У Баранавічах упаў і разбіўся ваенны самалёт

«Добры дзень, толькі што ў горадзе разбіўся самалёт», — такое паведамленне з'явілася каля 12.40 19 траўня. Пазней Мінабароны пацвердзіла, што абодва лётчыкі, якія знаходзіліся ў самалёце, загінулі.


Пра падзенне ваеннага самалёта ў Баранавічах адной з першых у рэдакцыю «Intex-press» паведаміла жыхарка 16-павярховіка ў Паўднёвым мікрараёне. Паводле слоў жанчыны, чацвёрка самалётаў адпрацоўвала палёты, адзін з іх упаў.



— Ён круціў трукі, потым нешта ў яго здарылася, ён страціў вышыню, яго стала штарміць, ён стаў сыходзіць ад горада і ўпаў дзесьці ў баку Усходняга, наўрад ці нават паспеў за горад паляцець, — распавяла гараджанка.

Паводле слоў жанчыны, яна бачыла выбух і дым.


Як стала вядома з кампетэнтных крыніц, самалёт разбіўся ў раёне вуліцы Фестывальнай. Паводле папярэдняй інфармацыі, пілот паспеў катапультавацца, але ён у цяжкім стане.

Паводле звестак уладнай газеты «Наш Край», самалёт узлятаў з аэрадрома ў кірунку Усходняга мікрараёна. На ўзлёце ён урэзаўся ў прыватны дом на вуліцы Розы Люксембург. «НК» піша, што пілот загінуў.

Адмыслоўцы па фотаздымках зазначаюць, што аскепак крыла па размалёўцы падобны да камуфляжу беларускіх «Як-130» — гэта ваенна-навучальны самалёт.

21-22 траўня ў Баранавічах будзе адзначацца Дзень горада. У праграме свята пазначана авіяшоу. Хутчэй за ўсё, самалёт выконваў трэніровачны палёт для ўдзелу ў шоу.

Як адзначае выданне «The National Interest», Як-130 з'яўляецца малабюджэтнай баявой машынай, своеасаблівай альтэрнатывай дарагім шматмэтавым знішчальнікам для невялікіх краін. Гэты вучэбна-баявы самалёт з'яўляецца адным з самых сучасных у Беларусі — партыя была закуплена ў Расіі ў 2015-2016 гадах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: