У Астраўцы колькасць жыхароў падвоіцца: шматкватэрныя дамы пабудаваны для спецыялістаў з Расіі

Астравец ад літоўскіх гарадоў падобнай велічыні адрозніваецца толькі помнікам Леніну ў цэнтры і дошкай гонару, і тым, што на ўскраіне будуюць новыя кварталы шматкватэрных дамоў. У іх паселяцца спецыялісты атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца непадалёк, піша delfi.lt.
DELFI / Kiril Čachovskij

DELFI / Kiril Čachovskij

Нават праблемы падобныя. «Цэны растуць, а пенсіі і зарплаты — не», — адказаў на пытанне «Як жыццё?» адзін з гараджан.

Мужчына праехаў у Астравец з Украіны. Ён заўважыў: «У Кіеве тое ж самае, толькі тут прэзідэнт не мяняецца, а ў нас мяняецца».

Мясцовыя СМІ называюць Астравец «горадам будучыні». Сюды за апошнія некалькі гадоў з'ехаліся тысячы людзей. Гэта звязана з будаўніцтвам АЭС.

Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў АЭС Эдуард Свірыд сказаў DELFI, што цяпер у Астраўцы прыкладна 12 500 жыхароў.

«Плануецца, што гэтая колькасць падвоіцца да 25 000», — сказаў ён.

Ходзяць чуткі, што ў ліку будучых работнікаў ёсць і работнікі Ігналінскай АЭС, якая зачыняецца.

Мясцовы жыхар, з якім размаўляў журналіст DELFI, сказаў, што будаўнічыя працы (бетанаванне) на АЭС ужо амаль завершаны, таму ўкраінцы патроху раз'язджаюцца. Аднак на іх месца прыязджаюць спецыялісты па атамнай энергетыцы з Расіі.

На паўднёвым усходзе Астраўца за апошнія некалькі гадоў з'явіліся некалькі кварталаў шматкватэрных дамоў. У гэтых сямі- і пяціпавярховіках будуць жыць і ўжо жывуць работнікі станцыі. Там ужо адкрыта новая школа і дзіцячы сад.

У Астраўцы ёсць некалькі гасцініц. Sun Hotel, у якім спыніліся журналісты DELFI, упрыгожаны партрэтамі барадатых мужчын і плюшавымі цацкамі. У іншым гатэлі, па словах яго работніцы, часцей за ўсё спыняецца кіраўніцтва станцыі.

«У нас заўсёды занята, жывуць беларусы, расіяне», — сказала яна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!