У Бабруйску закрылі дзве палітычныя крымінальныя справы, у завядзенні яшчэ адной — адмоўлена

Адна справа тычылася абразы прадстаўніка ўлады, другая — арганізацыі масавых беспарадкаў, трэцяя — пагрозы гвалту ў дачыненні да міліцыянта.
У Бабруйску спынена праца па трох палітычных крымінальных справах. Дзве з іх вырашылі закрыць, трэцюю — увогуле не ўзбуджаць, паведамляе «Белсат».

Галіна Юшкоўская з лістапада была падазраванай у абразе прадстаўніка ўлады. Жанчыну хацелі абвінаваціць у тым, што яна пісала абразлівыя каментары ў дачыненні двух бабруйскіх міліцыянтаў. У якасці доказу следчыя прыводзілі фота ў Telegram-акаўнце.

Юшкоўская катэгарычна адмаўляла, што гэта яна. Тым не менш, жанчыну выклікалі на допыты, у яе правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон. А 19 лютага і ўвогуле пасадзілі на трое сутак у ІЧУ.

Аднак у той час, калі жанчына была ў зняволенні, каментары з таго акаўнта працягвалі з'яўляцца. Гэта і стала асноўным аргументам абароны. Напрыканцы красавіка Галіна атрымала пастанову пра спыненне крымінальнага пераследу.

Лідара бабруйскай арганізацыі «Беларускага незалежнага прафсаюза» Сяргея Гурло таксама вінавацілі ў абразе бабруйскага амапаўца. Мужчына чакае суду пад падпіскамі аб нявыездзе і неразгалошванні. Але 30 красавіка ён атрымаў ліст з пастановай аб адмове ў завядзенні супраць яго яшчэ адной крымінальнай справы (за арганізацыю масавых беспарадкаў) і дзвюх адміністратыўных спраў.

Напрыканцы красавіка пра спыненне справы за пагрозу гвалту ў дачыненні міліцыянта даведаўся Уладзімір Лазараў, які яшчэ летась быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за крымінальнага пераследу. Нягледзячы на спыненне справы, Уладзімір пакуль не плануе вяртацца дадому, бо не давярае беларускім міліцыянтам і ўладам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: