенне і расказваў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Міліцыянта суправаджаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Андрэй Мацкевіч.


Пасля выступу намесніка начальніка РАУС супрацоўнікі сталі актыўна задаваць яму пытанні. Так, іх цікавіла, ці лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам стаянне ў чарзе, і хто ўвогуле вырашае, ці з’яўляецца пэўная колькасць грамадзян, якія сабраліся ў адным месцы, масавым мерапрыемствам. Супрацоўнікі прадпрыемства зазначылі, што закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Беларусі супярэчыць Канстытуцыі, артыкул 35 якой гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы. Але міліцыянт не захацеў абмяркоўваць гэты аспект.


Каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці, дзе напярэдадні вечарам амапаўцамі падчас зачысткі былі заблакаваныя прыхільнікі пераменаў і журналісты, адбыўся перформанс: ланцуг жанчын расцягнуўся на дзясяткі метраў.

А ўвечары на Незалежнасці ля таго ж касцёлу зноў з’явіліся пратэстоўцы.

У той жа час дзеянні ўлады ўсё больш падрываюць інвестыцыйны клімат у Беларусі. Па апытаннях ІТ-кампаній, ужо цяпер 12 з іх у працэсе поўнага рэлакейту (пакідання краіны), 59 — частковага.

Думаю, што Парк высокіх тэхналогіяў, якім так ганарылася краіна, усё ж прыйдзецца закрыць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: