«Фота не перадае ўсёй атмасферы гэтага дома. Цёмная клінкерная цэгла ручной фармоўкі на фасадзе, белыя створкі вокнаў, блакітныя дзверы, каваны плот — уся гэта прыгажосць формаў і тэкстур дазваляе атрымаць сапраўднае эстэтычнае задавальненне», — апісвалі дом рыэлтары.
Кідаецца ў вочы і вышыня столяў — аж да 6 метраў.


Таўнхаусы на вуліцы Ратамскай. Адным з іх валодала сям'я Баскава. Фота Надзеі Бужан.

Здзелка была заключаная ў верасні 2020 года. Элітная нерухомасць зарэгістраваная на жонку Дзмітрыя Баскава. Як паведаміў тэлеграм-канал Антона Матолькі, афіцыйна дом каштаваў каля $400 тысяч. Калі гэта сапраўды тое, то гаспадар дома знізіў цану ўтрая.
Як стала вядома, за некалькі дзён да дарагой пакупкі Дзмітрый Баскаў прадаў свой таўнхаус у квартале «Алімпік-парк» непадалёку ад Драздоў.
«Алімпік Парк» — жыллёвы комплекс на вуліцы Ратамскай. Яго будуе кампанія «Тапас», звязаная з Паўлам Белым, нападаючым хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Такія таўнхаусы забудоўшчык прадаваў па $300-450 тысяч. Сума гэтай угоды пакуль невядомая, але на паперах можа прыкладна супадаць з коштам куплі дома ў англійскім стылі ў лесе.
Дзмітрый Баскаў

Нарадзіўся ў 1978 годзе. Быў прафесійным хакеістам. Выступаў за юніёрскую зборную Беларусі, але ў дарослым узросце дасягненняў не меў. Пасля сканчэння кар'еры ў 32 гады стаў хакейным трэнерам, трэніраваў дзіцячую каманду «Грыфоны» з Колем Лукашэнкам у складзе. Пасля стаў трэнерам хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.
У 2017 годзе намеснікам старшыні Федэрацыі хакея (цяпер старшыня), з 2018 — генеральны дырэктар хакейнага «Дынама» (Мінск).
Па словах Баскава, да 38 гадоў жыў у здымных кватэрах, а грошы на ўласнае жыллё зарабіў, удала ўклаўшыся ў стартап сяброў.
Сёлета Баскаў стаў уласнікам 15% статутнага фонда скандальнага акумулятарнага завода ў Брэсте. Валодае 11% будаўнічай кампаніі «Датч Стар», уваходзіць у рады дырэктараў «БСБ-Банка».
Скандальную вядомасць атрымаў пасля забойства Рамана Бандарэнкі — мясцовыя жыхары заявілі, што Баскаў быў на Плошчы перамен падчас канфлікту, які прывёў да трагедыі. Неўзабаве ў інтэрнэце з'явіліся аўдыязапісы з голасам, падобным да голаса Баскава.