У Бабруйску за прапаганду нацысцкай сімволікі затрыманы журналіст

Раніцай 9 траўня ў Бабруйску быў затрыманы і дастаўлены ў ІЧУ журналіст Уладзімір Рэпік. Ён паспеў звязацца з калегамі і паведаміў, што яму інкрымінуецца арт. 19.10 КаАП — прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.
Уладзімір кажа, што падставай для затрымання стаў кароткі відэаролік, размешчаны на яго старонцы ў сацсетках.

—Там некалькі хлопцаў збіваюць нацыста у майцы са свастыкай, працягласць роліка — прыкладна 25 секунд. Прычым, гэтаму роліку ўжо некалькі гадоў.

Па словах Уладзіміра, затрымліваў яго ўчастковы міліцыянт, зварот быў карэктным — дазволілі ўзяць неабходную вопратку, сродкі гігіены, медыкаменты, прадукты харчавання. Ператрус у кватэры не праводзіўся.

У мяне цукровы дыябет, таму ежу трэба прымаць па гадзінах і калоць інсулін, — паведаміў 60 гадовы журналіст.

Ён таксама распавёў, што, са слоў участковага, суд адбудзецца 10 траўня.

Уладзімір Рэпік — вядомы бабруйскі журналіст, які спецыялізуецца на тэматыцы шоў-бізнэсу, пастаянны ўдзельнік фестываляў «Залаты шлягер» і «Славянскі базар», аўтар дзясяткаў інтэрв'ю з зоркамі расійскай і беларускай эстрады. У апошнія 3 гады быў фрылансерам і падпрацоўваў начным вартаўніком.

Пару месяцаў таму Уладзімір Рэпік запісаў некалькі відэа-зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі, за якога, як прызнаецца, галасаваў ўсе 26 гадоў. У роліках журналіст просіць дапамагчы яму вырашыць спрэчнае пытанне з домам у вёсцы - маўляў, будынак быў безгаспадарным, ён шмат гадоў выкарыстоўваў яго пад дачу. А цяпер сельсавет прадаў дом выпадковым людзям без уліку яго інтарэсаў. Журналіст не выключае, што гэтыя звароты маглі стаць падставай для падвышанай увагі да яго акаўнтаў у сацсетках з боку праваахоўнікаў.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: